Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што БТ кажа пра Эўрамайдан


Тэлевізійны канал «Беларусь-1» зьяўляецца адным зь нямногіх беларускіх афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі, які хоць як асьвятліў нядзельныя падзеі ў Кіеве. Каротка пра падзеі ў Кіеве паведаміў тэлеканал СТВ. Рэшта дзяржаўных СМІ пакуль пра рэвалюцыю ва Ўкраіне ня піша зусім.

У штонядзельнай перадачы БТ «У цэнтры ўвагі» сюжэту пра вынікі саміту «Ўсходняга партнэрства» і падзеі на Эўрамайдане было адведзена больш за 10 хвілін.

«Ад тысяч да соцень тысяч чалавек бяруць удзел у Эўрамайдане ў Кіеве. Апошнюю лічбу даюць прадстаўнікі апазыцыйных партый,— так расказвалі пра падзеі ва Ўкраіне ў праграме „У цэнтры ўвагі“, што на канале „Беларусь-1“. — У Эўрамайдана зьявіўся свой гімн. А саму назву плянуюць зрабіць брэндам — ужо пададзеная адпаведная заяўка. Эўрамайданам будуць маркіраваць сувэнірную прадукцыю. Дарэчы суседнія кавярні ўжо пераарыентаваліся на заходні лад: у мэню зьявілася страва „Салата „Цэзар“ і чарка гарэлкі“. Няясным застаецца толькі адно. Апазыцыя абяцае стаяць да перамогі, падпісаньне пагадненьня аб асацыяцыі адклалі да 2014 году. Як Эўрамайдан пратрымаецца ўсе гэтыя халодныя зімовыя месяцы, пакуль ніхто ня ведае: ні актывісты, ні лідэры партыяў».

Пасьля сюжэту зь Вільні і Кіева дыктарам была агучаная інфармацыя пра тое, што ў ноч зь пятніцы на суботу міліцыя разагнала ўдзельнікаў мітынгу, таму што паводле праваахоўных органаў, мітынгоўцы перашкаджалі гарадзкім службам усталяваць навагоднюю ёлку і лядовы каток на цэнтральнай плошчы Кіева.
«Сёньня сытуацыя ва Ўкраіне атрымала бурнае разьвіцьцё. У гэтыя хвіліны ў Кіеве працягваюцца акцыі пратэсту прыхільнікаў эўраінтэграцыі. СМІ і палітыкі называюць розныя лічбы ўдзельнікаў: ад тысяч да соцень тысяч. Пратэстоўцы зноў захапілі Майдан Незалежнасьці. Па дарозе да плошчы дэманстранты ўступілі ў сутычку зь міліцыяй. Паведамляецца пра прымяненьне кактэйлю Молатава. Апроч гэтага, група невядомых паспрабавала захапіць дом прафсаюзаў, будынак кіеўскага гарсавету і адміністрацыю прэзыдэнта. У дзяржустановах выбітыя шыбы і аканіцы. Праваахоўным органам удалося адціснуць натоўп ад прэзыдэнцкай адміністрацыі. 15 супрацоўнікаў міліцыі былі шпіталізаваныя. Па мэдычную дапамогу таксама зьвярнуліся 8 мітынгоўцаў. Адзін зь іх быў дастаўлены ў шпіталь. Паведамляецца, што ў краіне неўзабаве можа быць уведзенае надзвычайнае становішча».

Нейкіх палітычных ацэнак кіеўскіх падзей не падаў і іншы дзяржаўны тэлеканал — СТВ.

Сайт «СТВ» сёньня паведамляе, што падчас начных беспарадкаў траўмы і раненьні атрымалі больш за 250 чалавек, і апісвае дзеяньні, які разгарнуліся на вуліцах украінскай сталіцы:

«Сутыкненьні прыхільнікаў эўраінтэграцыі і міліцыі працягваліся да глыбокай ночы. Пацярпелі прадстаўнікі ўкраінскіх і замежных мас-мэдыяў. Практычна баявыя дзеяньні разгарнуліся яшчэ ўвечары, калі 300 маладзёнаў з закрытымі тварамі сталі расчышчаць дарогу да адміністрацыі прэзыдэнта. У супрацоўнікаў міліцыі паляцелі трубы, фаеры і ўзрыўпакеты. Каб узяць сытуацыю пад кантроль, міліцыя была вымушаная адказаць шумавымі гранатамі і сьлезацечным газам».

Тым часам сайты дзяржаўных газэт «Советская Белоруссия», «Звязда», «Рэспубліка» ніякай інфармацыі пра Эўрамайдан не даюць, абмяжоўваючыся камэнтарамі пра вынікі Віленскага саміту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG