Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўныя карупцыянэры году сядзяць у «Віцьбе-3»


Былы намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Васільеў атрымаў рэкордны тэрмін за хабар
Былы намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Васільеў атрымаў рэкордны тэрмін за хабар

У 2013 годзе ў беларускіх судах адбылося некалькі карупцыйных працэсаў, галоўнымі фігурантамі якіх выступалі высокапастаўленыя чыноўнікі. У той жа час некаторыя справы на вядомых намэнклятурных кіраўнікоў нават не дайшлі да суду. Пра гучныя карупцыйныя справы году — Алег Грузьдзіловіч.

Год таму, якраз у такія ж перадсьвяточныя дні, у Менскім абласным судзе пачалі судзіць былога першага намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Ігара Васільева. Чыноўніка абвінавацілі ў атрыманьні хабару ў паўмільёна даляраў, паводле сьледзтва — ад інвэстараў заводу спальваньня сьмецьця. Сваёй віны Ігар Васільеў не прызнаваў і казаў, што яго затрымалі з грашыма, падкінутымі на замову КДБ. Спачатку суд быў адкрыты, але потым журналістаў і публіку пускаць на працэс перасталі. Нібыта з-за сакрэтнасьці некаторых дакумэнтаў, якія вывучаў суд. 11 лютага чыноўніку прысудзілі 14 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму — гэта самы вялікі тэрмін, які атрымліваў беларускі чыноўнік за хабар.

Дзе адбывае пакараньне Ігар Васільеў, ці прызнаў ён урэшце сябе вінаватым?

Бізнэсмэн Ігар Сьмятанін сьведчыў на судзе на карысьць вэрсіі пра невінаватасьць Васільева. Ігар Сьмятанін і цяпер лістуецца з былым чыноўнікам. Піша яму ў калёнію «Віцьба-3». Вось што паведаміў Ігар Сьмятанін пра асуджанага Ігара Васільева:

«Як ён? Цяжка, вядома. Са здароўем пачаліся праблемы. А ўвогуле трымаецца, чалавек да ўсяго прызвычайваецца. Ён не прыгнечаны, трымаецца. Вядома, калі б не такія вялікія тэрміны наперадзе, яму было б лягчэй. 14 гадоў! За забойства менш даюць. І за што? Судзілі за тое, што падпісаў дамову, а асудзілі за тое, што не скасаваў гэтую дамову і нібыта за гэта ўзяў хабар».

Паводле Ігара Сьмятаніна, Ігар Васільеў аспрэчваў прысуд, але безвынікова. Сваякі і знаёмыя лістуюцца зь ім, а часам і сустракаюцца ў калёніі.

Ігар Полудзень
Ігар Полудзень
У сакавіку 2013 году ў вайсковым судзе скончыўся яшчэ адзін гучны і таксама закрыты карупцыйны працэс — над былым намесьнікам міністра ўнутраных спраў Яўгенам Полуднем. Высокапастаўленага міліцыянта прызналі вінаватым у службовых злачынствах і асудзілі на 3,5 года калёніі, прычым пазбавілі званьня палкоўніка. Суд зьняў зь Яўгена Полудня абвінавачаньне ў хабары, пасьля чаго ўзьнікла вэрсія, што былы намесьнік міністра проста зь нейкіх прычын перастаў пасаваць камандзе новага міністра ўнутраных спраў. Аднак падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў, які калісьці працаваў разам зь Яўгенам Полуднем, ня лічыць, што карупцыйны складнік падобных гісторыяў варта заведама выключаць:

«На маю думку, усё вышэйшае чынавенства так ці інакш карумпаванае. Бо так ці інакш яны маюць сувязі зь бізнэс-структурамі, маюць адвакатаў, калі прымаюць нейкія рашэньні. У гэтым я перакананы абсалютна. А што тычыцца ніжэйшых чыноўнікаў, то — так, іх пэрыядычна адсочваюць і саджаюць».

Пасьля суду сваякі Яўгена Полудня заявілі журналістам, што абскарджваць прысуд ён ня будзе, хоць і не прызнаў сябе вінаватым. Ад далейшых кантактаў з мэдыямі сваякі адмовіліся. Вядома, што Яўген Полудзень адбывае пакараньне ў той жа віцебскай калёніі «Віцьба-3», дзе сядзіць і былы менскі віцэ-мэр Ігар Васільеў. Адмыслоўцы не выключаюць, што ў 2014 годзе Яўген Полудзень выйдзе на волю — пасьля адбыцьця паловы тэрміну і пры паводзінах, якія засьведчаць, што ён «цьвёрда стаў на шлях выпраўленьня».

Саша Варламаў
Саша Варламаў
Сёлета некалькі месяцаў у Ленінскім судзе Менску ішоў працэс над вядомым мадэльерам Сашам Варламавым, якога абвінавачвалі ў шэрагу эканамічных злачынстваў, у тым ліку ў злоўжываньнях на пасадзе кіраўніка фэстывалю «Млын моды». На момант пачатку суду Саша Варламаў ужо амаль два гады быў за кратамі, ягонае здароўе рэзка пагоршылася. Суд прызнаў Сашу Варламава вінаватым у махлярстве, крадзяжы праз злоўжываньні службовым становішчам ды ўва ўхіленьні ад падаткаў і прызначыў яму 5 гадоў «хатняй хіміі». Асуджанага мадэльера проста ў судовай залі вызвалілі з-пад варты. Саша Варламаў нагадаў журналістам, што не прызнаваў сябе вінаватым, але камэнтаваць перасьлед ня стаў. «Калі я ўсё гэта пачну цяпер выкладваць... Я не хачу больш апынуцца за кратамі», — сказаў мадэльер.

Як склалася жыцьцё мадэльера на волі? Саша Варламаў, як ён кажа, час ад часу «выходзіць у сьвет», піша артыкулы і спрабуе займацца модай з дапамогай інтэрнэту. Пра карупцыю сярод беларускіх чыноўнікаў Саша Варламаў разважае ў тым сэнсе, што яна ёсьць, але страшнейшыя за яе некампэтэнтнасьць і сваячніцтва:

«Калі ёсьць сумленьне... Чалавек з сумленьнем ня пойдзе кіраваць тым, у чым нічога не разумее. А калі людзі ідуць, то атрымліваецца, што яны добра разумеюць: у любой сытуацыі ім будуць плаціць заробак, яны застануцца на месцы, ніхто іх адтуль не скране, хоць яны нічога ня ўмеюць».

Юры Данькоў
Юры Данькоў
На заканчэньне году ў Маскоўскім судзе Менску была пастаўленая кропка ў яшчэ адной гучнай справе — уладальніка казіно «Данькоў-клюб» Юрыя Данькова, вядомага ня толькі пасьпяховым бізнэсам, але і спробамі займацца палітыкай. Юрыя Данькова суд прызнаў вінаватым паводле большасьці абвінавачаньняў, у тым ліку — у нясплаце падаткаў ды арганізацыі прытону. Пасьля прысуду Юры Данькоў назваў працэс «паказальнай лупцоўкай» і абвінаваціў адказных міліцыянтаў зь Менску ў тым, што на замову замежных уладальнікаў менскіх казіно ў яго спрабуюць адабраць бізнэс. Жонка бізнэсоўца Натальля Данькова паведаміла сёньня карэспандэнту Свабоды, што адвакаты ўжо накіравалі скаргу на прысуд і днямі гэта ж плянуе зрабіць сам Юры Данькоў:

«У нас настрой на барацьбу, і мы будзем змагацца. Бо тое, што выставілі ў абвінавачаньні — усё прыдумана, такога не было, быць не магло і незразумела, адкуль узялося. Будзем і ў новым годзе змагацца».

Тацяна Бандарчук
Тацяна Бандарчук
Яшчэ ўлетку стала вядома, што Сьледчы камітэт завёў справу супроць былой дырэктаркі беларускага цырку Тацьцяны Бандарчук, якую пачалі выклікаць на допыты паводле падазрэньня ў службовых злачынствах. Тацьцяне Бандарчук пагражала 10 гадоў зьняволеньня, пры гэтым мерай стрыманьня для былой дырэктаркі цырку сьледчыя абралі падпіску аб нявыезьдзе. Расьсьледаваньне справы шмат разоў працягвалася, але ў выніку ў канцы году стала вядома, што справу Тацьцяны Бандарчук закрылі, абвінавачаньні зь яе зьнятыя.
XS
SM
MD
LG