Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрыяд застою і пасіўнасьці: было 12 палітвязьняў, засталося 11


На пачатку 2013 году ў Беларусі было 12 палітвязьняў, у канцы году іх засталося 11.

8 палітвязьняў — Алесь Бяляцкі, Мікола Статкевіч, Мікола Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка — у гэтым жа статусе пераходзяць у 2014-ты.

Зьміцер Дашкевіч, Аляксандар Францкевіч і Павал Севярынец пакінулі гэты сьпіс і месцы зьняволеньня.

Васіль Парфянкоў пакінуў сьпіс палітвязьняў у лютым, але вярнуўся ў яго ў сьнежні.

Сярод палітвязьняў у 2013 годзе зьявіліся і новыя прозьвішчы: Уладзь Яроменак (адсутнічаў у гэтым сьпісе з 2011 году) і Андрэй Гайдукоў.

Праваабаронца Тацяна Равяка пракамэнтавала гэтыя лічбы ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды:

Тацяна Равяка
Тацяна Равяка
«Гэтыя лічбы дэманструюць, што ў нас у краіне наступіў пэрыяд застою і фактычна адсутнічае дынаміка. Няма станоўчай дынамікі, бо вызваленьне трох палітвязьняў, якія выйшлі толькі таму, што ў іх скончыліся тэрміны, нельга лічыць станоўчай дынамікай. І няма такой вельмі адмоўнай дынамікі, бо сьпіс палітвязьняў застаецца амаль стабільным. І дзьве справы, два палітвязьні, якія ў гэтым годзе папоўнілі сьпіс, Парфянкоў і Яроменак, зьвязаныя з падзеямі 2010 году. І тут таксама не адбылося нечага незвычайнага. І гэтая стабільнасьць, застой, кансэрвацыя — адметная рыса гэтага году. Нягледзячы на тое, што ў канцы мінулага году, першай палове гэтага году было шмат дыпляматычных кантактаў і была надзея, што ўсё можа зварухнуцца, сытуацыя можа памяняцца, што дынаміка ў адным кірунку выкліча дынаміку ў іншым. Найперш у сфэры палітвязьняў. Але гэта быў рух у адзін бок. У дыпляматычнай сфэры адбылося ажыўленьне, але ў сфэры палітвязьняў гэтага не было, і гэта вялікае расчараваньне году».

Карэспандэнт: «Якая прычына гэтага застою і кансэрвацыі?»

Равяка: «Вялікая дынаміка найперш зьвязаная з актыўнасьцю ў грамадзтве. Калі пачынае актывізавацца грамадзтва — пачынае актывізавацца ўлада, каб гэтую актыўнасьць прыдушыць, і пачынаюцца моцныя рэпрэсіі. У гэтым годзе не адбылося падзеяў, якія б выклікалі значны рост рэпрэсіяў. Але разам з тым нават нізкі ўзровень актыўнасьці душыўся проста на корані. Не было нейкіх яркіх падзеяў, дзеяньняў, актыўнасьці з боку апанэнтаў, і адпаведна не было моцных рэпрэсіўных дзеяньняў і з боку ўладаў».

Карэспандэнт: «Такая кансэрвацыя сытуацыі, магчыма, неяк характарызуе ўладу?»

Равяка: «Гэта мне нагадвае часы савецкага застою, калі рабіліся нейкія кропкавыя захады здушэньня. Ужо, відаць, і сілаў ва ўлады няма на моцныя рэпрэсіі, і няма моцнага пратэстнага патэнцыялу, як было два-тры гады таму. Проста адбылася нейкая дэмаралізацыя — як улады, так і яе апанэнтаў. Гэта сумная тэндэнцыя кансэрвацыі самых нэгатыўных праяваў. На жаль, і апанэнты не прадэманстравалі патэнцыялу да зьмены сытуацыі».

Карэспандэнт: «Сёлета ўсе палітвязьні выйшлі выключна са сканчэньнем тэрміну зьняволеньня — і ў гэтым, відаць, таксама адметнасьць 2013 году?»

Равяка: «Так, ніякай палітычнай волі пры іх вызваленьні не было праяўлена. Гэта ня тыя памілаваньні, якія былі ў 2011–2012 гадах. У 2013-м — адбыў тэрмін, выйшаў. Ні пад ціскам зьнешняга, геапалітычнага фактару, ні пад ціскам грамадзтва ўнутры краіны не было выкарыстана ніякіх дадатковых прававых магчымасьцяў, такіх, як умоўна-датэрміновае вызваленьне, амністыя (у гэтым годзе амністыі не было). Нічога не было. Гэта проста кансэрвацыя і нежаданьне ўладаў мяняць сытуацыю ў сфэры менавіта палітвязьняў. Таксама адметна, што заходняя дыпляматыя аказалася бясьсільнай адносна беларускіх уладаў у гэтым прынцыповым пытаньні».

Карэспандэнт: «А чаго чакаць у 2014 годзе? У некага з палітвязьняў скончацца тэрміны?»

Равяка: «Гэта цяжка казаць. У наступным годзе ў Менску — чэмпіянат па хакеі. Мы бачым, якая дынаміка ў Расеі перад алімпіядай. Кіраўнікі заходніх дзяржаў заяўляюць, што яны будуць ігнараваць алімпіяду, і адразу ж знайшліся прававыя падставы, каб людзей і памілаваць, і амніставаць, і адпусьціць. Я спадзяюся, што хаця б гэты мэханізм будзе выкарыстаны. Не прававы, а менавіта палітычны. Бо з прававога гледзішча ў нас першым на выхадзе павінны быць Аўтуховіч, Лобаў, Яроменак і Парфянкоў. Але астатнія палітвязьні мусяць заставацца за кратамі. І калі нічога не памяняецца менавіта з палітычнай волі, то з тых палітвязьняў, якія сёньня за кратамі, апошні выйдзе на волю ў 2018 годзе. Васьковіч і Пракапенка толькі ў студзені 2018 году вызваляцца, калі ня будзе праяўлена палітычная воля».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG