Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік Цапкалы сьцьвярджае, што ПВТ ня ўдзельнічаў у праекце Оbamacare


Адміністрацыя Парку высокіх тэхналёгіяў на запыт Радыё Свабода выказала сваё стаўленьне да вэрсіі пра ўдзел беларускіх праграмістаў у стварэньні амэрыканскага сайту Healthcare.gov.

Афіцыйны ліст адміністрацыі ПВТ называецца «Сучасныя тэхналёгіі ня маюць нацыянальнасьці».

«Адміністрацыя Парку высокіх тэхналёгіяў зьдзіўленая фантазіяй падачы матэрыялу і свабоднай інтэрпрэтацыяй фактаў журналістамі сайту freebeacon.com пра праграмныя распрацоўкі беларускіх адмыслоўцаў. Яшчэ больш зьдзіўляе, што публікацыя на сайце стала асновай для палітычных дыскусіяў і нават знайшла адлюстраваньне ў матэрыялах вядучых інфармацыйных агенцтваў і СМІ», — гаворыцца ў лісьце.

Даведка Радыё Свабода: ПВТ

Парк высокіх тэхналёгіяў (ПВТ) — адмысловая эканамічная зона з ільготным падаткова-прававым рэжымам.

Мэта ПВТ — стварэньне спрыяльных умоваў для распрацоўкі праграмнага забесьпячэньня і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў.

Плошча ПВТ — 50 гектараў. Месьціцца на ўскрайку Менску.

Ідэя стварыць беларускі аналяг «Крэмніевай даліны» пачала абмяркоўвацца ў 2004 годзе. У 2005-м Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 12 «Аб Парку высокіх тэхналёгіяў».

У верасьні 2012 году сумарны прыбытак ПВТ за ўвесь час дайшоў да мільярда даляраў.

ПВТ — адзін з найбуйнейшых ІТ-кластэраў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

На 1 лістапада 2013 года году ў ПВТ было зарэгістравана 134 кампаніі.

Агульная колькасьць супрацоўнікаў — больш за 16 тыс. чалавек.

Афіцыйны сайт: http://www.park.by/

Дырэктар ПВТ — Валер Цапкала, які ў 1997–2002 быў амбасадарам Беларусі ў ЗША, а да гэтага 3 гады займаў пасаду намесьніка міністра замежных спраў.

У Назіральную раду сярод іншых уваходзяць:

  • памочнік прэзыдэнта Ўсевалад Янчэўскі
  • памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды
  • намесьнік начальніка Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, начальнік управы абароны інфармацыі Сяргей Капарыха
  • рэктар БДУІР Міхаіл Батура
  • дырэктар ПВТ Валер Цапкала

Іншыя факты пра ПВТ:

  • больш за 30% супрацоўнікаў — жанчыны
  • больш за 70% супрацоўнікаў маюць узрост да 28 гадоў
  • кліенты ПВТ — кампаніі з 50 краінаў сьвету
  • 87,4% прадукцыі ПВТ ідзе на экспарт: 39% пастаўляецца ў ЗША і Канаду, 48% — у краіны Эўропы, 12% — у Расею і СНД.

Паводле аналітычнай кампаніі Gartner, Беларусь уваходзіць у топ-30 краінаў у сфэры афшорнага праграмаваньня.
Разам з тым адміністрацыя ПВТ адзначае: беларускія ІТ-кампаніі бяруць актыўны ўдзел у рэалізацыі многіх праектаў на амэрыканскім рынку для розных сэктараў эканомікі: прамысловасьці, транспарту, гандлю, банкаўскай сфэры, аховы здароўя і адукацыі.

«У інтэрвію дырэктара Парку высокіх тэхналёгіяў у эфіры радыё „Голос России“ 25 чэрвеня 2013 году, на якое спасылаюцца амэрыканскія журналісты ў сваіх матэрыялах, наагул не гаварылася ні слова пра праект распрацоўкі парталу Healthcare.gov. У цэлым было адзначана, што кампаніі-рэзыдэнты беларускага Парку высокіх тэхналёгіяў уцягнутыя ў рэалізацыю праектаў у галіне ІТ у мэдычных установах і страхавых кампаніях, якія зьяўляюцца ўдзельнікамі рэформы аховы здароўя, якая праводзіцца ў ЗША», — гаворыцца ў афіцыйным адказе.

«Асаблівае неразуменьне выклікае стаўленьне да пытаньня ўдзелу праграмістаў зь іншых краін у распрацоўцы сучасных інфармацыйных прадуктаў для амэрыканскіх замоўцаў, што кажа пра неразуменьне аўтарамі сучасных працэсаў распрацоўкі кампутэрных праграмаў, — напісана ў адказе, які атрымала Радыё Свабода.

«Як правіла, пры замоўнай мадэлі галоўным зьяўляецца захаваньне міжнародных і нацыянальных стандартаў распрацоўкі праграмных прадуктаў, а таксама выкарыстаньне сучасных тэхналёгіяў і асяродзьдзяў. (...) Замоўцы перадаецца тэхнічная, выканаўчая дакумэнтацыя і ўсе зыходныя коды. Акрамя гэтага, для сур’ёзных праектаў абавязковымі зьяўляюцца зьнешні аўдыт і паўторнае тэставаньне (...) Таму пытаньне пра наяўнасьць уразьлівасьці сыстэмаў для кібэр-нападаў вызначаецца ўзроўнем праведзенага тэставаньня».

«Мы задаволеныя працай з амэрыканскім рынкам, і нашы амэрыканскія замоўцы задаволены працай беларускіх праграмістаў. Больш за тое, разам з амэрыканскімі кампаніямі беларускія партнэры сумесна ўдзельнічаюць у праектах для карпаратыўных кліентаў і дзяржаўных органаў у многіх краінах сьвету. І ні ў кога з замоўцаў не ўзьнікала пытаньняў наконт беларускага, амэрыканскага ці любога іншага „нацыянальнага складніка“ распрацаванага праграмнага прадукту», — заявіў намесьнік дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандар Марцінкевіч.

Намесьнік Ца​пкалы падмануў Радыё Свабода


Беларускі сьлед у Оbamacare


Інфармацыю пра тое, што праграмісты зь Беларусі ўдзельнічалі ў распрацоўцы праграмнага забесьпячэньня і заклалі ў яго шкодны код, зьявілася 3 лютага на сайце freebeacon.com. Аўтары сьцьвярджаюць, што амэрыканскія спэцслужбы праінфармавалі адміністрацыю Барака Абамы пра ўразьлівасьць сыстэмы да кібэратакаў у тым выпадку, калі ў яе распрацоўцы бралі ўдзел беларускія праграмісты зь дзяржаўнай структуры.

Падставай для занепакоенасьці спэцслужбаў стала інтэрвію кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ) Валера Цапкалы радыёстанцыі «Голос России». Ён заявіў, што ПВТ мае замову ад ураду ЗША, якая зьвязаная з рэформай аховы здароўя.

Сайт HealthCare.gov выкарыстоўваецца, каб шукаць і купляць мэдычную страхоўку. Ён запушчаны 1 кастрычніка 2013 году ў межах рэформы аховы здароўя, ініцыяванай Абамам, якая атрымала назву Obamacare. Вядома, што сайт перастаў працаваць ужо ў першы дзень, ня даўшы рады мноству запытаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG