Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыўную групу Лябедзькі не зарэгістравалі

абноўлена

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Выбарчая камісія Цэнтральнага раёну Менску сёньня адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.

Апазыцыйны палітык хацеў зьбіраць тут подпісы выбарцаў за сваё вылучэньне ў сталічны гарадзкі савет дэпутатаў.

Анатоль Лябедзька апавёў Свабодзе:

«Я так разумею, што яны даюць сваё тлумачэньне артыкула 60 Выбарчага кодэксу. І кажуць, што я магу рэгістравацца толькі па адной акрузе. А мы лічым, што я магу зьбіраць подпісы хоць у 25 акругах, а вось балятавацца — сапраўды толькі па адной. Атрымліваецца, што мне адмаўляюць у маім праве на вылучэньне».

Спадар Лябедзька падаў дакумэнты на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў у два раёны Менску — Цэнтральны і Савецкі. З Савецкага раёну адказу пакуль няма.

Юрыст Уладзімер Лабковіч так пракамэнтаваў Свабодзе сытуацыю:

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч
«Калі фармальна зыходзіць з часткі 5 артыкула 60 Выбарчага кодэксу, то адна асоба ня можа вылучацца кандыдатам у дэпутаты мясцовага савета паводле так званага гарызантальнага прынцыпу — у розныя акругі, але аднаго і таго ж роўню савета. І сапраўды, фармальнае парушэньне Выбарчага кодэксу тут ёсьць. Бо Выбарчы кодэкс і мэтадычныя тлумачэньні Цэнтравыбаркаму дазваляюць вылучэньне адной і той жа асобы ў саветы рознага роўню, напрыклад — абласнога, раённага і сельскага.

А калі асоба падае дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў дзьвюх акругах аднаго роўню (у дадзеным выпадку — Менскі гарсавет), то тут парушэньне ёсьць. Бо вылучэньне пачынаецца з моманту падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. І таму фармальная падстава для адмовы спадару Лябедзьку ў тэрытарыяльнай раённай камісіі была.

Але я лічу, што калі зыходзіць з духу і лёгікі закону, такая адмова можа тычыцца другой па ліку камісіі, альбо трэцяй ці чацьвёртай (калі б такія былі), але ня першай. То бок групу Лябедзькі павінна зарэгістраваць тая камісія, куды ён зьвярнуўся з самага пачатку. Бо права чалавека вылучацца павінна быць гарантавана. А фармальнае парушэньне закону пачалося толькі з моманту падачы другой заявы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG