Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: А ці не аб’елася спадарыня Ярмошына баршчоў?


Цэнтральная выбарчая камісія падводзіць канчатковыя вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах. Усяго было пададзена больш за 16 тысяч заяваў.

У ЦВК кажуць, што адмоваў будзе няшмат. Аднак сярод тых, каго ўжо не зарэгістравалі, — Анатоль Лябедзька, Аляксей Янукевіч, Алесь Лагвінец.

Апошняй ахвярай стаў актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Уласевіч. Каб зьняць яго з выбараў, сёньня спатрэбілася спэцыяльнае рашэньне Цэнтравыбаркаму. ЦВК скасавала рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Ўласевіча, які зьбіраўся балятавацца па месцы жыхарства ў Астравецкі райсавет. Цяпер сябры ягонай ініцыятыўнай групы мусяць вярнуць у раённую камісію свае пасьведчаньні.

Мікалай Уласевіч
Мікалай Уласевіч
Рашэньне раённай камісіі, якая зарэгістравала каманду Ўласевіча, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала «памылковым». Яна патлумачыла: патэнцыйны кандыдат падаў дакумэнты адразу на дзьве акругі. Такое права раней існавала і ім карысталіся. Аднак ад 8 сьнежня 2013 году, калі пачалі дзейнічаць зьмены ў Выбарчым кодэксе, гэтую норму скасавалі.

Мікалай Уласевіч свой намер патлумачыў так: хацеў даведацца, у якой зь дзьвюх акругаў шанцы на абраньне будуць вышэйшыя, і менавіта ў той акрузе пасьля і зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты:

«Я не лічу, што адбылося парушэньне Выбарчага кодэксу. Лічу, што канстытуцыйнага права абіраць і быць абраным ніхто не адмяняў. І ні Выбарчы кодэкс, ні мэтадычныя рэкамэндацыі ЦВК не павінны парушаць гэтае права. Грамадзянін мае права выбіраць і быць абраным. Я лічу, што раённая Астравецкая камісія паступіла адпаведна з духам і літарай закону».

Пасьля паседжаньня Лідзія Ярмошына сказала журналістам, што заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы адразу па некалькіх акругах падавалі толькі прадстаўнікі дзьвюх партыяў — АГП і БНФ:

«З улікам той тэндэнцыі, якая існуе адносна толькі дзьвюх палітычных партыяў — Аб’яднанай грамадзянскай і партыі БНФ, прадстаўнікі якіх зьдзяйсьнялі наўмыснае дзеяньне, то бок падавалі заявы адразу па некалькіх акругах, можна казаць пра магчымае жаданьне арганізаваць свядомую правакацыю ўжо на першым этапе выбараў — рэгістрацыі ініцыятыўных групаў».

На гэтыя словы старшыні Цэнтравыбаркаму лідэр АГП Анатоль Лябедзька адрэагаваў так:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«А ці не аб’елася яна баршчоў? Лідзія Міхайлаўна, мабыць, аб’елася баршчоў і нясе нейкае глупства. У мяне да яе сустрэчнае пытаньне. Чаму, калі прымаліся заяўкі на рэгістрацыю маіх сямі ініцыятыўных групаў, камісіі і Савецкага, і Цэнтральнага раёнаў (калі яны не правакатары) не ўзялі на рэгістрацыю толькі адну групу і не сказалі: прабачце, у адпаведнасьці з артыкулам 60 Выбарчага кодэксу вы ня маеце права на большую колькасьць групаў? Там жа сядзяць падрыхтаваныя, кваліфікаваныя людзі. Улады ж кажуць, што яны адбіраюць туды самых-самых».

Сёньня ж Цэнтральная выбарчая камісія зрабіла абавязковым запаўненьне дэклярацыі аб прыбытках і маёмасьці для кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, за выключэньнем найніжэйшага роўню. То бок гэтыя дакумэнты ня трэба здаваць толькі тым, хто балятуецца ў склад пасялковых, сельскіх і гарадзкіх саветаў, якія ўваходзяць у склад раёну: напрыклад, такіх гарадоў, як Барань альбо Заслаўе. Паводле Лідзіі Ярмошынай, такіх гарадоў у Беларусі прыкладна паўтара дзясятка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG