Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слова маці


Валянціна Аліневіч: «Праўда — яна заўжды праб'ецца»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:07 0:00

Выступ Валянціны Аліневіч пасьля атрыманьня дыплёму прэміі імя Францішка Аляхновіча за кнігу яе сына Ігара Аліневіча «Еду в Магадан».

Прэмія была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і Радыё Свабода і ўручаная на цырымоніі ў Менску 10 сьнежня.

Тэкст выступу маці Ігара Аліневіча, які быў уганараваны першай прэміяй імя Аляхновіча, даецца паводле дыктафоннага запісу.

«Ведаеце, я нешта сэнтымэнтальнай стала апошнім часам... Расслабляцца нельга — яшчэ пяць год... Трэба неяк усё гэта вытрываць. Але вось сёньня паслухала песьню — і не змагла стрымаць сьлёзы, таму што Ігар казаў: «Адзінае што — мне будзе вельмі цяжка бяз музыкі...»

Мы абсалютна ня цэнім тыя рэчы, якія ёсьць на свабодзе: музыку; устаць ня ў шэсьць гадзінаў кожны дзень, а ў такі час, у які хочаш... Мой муж запытвае ў сына: «А ў вас лазьня з парылкай ці як?» Ігар кажа: «Так, фінская саўна, турэцкая і якая хочаш... А халодны душ ня хочаш раз на тыдзень?» Але гэта ўсё канешне побытавыя дробязі жыцьця.

Тыдзень таму я вярталася дахаты і ў самалёце разгаварылася з суседам па крэслах, і ён пачаў скардзіцца, якая сытуацыя ў Беларусі. Я кажу: «Каму Вы расказваеце. У мяне сын — палітвязень». Ён запытвае: «А як прозьвішча?» Я назвала. Ён кажа: «Ня ведаю. Бяляцкага ведаю, Аўтуховіча ведаю, Статкевіча ведаю, Саньнікава ведаю, а яго — ня ведаю». Я кажу: «Ну, ён з моладзі». Ён запытвае: «Ну як ён?» Я кажу: «Ды вось, кнігу нават напісаў, „Еду в Магадан“ называецца». Ён кажа: «А вось кнігу ведаю».

Я спачатку так зьдзівілася, але потым падумала: мне людзі пішуць з Бразыліі, зь нейкіх іншых краінаў... таму што адразу гэта кніга зьявілася ў інтэрнэце, і яе перадавалі адзін аднаму. Напісалі вязьні Балотнай: пра тое, што на Бутырцы ўжо тры асобнікі гэтай кнігі, і яны перадаюць кнігу адзін аднаму. Пішуць іншыя вязьні, і адзін з гэтых вязьняў — у мінулым даволі высокапастаўлены, але цяпер, як усе астатнія, чытае «Народную волю» — кажа, што «ў нашай калёніі ёсьць адна кніга... ну, пра паездку (для цэнзуры, напэўна, так піша). І на яе — цэлая чарга. Чарга дайшла і да мяне. Шмат у чым я цалкам згодны зь ім. І перадайце яму, вашаму сыну, што яна робіць сваю справу: яна расхіствае гэту сыстэму і гэтыя сьцены». І вось гэтыя хлапцы, якія сядзяць па «балотнай справе», таксама напісалі: «Сьцены ў Менску, у турмах Беларусі — значна крапчэйшыя, але турэмныя сьцены паўсюль аднолькавыя: ці то ў Гішпаніі, ці то ў Расеі, ці то ва Ўкраіне. І мы гэта ведаем зараз з кожным днём усё лепш і лепш... на жаль».

Не хацела б я канешне атрымліваць гэту прэмію і не хацела б, каб мой сын сядзеў у турме. Але раз ужо такое здарылася — трэба ўсё, што Гасподзь дае нам, паварочваць на дабро сабе і рабіць так, каб іншыя матулі не атрымлівалі прэміі за кнігі, якія іх сыны пішуць у турмах. Я хацела б ізноў падзякаваць ПЭН-цэнтар і Радыё Свабода, я б сказала нават, за грамадзянскую мужнасьць, — таму што ня кожны ў наш час адважыцца заявіць такую, абсалютна правільную рэч.

Радыё Свабода. Першым, каго я пабачыла ў судзе, быў Алег Грузьдзіловіч. «Партрэты на фоне кратаў» — Іна Студзінская. Алена Панкратава вядзе перадачу «Свабода ў турмах», і гэтую перадачу ловяць, як раней Радыё Свабода, у турмах і калёніях нашай неабсяжнай Беларусі. Вязьні з Расеі просяць перакласьці кнігу Бандажэўскага, для таго, каб таксама атрымаць гэты досьвед: як застацца чалавекам і захаваць сваё здароўе ў турме. Вы робіце велізарную справу, і за гэта вам — вялікі дзякуй. І ня толькі ад нашых палітвязьняў.

Я лічу, што гэта прэмія — ня толькі прэмія майго сына, я лічу, што гэта перш за ўсё прэмія нашых палітычных вязьняў. Нізкі паклон ім. На іх глядзіць уся Беларусь. (Ну, на жаль, ня ўся, але лепшая яе частка). Акрамя гэтага, мы павінныя разумець, што звон звоніць ня толькі па іх: ён звоніць яшчэ і па ўсёй Беларусі і па ўсёй той велізарнай колькасьці зьняволеных, якія сядзяць у турмах нашай краіны. Ну ня можа ў нас быць столькі забойцаў, садыстаў і гвалтаўнікоў, разумееце? Нават паводле статыстыкі ня можа быць. Натуральна, мы ўжо разумеем, у чым справа.

Яшчэ хацела б падзякаваць рэдакцыі і галоўнаму рэдактару газэты «Новы час», якія першымі апублікавалі ўрывак зь дзёньніка майго сына. На гэта таксама трэба вялікая мужнасьць. Я прапаноўвала гэта розным людзям, але, скажу вам шчыра, яны баяліся. А пасьля гэта ўсё пайшло як па накатанай.

Нізкі паклон і яго сябрам, прыхільнікам, людзям, якія разумеюць, наколькі важная такая літаратура: людзям, якія за свае грошы апублікавалі гэтую кнігу. Прывезьлі яе ў Беларусь, у Расею — і кніга разышлася імгненна. Гэта тое, у што Ігар верыць — чалавечая салідарнасьць. Без усялякіх, здавалася б, афіцыйных фінансавых крыніцаў — гэта атрымалася.

Разумееце, праўда — яна заўжды праб’ецца, і трэба заўжды казаць пра гэта — каб праўда заўжды гучала. Ну і дзякуй сукамэрнікам Ігара, якія ў нечым недзе й пацьвердзілі яго думку аб справядлівасьці, аб тым, што яна ўсё такі возьме верх. Анатоль Лябедзька, Аляксандар Фядута, Сяргей Марцалеў — яму, можна сказаць, пашэнціла на сукамэрнікаў. Напэўна, нельга так казаць, што пашэнціла, але ўсё, што ні ёсьць у жыцьці, усё — да лепшага.

Увогуле я хачу сказаць, што ўсе людзі, якія сядзяць у залі, і тыя, каго няма ў залі — я нават калі ня бачыла іх, я ўсіх іх ўжо добра ведаю. СІЗА КДБ — гэта ўвогуле «месца сустрэчы, якое зьмяніць нельга». Там мы даведаліся пра вас пра ўсіх вельмі шмат. З маці Наташы Радзінай мы стаялі і шмат размаўлялі... мы ня ведалі, хто з кім, але проста былі знаёмыя, але потым нашы сувязі неяк яшчэ больш умацаваліся.

Пра артыкулы Іры Халіп: Ігар казаў, што ў калёніях да яго падыходзяць людзі і кажуць: перадайце нізкі паклон усім гэтым жанчынам, якія вядуць барацьбу з рэжымам, і Ірыне, якая піша такія цудоўныя артыкулы.

Разумееце, тут усё так узаемазьвязана... Як Ігар чакаў «Нашу Ніву», каб прачытаць працяг «Чарвяка» Дзімы Дашкевіча... хаця я зь Дзімам і знаёмая не была — мы проста перапісваліся, але я пабачыла, які гэта цудоўны чалавек, і сама кожнае слова лавіла, таму што я ведала, што так яно і ёсьць.

А «Беларуская глыбіня» Пашы Севярынца...гэта сапраўды глыбіня, глыбіня чалавечая.

«108 дзён і начэй у засьценках КДБ» Анатоля Лябедзькі я так да канца і не змагла прачытаць, таму што для майго сэрца гэта ўжо вельмі цяжка... Там пра Ігара таксама шмат напісана, і зноўку усё гэта перажываць — ужо проста слоў ніякіх няма...

Вось гэтыя хлопцы, якіх мы таксама сёньня пачулі, і іх мамы, і сёстры прыйшлі... я калі прыяжджаю на спатканьне і бачу такіх жа мам, такіх жа сёстраў — у мяне сэрца разрываецца ад таго, што адбываецца. Колькі ўвогуле нашых хлапцоў гніе ні за што.. Вялікі дзякуй усім, бо гэта ўзнагарода ўсіх вас! Вялікі дзякуй усім вам!

І самае галоўнае. У свой час я прачытала «Архіпелаг ГУЛАГ», і мне ня трэба было ніякіх «Міжнародных амністый» і нейкіх адметных дасьледаваньняў, каб зразумець, што гэта сыстэма нічога зь сябе не ўяўляе. У мяне рухнула ўсё, што было ў галаве да гэтага: бальшавізм, сацыялізм і іншае. Я спадзяюся, што нашы творы (хоць гэта і не Салжаніцын...дарэчы, мы вось з Наташай два дні таму даведаліся, што і Алесь, і Ігар адначасова цяпер чытаюць Салжаніцына — напэўна, каб зразумець вытокі...) таксама расхістаюць гэту сыстэму. Чым больш яны будуць пісаць, а ПЭН-цэнтар і Радыё Свабода іх будзе публікаваць — тым хутчэй мы дачакаемся, што гэта сыстэма рухне.

Жыве Беларусь!"

Ігар Аліневіч нарадзіўся 24 верасьня 1983 года. Спэцыяліст у галіне радыёэлектронікі. 28 лістапада 2010 года гвалтоўна выкрадзены ў Маскве і зьмешчаны ў СІЗА КДБ Беларусі. 27 траўня 2011 года асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў злосным хуліганстве і пашкоджаньні маёмасьці ў асабліва буйным памеры. Утрымліваецца ў калёніі № 10 у Наваполацку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG