Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка лічыць украінскія ўлады мяккацелымі, — Мацкевіч


Палітоляг Уладзімер Мацкевіч, камэнтуючы трагічныя падзеі на кіеўскім Майдане, адзначыў, што сьмерці можна было чакаць з самага пачатку гвалтоўных дзеяньняў.

«А што ж вы хацелі? Калі для такога інтэнсіўнага пратэстнага натоўпу не высоўваюцца рэалістычных і дасягальных мэтаў, няма пляну дзеяньня, а прапаноўваецца толькі стаяць і чакаць, то рана ці позна паўстануць радыкальныя думкі. У выніку якіх пачнецца раскол еднасьці, людзі з рознымі настроямі пачнуць цягнуць справу ў розныя бакі. У такой сытуацыі да гвалту застаецца адзін крок. І гэты крок на Майдане ўжо зроблены, на жаль. А калі пайшоў гвалт, то там і сьмерці. Мы — сьмяротныя людзі, таму гэта было зразумела адразу, што там, дзе гвалт, побач стаіць сьмерць. І гэта мусіць быць зразумела і тым, хто кіруе Эўрамайданам», — сказаў Уладзімер Мацкевіч.

Таксама палітоляг адзначыў, што сытуацыю працяглага супрацьстаяньня немагчыма ўявіць у Беларусі, дзе ўлады скіраваныя на неадкладнае прымяненьне сілы для падаўленьня супраціву:

«Лукашэнка павінен лічыць украінскія ўлады мяккацелымі і нерашучымі. Бо ў той палітыцы, якую вядзе беларускі рэжым, трываць ня толькі два месяцы, а нават некалькі дзён такую пратэстную актыўнасьць немагчыма. Беларускія ўлады рэагавалі б рашуча і адразу, не спыняючыся перад гвалтоўнымі захадамі, як гэта было прадэманстравана ў сьнежні 2010 году. Той разгон Плошчы — не выпадковае здарэньне, яно цалкам ўпісваецца ў палітычныя погляды беларускай улады. На гэтым фоне ўкраінскі рэжым выглядае нерашучым, непасьлядоўным, занадта лібэральным. Я думаю, што менавіта такое стаўленьне ў Лукашэнкі да ўкраінскіх уладаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG