Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі сьпівацца можна толькі каньяком і шампанскім


У Гомелі новы год пачаўся з барацьбы з п’янствам — улады на шэсьць месяцаў працягнулі так званы «лякальны экспэрымэнт» па абмежаваньні даступнасьці алькаголю, уведзены ў лістападзе рашэньнем гарвыканкаму.

Гаворка ідзе пра забарону на продаж гарэлкі і піва ў крамах і павільёнах з 10 гадзіны вечара да 8 раніцы.

Купіць сьпіртовыя напоі насамрэч можна і ўночы, але дарагія — толькі тыя, якія каштуюць болей за адну базавую велічыню, то бок — больш за 130 тысяч рублёў.

Апрача таго, забарона ня тычыцца шампанскага, ігрыстых ды вінаградных вінаў, каньяку, віскі, брэндзі. Дазволена таксама купляць «гарэлку ў керамічнай тары, у бутэльках „графін“ і ў бутэльках, аформленых скурай».

Ва ўпраўленьні гандлю Гомельскага гарвыканкаму тлумачаць забарону продажу танных сьпіртовых напояў позьнім вечарам і ў начны час выхаваўчымі патрэбамі, але прызнаюць, што людзі ўсё роўна купляюць і выпіваюць па начах:

«Мы хочам дамагчыся таго, каб людзі зразумелі, што алькагольныя напоі — гэта ня той прадукт, які трэба спажываць пастаянна. Расслабляцца можна і па-іншаму, асабліва ў начны час. Ужо адбылося зьмяшчэньне рэалізацыі аб’ёмаў з адной прадукцыі на іншую — з больш танных напояў на даражэйшыя».

Тым часам праваахоўныя органы як ініцыятары абмежаваньня продажу танных напояў у начны час ужо адзначаюць зьмяншэньне колькасьці правапарушэньняў, учыненых у стане алькагольнага ап’яненьня.

Але паводзіны і настроі ў звычайных людзей гэтая ініцыятыва асабліва не зьмяніла.

У адзін з студзеньскіх дзён карэспандэнт Свабоды выйшаў на выведку ў гомельскі гарадзкі сквэр. Кампанія мужчын скідваецца на супольную выпіўку. Людзі працягваюць сьвяткаваць Новы год і Каляды. На «лякальную забарону» гарвыканкаму мужчына ў гадах, які назваўся Генадзем, адказвае упэўнена:

«Наш народ не спалохаеш ні коштамі, ні забаронамі, таму што мы — славяне, усё жыцьцё пілі і будзем піць. Калі каласьнікі гараць, чалавек пахмеліцца й будзе жыць. А не пахмеліцца — можа й памерці».
Калі каласьнікі гараць, чалавек пахмеліцца й будзе жыць. А не пахмеліцца — можа й памерці

Ягоны кампаньён на вечаровую забарону прадаваць гарэлку і танныя пладова-ягадныя віны адразу ж прыдумляе ход у адказ:

«Што яны забароняць — самагонку будуць гнаць, і ўсё. Ці вунь настойкі ў аптэках. Глог, напрыклад, ад сэрца піць будуць, бо ён таньнейшы будзе. Ад сэрца гэтыя кроплі — 70 градусаў сьпірту там, у флякончыках стограмовых».

Тым часам барацьба з п’янствам ідзе і па іншых напрамках. У новым годзе цэнтралізавана падвысілі стаўкі акцызаў: на моцныя сьпіртовыя напоі — на 14 з паловай адсоткаў зь першага студзеня і на 11,1 адсотка — з 1 ліпеня, на моцныя пладовыя віны — адпаведна на 36,1 і 28,7 адсотка. Двойчы вырастуць і акцызы на піва — агулам на 19–22 адсоткі. А гэта пацягне за сабою й рост розьнічных цэнаў на сьпіртовыя напоі.

Загадчыца спэцыялізаванай віна-гарэлачнай крамы ў зьвязку з абмежавальнымі крокамі ўладаў узгадвае показку:

«Прыбягае сынок дадому: „Тата, ура!“ — „Чаго ты радуесься, сынок?“ — „Дык кажуць, што гарэлка падаражэла“. — „Чаму ты радуесься, патлумач?“ — „Ты ж менш будзеш піць!“ — „Ды не, ты менш будзеш есьці“. Я лічу, што культура спажываньня алькаголю ад цэнаў не залежыць. Гэтым п’янства не стрымаць. На мой погляд, выхаваньне трэба весьці са школы, ня кажучы ўжо пра сям’ю».

Суразмоўніца з уласнага досьведу ведае, што перад усялякімі забаронамі і так званымі «днямі цьвярозасьці» продаж алькагольных напояў узрастае. Людзі бяруць у запас — і запасы гэтыя спустошваюцца:

«Трэба, каб ня проста казалі: піць нельга. А тлумачылі, што такое „піцьцё“, што такое тое ж віно. Без напояў ня будзе. Але гэта павінна быць культурна, з нагоды. Гэтаксама як рытуал чаяваньня, так павінен быць і рытуал спажываньня таго ж віна. Тады будзе ўсё ў меру — і людзі будуць у норме, і ня будзе такога велізарнага п’янства. А забаронамі нічога не дасягнуць, бо забаронены плод заўсёды салодкі».

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Хопіць піць — трэба жыць!» Зьміцер Карашкоў, супраць якога гомельскія ўлады завялі адміністрацыйную справу за пікет з транспарантам «Спыніце продаж алькаголю каля школаў», лічыць, што палавінчатыя крокі ў барацьбе з п’янствам наўрад ці істотна паўплываюць на зьніжэньне градуса алькагалізму ў беларускім грамадзтве і ў Гомелі ў прыватнасьці:

«Абмежаваньне продажу з 22:00 да 8:00 таннай гарэлкі і віна хутчэй скіраванае на папаўненьне бюджэту, чым на сапраўдную барацьбу з п’янствам. У забаронены час, калі ласка, купляй каньяк, віскі, брэндзі, тую ж гарэлку ў бутэльках «графін» альбо ў бутэльках, якія «аформленыя скурай».

Калі ўлады сапраўды клапоцяцца пра здароўе людзей, то чаму ў такім разе заводы валам пастаўляюць у гандлёвую сетку тое ж «чарніла», ад якога хіба толькі ныркі могуць адваліцца. Так што «лякальны экспэрымэнт» у Гомелі, на мой погляд, такім і застанецца. Хіба толькі гарвыканкам «птушачку» паставіць у графе «барацьба з п’янствам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG