Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатолю Грыцкевічу — 85


Анатоль Грыцкевіч
Анатоль Грыцкевіч

Вядомаму беларускаму навукоўцу, гісторыку Анатолю Грыцкевічу 31 студзеня споўнілася 85 гадоў. Анатоль Грыцкевіч — аўтар некалькіх сотняў навуковых прац і манаграфій, аўтар дзясяткаў кніг, прысьвечаных гісторыі, у тым ліку часоў ВКЛ і Беларусі пэрыяду барацьбы за незалежнасьць.

З нагоды юбілею Анатоль Грыцкевіч сказаў Свабодзе:

— Гісторыя Беларусі мяне заўсёды цікавіла, і я пачаў ёю займацца адразу ж пасьля заканчэньня інстытуту. Але палітычная гісторыя Беларусі пачала вывучацца і дасьледавацца, фактычна, гадоў трыццаць назад. Калі я працаваў яшчэ ў Інстытуце гісторыі, то было зразумела, што вывучаць гісторыю не дазволяць, а таму перайшоў на пэдагагічную працу і адначасна працягваў дасьледаваньні. Цяперашняе пакаленьне гісторыкаў нават ня ведае, як складана было займацца навукай, як забаранялі кнігі і гэтак далей. За апошні час было зроблена нямала, і цяпер больш магчымасьцяў, але некаторыя пішуць абы-што — на жаль, так. Магчыма, што няма адпаведнай падрыхтоўкі, але ў цэлым гісторыя ідзе як трэба. І нават дзяржаўныя ўлады нешта прымаюць, калі ўвесь час даказваць і сьцьвярджаць. У цэлым я настроены аптымістычна.

— Ці шмат старонак беларускай гісторыі застаюцца неадгорнутымі і не дасьледаванымі навукоўцамі?

— Я лічу, што перадусім павінна быць адпаведная навуковая падрыхтоўка гісторыкаў. Бо калі падаваць факты з расейскага пункту гледжаньня, то выглядае так, што прыходзілі войскі, іх сустракала беларускае насельніцтва, і яны ядналіся. А насамрэч — хапалі месьцічаў, забіралі да сябе і там рабілі сваімі прыгоннымі. Вось і ўся дапамога беларускаму народу, пачынаючы з часоў Багдана Хмяльніцкага. Прыкладам магу прывесьці сваю кнігу «Вайна 1919–1920 гадоў на Беларусі і на Ўкраіне». Я хоць і не ўкраінец — прозьвішча Грыцкевіч паходзіць з 16 стагодзьдзя і яно беларускае — але напісаў з пункту гледжаньня ўкраінцаў. І мне вельмі было прыемна, што тагачасны амбасадар Украіны вельмі добра адгукнуўся на гэтую кнігу, напісаўшы сваю рэцэнзію ў адным з пэрыядычных выданьняў.

— Якой вам бачыцца далейшая пэрспэктыва гістарычнай навукі ў Беларусі?

— Пэрспэктыва розная: хто хоча дамагчыся нейкіх званьняў, то бяруць тыя тэмы, якія выгадныя з пункту гледжаньня начальства. Гэтак доўжыцца яшчэ з савецкіх часоў: у Інстытуце гісторыі былі вялікія сэктары і аддзелы па савецкім і камуністычным пэрыядзе. Яны ўвесь час пісалі, друкавалі і атрымлівалі кандыдацкія ступені. Але тыя, хто піша бліжэй да праўды — тым цяжка. Прыклад таму — гісторыкі ў Горадні, хоць першапачаткова іх праца была прымальная з пункту гледжаньня афіцыйных уладаў. Гэтак і для гістарычнай навукі: ёсьць вялікія плюсы і вялікія мінусы таксама.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG