Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад падвышэньня адзінага падатку цэны могуць вырасьці на 30%


Калі стаўкі адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і фізычных асобаў павялічацца, то цэны ўрэшце могуць вырасьці на 20–30%, прагназуе Анатоль Шумчанка, кіраўнік аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва».

Улады Менску «прапануюць падвысіць стаўкі на 28% на рынках і да 40% у гандлёвых цэнтрах», — заявіў прадпрымальнік у інтэрвію Свабодзе.

«Цэны ў беларускіх рублях прывязаныя да курсу даляра. Але калі падымаецца падатак, то аўтаматычна вырастае арэнда. Гэта як паравозік — адно чапляецца за другое».

Менгарвыканкам зьбіраецца перагледзець стаўкі адзінага падатку з ІП і фізычных асобаў. Грамадзкае абмеркаваньне праекту мае доўжыцца да 16 студзеня 2014 году.

Праект рашэньня Менскага гарадзкога савету дэпутатаў «Аб вызначэньні ставак адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізычных асобаў у межах базавых ставак адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізычных асобаў» апублікаваны на партале Менгарвыканкаму.

Вывучыўшы гэты праект, Шумчанка абураецца:

Анатоль Шумчанка на сходзе прадпрымальнікаў ждановіцкага рынку
Анатоль Шумчанка на сходзе прадпрымальнікаў ждановіцкага рынку
«Гэтыя лічбы ўзятыя са столі, невядома хто іх выдумаў! Тут дзейнічае прынцып „прасі болей, атрымаеш меней“. Незразумела, чаму яны падвышаюць падаткі, калі прагноз гадавой інфляцыі летась быў 12%, а фактычна яна склала 18,5%. Штогод падаткі падвышаюцца на ўзровень інфляцыі».

Актывіст прадпрымальніцкага руху спасылаецца на дырэктыву Аляксандра Лукашэнкі № 4 — «праграмны дакумэнт». Там гаворыцца, што падатковы цяжар, які ляжыць на індывідуальных прадпрымальніках і фізычных асобах, трэба зьмяншаць.

«Зразумела, што дзяржава шукае грошы, дзе толькі магчыма. І вось чарговай крыніцай рэсурсаў аказаліся прыватныя прадпрымальнікі», — канстатуе Шумчанка.

Прапановы «Пэрспэктывы» зводзяцца да таго, каб узьняць адзіны падатак на 12% — менавіта такая інфляцыя прагназавалася ў 2013-м.

У цяперашняй сытуацыі кіраўнік аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка бачыць адзін станоўчы момант:

«Падатак падвышаюць дэпутаты мясцовых саветаў на запыт мясцовых аддзяленьняў Міністэрства падаткаў і збораў. І ўпершыню за гэтыя гады падвышэньне адзінага падатку вырашылі абмеркаваць з прадпрымальнікамі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG