Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфановіч: У Беларусі няма беларускага закону


Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч зьвярнуўся зь лістом у Канстытуцыйны суд з нагоды таго, што ў краіне фактычна адсутнічае законатворчасьць на беларускай мове.

Гэта ўскладняе працэс абароны і адстойваньня сваіх інтарэсаў для беларускамоўных грамадзянаў у судзе і іншых дзяржаўных органах, што ёсьць дыскрымінацыяй па моўнай прыкмеце.

Валянцін Стэфановіч зьвяртае ўвагу Канстытуцыйнага суду, што беларускімі праваабарончымі арганізацыямі ўсё часьцей фіксуюцца выпадкі дыскрымінацыі грамадзян паводле моўнай прыкметы. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» у новай рэдакцыі 13.07.1998 году №187-3 не ўтрымлівае гарантый роўнасьці дзьвюх дзяржаўных моваў і, на думку праваабаронцы, супярэчыць арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

«Судавытворчасьць у краіне паводле дзеючага заканадаўства ажыцьцяўляецца на беларускай і (альбо) расейскай мовах, што на практыцы ў большасьці выпадкаў прыводзіць да таго, што суды адбываюцца на расейскай мове», – адзначае ў звароце Стэфановіч.

Праваабаронцы неаднаразова фіксавалі выпадкі, калі судзьдзі адмаўляліся весьці працэс па-беларуску. Варта прыгадаць адміністрацыйны працэс над Гэнікам Лойкам, якога ў сакавіку 2013 году судзілі за несанкцыянаваны пікет у абарону беларускай мовы каля гімназіі №4 Менска. Судзьдзя Фрунзенскага раёну Людміла Лапо ня толькі адмовілася сама весьці працэс па-беларуску, але і забараняла адказваць па-беларуску ўдзельнікам працэсу.

Стэфановіч зьвяртае таксама ўвагу, што на прававым партале pravo.by немагчыма знайсьці нарматыўна-прававыя акты на дзяржаўнай беларускай мове, рэсурс зьмяшчае бягучую інфармацыю на расейскай і ангельскай мовах, а тэксты нарматыўна-прававых актаў і законапраектаў разьмяшчаюцца на ім выключна на расейскай мове.

Валянцін Стэфановіч зьвяртаецца ў Канстытуцыйны суд з просьбай прызнаць арт. 7 «Закону аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» не адпавядаючым арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь унесьці зьмены ў гэты артыкул, заканадаўча замацаваўшы абавязак дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь выдаваць усе нарматыўна-прававыя акты (уключна з тэкстамі законапраектаў) на дзьвюх дзяржаўных мовах – беларускай і расейскай, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG