Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйны суд ня бачыць дыскрымінацыі беларускай мовы


Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч зьвяртаўся ў Канстытуцыйны суд, адзначаючы, што беларускія законы прымаюцца па-расейску і ня маюць афіцыйнага перакладу на другую дзяржаўную мову, беларускую.

Атрымаўшы адказы з афіцыйных установаў, праваабаронца прыходзіць да высновы, што чыноўнікі цалкам ігнаруюць праблему дыскрымінацыі беларускай мовы. А ў некаторых выпадках няслушна інтэрпрэтуюць заканадаўчыя нормы.

«У нас адсутнічае заканадаўства па-беларуску, дыскрымінуецца дзяржаўная мова, а нашы афіцыйныя органы ня бачаць у гэтым праблемы», — кажа Валянцін Стэфановіч.

«Беларуская мова не зьяўляецца ў поўным сэнсе гэтага слова дзяржаўнай. Гэта дэкаратыўны статус, калі нормы заканадаўства не выдаюцца на дзяржаўнай мове, — працягвае Стэфановіч. — А на практыцы гэта проста прыводзіць да дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце. І такіх выпадкаў апошнім часам вельмі шмат. Узяць хаця б справу Зінаіды Цімошак у Слуцку. Яна прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасьці за прагляд фільму пра Слуцкі збройны чын. Я азнаёміўся з пратаколамі судовага паседжаньня. Там напісана, што яна заявіла хадайніцтва, каб судовая справа вялася па-беларуску. А беларуская мова, дарэчы, адна з моваў судовай вытворчасьці. А судзьдзя адмаўляе ў задавальненьні хадайніцтва і кажа, што паводле Канстытуцыі і Закону аб мовах у нас дзьве дзяржаўныя мовы і таму судовае паседжаньне будзе весьціся па-руску. Кропка!»

Стэфановіч кажа, што такіх выпадкаў апошнім часам вельмі шмат. Пры гэтым некаторыя адказы з афіцыйных установаў яго шчыра зьдзівілі:
Савет рэспублікі піша, што дзяржава мае права выбару, на якой мове выдаваць нарматыўна-прававыя акты. Дык вось, права выбару маюць грамадзяне, а дзяржава мусіць забясьпечыць гэтае права

«Некаторыя адказы мяне, шчыра кажучы, уразілі неразуменьнем у прынцыпе таго, што такое права грамадзяніна. Напрыклад, Савет рэспублікі піша, што дзяржава мае права выбару, на якой мове выдаваць нарматыўна-прававыя акты. Дык вось, права выбару маюць грамадзяне, а дзяржава мусіць забясьпечыць гэтае права. Гэта проста з ног на галаву!»

Адміністрацыя прэзыдэнта параіла Валянціну Стэфановічу зьвярнуцца да аўтаматычнага перакладчыка заканадаўчых нормаў.

«Я паспрабаваў, і тое, што атрымалася, не вытрымлівае ніякай крытыкі. Выразы кшталту „вабіць накладаньне штрафу“. Гэта не пераклад, а пародыя! — абураецца Стэфановіч. — Гэта па-першае, а па-другое — гэта ў любым разе не афіцыйны пераклад. То бок суды ня могуць карыстацца афіцыйным перакладам, і грамадзяне таксама».

Валянцін Стэфановіч спадзяецца, што зварот у міжнародныя арганізацыі дапаможа прыцягнуць увагу да дыскрымінацыі беларускай мовы як дзяржаўнай.

Вытрымкі з адказаў, якія атрымаў Валянцін Стэфановіч, прыводзіць сайт праваабарончага цэнтру «Вясна’96»:

«Так, у лісьце з Канстытуцыйнага суду за подпісам начальніка Сакратарыяту А.В. Каравая, па сутнасьці, няма адказу на асноўнае пытаньне — ці адпавядаюць Канстытуцыі арт. 7 Закону „Аб мовах“ і арт. 54 Закону „Аб нарматыўна-прававых актах“. Пры гэтым у дакумэнце гаворыцца пра тое, што КС неаднаразова разглядаў пытаньні аб роўным выкарыстаньні дзьвюх дзяржаўных моў — у сфэры абслугоўваньня абароту банкаўскіх плястыкавых картак і ў сыстэме дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня, арганізацыі цэнтралізаванага тэставаньня для абітурыентаў, называньня геаграфічных аб’ектаў».

Вярхоўны суд за подпісам намесьніка старшыні суду А.А. Забары падрыхтаваў наступны адказ:

«У адпаведнасьці з арт. 17 Канстытуцыі РБ дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь зьяўляюцца беларуская і руская мовы. У Асноўным Законе Рэспублікі Беларусь не адзначана абавязацельства выданьня і апублікаваньня актаў дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь на дзьвюх дзяржаўных мовах — рускай і беларускай. Такім чынам, падстаў для ўнясеньня прапановы ў Канстытуцыйны суд РБ аб праверцы адпаведнасьці Канстытуцыі РБ вышэйпералічаных норм няма».

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, як паведамлялася раней, таксама ня бачыць падставаў для звароту ў Канстытуцыйны суд.

У Савеце рэспублікі прытрымліваюцца той жа пазыцыі, пры гэтым у адказе адзначаецца, што шэрагам артыкулаў Закону «Аб мовах» прадстаўлена магчымасьць выбару беларускай або рускай мовы. Да таго ж у лісьце са спасылкай на Закон «Аб нарматыўна-прававых актах» падкрэсьліваецца, што афіцыйнае апублікаваньне нарматыўна-прававога акту на іншых мовах дапускаецца толькі пры наяўнасьці яго афіцыйнага перакладу на адпаведную мову.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG