Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат: сярэдні заробак зноў 500 даляраў


Намінальны заробак за 2013 год — 5,14 мільёна беларускіх рублёў. Рэальны заробак за 2013 год параўнальна з 2012-м вырас на 15,8%. Такія дадзеныя агучыў Белстат.

Сама болей у сярэднім зарабляюць у Менску (7,96 млн рублёў), сама меней — у Берасьцейскай вобласьці (5,16 млн рублёў).

Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык
«Лічбы Белстату адпавядаюць той мэтадалёгіі, якую яны выкарыстоўваюць. Прадпрыемствы здаюць справаздачы Белстату. На гэтых прадпрыемствах працуе прыкладна 3,2 мільёна чалавек з 4,5 мільёна занятых у эканоміцы. Гэтая лічба адпавядае рэчаіснасьці. Спажывецкі імпарт таксама моцна вырас — за 10 месяцаў 2013-га на 21%. Рост попыту на імпарт зьвязаны з ростам дабрабыту насельніцтва», — заявіў Радыё Свабода эканаміст Аляксандар Чубрык, адказваючы на пытаньне, ці адлюстроўвае афіцыйная статыстыка стан дабрабыту жыхароў краіны.

«Праблема палягае толькі ў тым, ці гэта доўгатэрміновы рост, ці толькі тое, што атрымалася ў 2013-м? — кажа Чубрык. — Такога росту дакладна ня будзе. Нават у плянах ураду запісана, што ў 2014-м у бюджэтным сэктары не плянуецца падвышэньне рэальнага заробку. На ўсіх узроўнях шмат гаварылася пра тое, што рост заробкаў не павінен апярэджваць рост прадуктыўнасьці працы. Таму лічу, што ў 2014-м ня варта чакаць такога вясёлкавага росту дабрабыту, які быў у 2013-м. Ва ўраду ёсьць пляны, каб скасаваць перакрыжаванае субсыдыяваньне, калі насельніцтва мала плаціць за ЖКГ. Плянуецца падвышаць тарыфы. Відавочна, гэта будзе адбівацца на дабрабыце пэўных групаў насельніцтва».

Сярэдні заробак у Беларусі ўпаў пасьля фінансавага крызісу 2011 году. Фактычна цяпер беларусы вярнуліся на дакрызісны ўзровень — 500 даляраў.

Прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч абяцаў да канца 2013 году сярэдні заробак у памеры 600 даляраў.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG