Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вызваліць і Лукашэнка палітвязьняў да чэмпіянату сьвету па хакеі?


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Як ўспрынялі навіну пра памілаваньне Міхаіла Хадаркоўскага былыя беларускія палітвязьні? Што яны думаюць пра магчымасьць ранейшага выхаду на волю палітвязьняў, якія застаюцца за кратамі?

Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч, які не напісаў прашэньне аб памілаваньні, лічыць, што Хадаркоўскага шантажавалі праз пагрозу здароўю сваякам:

«Відавочна, што яго шантажавалі сваякамі. Адна справа, калі ты сядзіш у турме і адказваеш за сваё жыцьцё, за сваю скуру, а іншая справа — калі прыходзяць і пачынаюць шантажаваць матуляю, жонкаю, дзецьмі. Гэта зусім іншая сытуацыя. Канечне, калі ты адказваеш толькі за сябе, то прашэньне аб памілаваньні ёсьць пэўнай здрадай. Але калі цябе шантажуюць роднымі, то, мяркую, наадварот, здрадай было б, каб ты не падпісваў гэтае прашэньне, а камусьці нешта дэманстраваў. У сытуацыі, калі ад гэтага подпісу залежыць жыцьцё, здароўе тваіх сваякоў».

Карэспандэнт: «То бок вам знаёмая сытуацыя, у якой быў Хадаркоўскі?»

«У нейкай ступені знаёмая, так. Памятаю, як да мяне ў Жодзіна прыяжджалі супрацоўнікі КДБ і казалі, што калі не пацьверджу, што Статкевіч даў вагон арматуры, то твае паплечнікі будуць сядзець, ніхто ня выйдзе, ні Наста, ні Юльян. А не, дык яшчэ і іншага каго пасадзім. Разумееце? Гэта была ўжо іншая сытуацыя. Бо калі б у другой сытуацыі я мог бы нават не пачынаць тут размову, то тут я ўжо мусіў нешта прыдумляць».

Алесь Кіркевіч
Алесь Кіркевіч
Былы палітвязень Алесь Кіркевіч, які за кратамі напісаў прашэньне аб памілаваньні, бо лічыў, што ён больш карысьці прынясе на свабодзе, чым у турме, не выключае, што гэтаксама, як Пуцін, і Лукашэнка да чэмпіянату сьвету па хакеі вызваліць некага з палітвязьняў:

«Мяркую, была дасягнута пэўная дамоўленасьць паміж Хадаркоўскім і тымі рэпрэсіўнымі органамі, найперш Пуціным, якія ўтрымлівалі яго ў зьняволеньні. І тое, што ён адразу паляцеў у Нямеччыну, было адной з умоваў ягонага вызваленьня. Безумоўна, гэта палітычны крок. Дарэчы, не выключаю, што пад чэмпіянат сьвету па хакеі і Лукашэнка, які заўжды малпуе і заўжды сочыць за тым, што адбываецца ў Расеі, гэтаксама вызваліць некага з нашых палітвязьняў».

Раней у Беларусі праз прашэньне аб памілаваньні да прэзыдэнта Лукашэнкі былі вызваленыя з-за кратаў экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў і яго давераная асоба на выбарах Зьміцер Бандарэнка. Прашэньні аб памілаваньні напісалі многія фігуранты справы пра падзеі на Плошчы-2010. Аляксандар Лукашэнка неаднаразова падкрэсьліваў, што, каб выйсьці з турмы, дастаткова напісаць яму прашэньне аб памілаваньні.

Працягваюць знаходзіцца за кратамі і адмаўляюцца пісаць прашэньне аб памілаваньні экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч, асуджаныя па справе анархістаў Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Мікалай Дзядок, Арцём Пракапенка ды іншыя палітвязьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG