Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ішла каляда


Год быў зусім не трыццаты — і дзякуй богу. Якога, як вядома, няма і не было, як не было Марыі, Язэпа, восьліка і іншых пэрсанажаў, што не прайшлі чыстку зь пясочкам і наждачком. Але і ў 1980-м за знаёмства з гэтай падазронай кампаніяй можна было нарвацца на непрыемнасьці. Бо тое, што гучала ў трыццатым як афіцыйны камэнтар да падзей на Блізкім Усходзе, і ў васьмідзясятым, годзе ўнебаўшэсьця алімпійскага мішкі, ніхто адмяняць не зьбіраўся.

Гэта толькі здаецца наборам анахранізмаў:

«Раство — клясавае, буржуазнае сьвята. Хто сьвяткуе раство, той несьвядома паддаецца папоўска-сэктанцкаму, буржуазнаму падману, той дапамагае нашым клясавым ворагам.

Зачынім ачагі рэлігійнага дурману: цэрквы, сынагогі, касьцёлы, перададзім іх пад клюбы і школы. Пераплавім царкоўныя званы ў электрычныя драты. Адмовімся ад рэлігійных сьвятаў, пяройдзем паўсюдна на „непрэрыўку“. Ніводнага прагулу на „калядныя сьвяты“! Супраць п’янага раства, за пяцігодку, за сацыялізм!»

Аспрэчваць такое і ў васьмідзясятым было нельга. Праўда, міне ўсяго дзесяцігодзьдзе, і ўсе былыя бязбожнікі кінуцца ў цэрквы. Будзе можна, будзе мода, будзе нада.

Але ў той халодны вечар ні моды, ні нада яшчэ не было.

25 сьнежня 1980 году ў Менску, у краіне бяз п’янага, а таксама і безь цьвярозага раства, пасярэдзіне пяцігодкі і сацыялізму некалькі дзясяткаў маладых беларусаў зладзілі першае ў гісторыі БССР публічнае калядаваньне. Ня дома і ня ў лесе, а проста пасярод вялікага савецкага горада-героя яны прайшлі па Ленінскім праспэкце, павярнулі на Карла Маркса, дзе да іх выйшаў Караткевіч... Што, ясная рэч, не выпадкова, бо цягам дзесяцігодзьдзяў кожная ягоная кніга набліжала гэтую падзею, як магла, дый наагул ён — самы калядны з савецкіх бязбожных пісьменьнікаў: па атмасфэры, па значэньні, па асьвятленьні, якое ўключалася ў ягоных тэкстах нават у самыя прыцемкі... Далей была Цэнтральная плошча, а канцавым пунктам калядоўнікаў зрабіўся мастакоўскі дом на Сурганава.

Калядоўнікаў пад зоркаю, ды ня той, некалькі разоў спрабавала затрымаць міліцыя. Але савецкія міліцыянты не былі спэцыяльна навучаныя супрацьстаяць такому віду тэрарызму, як калядаваньне. Не хапала спэцсродкаў: промняў цара Ірада, ільвоў, клетак, драўляных крыжоў і нэронавых тогаў. Таму нікога не затрымалі.

Пра тое калядаваньне, добра, па-журналісцку напісаў Вячаслаў Ракіцкі. А на памяць прыходзіць яшчэ адна кніжка — «Белы мурашнік» Пятра Васючэнкі. Ёсьць у ёй апавяданьне «Упрочкі»...

«Ходзіць каляда ад места да места, ад вёскі да вёскі. Памятаю, знаёмай падалася мне казіная пыса, калі глядзеў на скокі калядоўнікаў у Траецкім. Хаця тут лёгка і абмыліцца. А тыя — яны сядзяць дзе-небудзь вакол цяпельца, бо трэба ж і ім пагрэцца, пахадзіўшы па людзях, назьбіраўшы чужога холаду...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG