Доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч выказаўся пра ролю Раманавых у гісторыі Беларусі:
“Гэта той пэрыяд, калі Беларусь была ўключана ў склад Расейскай імпэрыі. Гэта значыць — з 1772—95 гадоў, калі ў трох падзелах спачатку ўсходняя, потым цэнтральная, а потым заходняя Беларусь былі далучаны, калі дзялілі суседзі Расея, Прусія і Аўстрыя Рэч Паспалітую. Вось тады беларусы і сталі падданымі дынастыі Раманавых. Хаця некаторыя гісторыкі па генэалёгіі нават выводзяць род Раманавых зь Беларусі, зь Літвы, зь Вялікага Княства Літоўскага. Праўда, такіх доказаў няма. Але такая вэрсія ёсьць.
Роля Раманавых была, як кіраўнікоў дзяржавы, фактычна калянізатарскай
Усялякія спробы барацьбы за незалежнасьць, паўстаньні нашы падаўляліся, пачынаючы яшчэ з паўстаньня Касьцюшкі і паўстаньня Каліноўскага. Гэта ўсё жорстка падаўлялася царскімі войскамі і царскай адміністрацыяй.
Што тычыцца Беларусі, то роля Раманавых была, як кіраўнікоў дзяржавы, фактычна калянізатарскай. І калі вялікая княгіня Марыя Ўладзіміраўна прыяжджае ў Гомель, гэта значыць проста наведваньне сваёй былой, з пункту гледжаньня імпэрыі, тэрыторыі.
Мяне толькі зьдзіўляюць беларускія ўлады. Нібыта Беларусь не зьяўляецца незалежнай дзяржавай. І там ужо так сустракаць вялікую княгіню — гэта проста недарэчна”.