Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкраданьне замест экстрадыцыі


Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Тры гады таму ў Маскве шматлікія наведнікі гандлёвых цэнтраў «Філіён» ды «Гарбушка», што непадалёк ад мэтро Баграціёнаўская, сталі сьведкамі, як невядомыя ў масках схапілі, скруцілі, а потым кінулі ў аўто маладога чалавека.

«Забойца-тэрарыст», — гаварылі адны, «шпіён», — сьцьвярджалі іншыя. Насамрэч хлопец не належыў ні да тых, ні да другіх. 27-гадовы беларускі інжынэр-радёэлектроншчык ды прыхільнік ідэяў Пятра Крапоткіна Ігар Аліневіч ня тое, што ніколі «не судзіўся», «не прыцягваўся», «ня быў у міжнародным вышуку», а нават позваў ў міліцыю да тае пары ня меў... У той жа дзень хлопец, кінуты на падлогу машыны, у нацягнутай на галаву шапцы, быў дастаўлены ў Менск, у СІЗА КДБ. Праз пару дзён, там жа ў «амэрыканцы», яму прад’явілі ордэр на арышт. Праз шэсьць месяцаў рашэньнем суду па справе анархістаў яму было прызначана восем гадоў турмы.

Сёньня мы больш падрабязна спынімся на падзеях трохдавой даўніны, паколькі выпадак зь Ігарам Аліневічам далёка ня першы ды не апошні з гэтай сэрыі.


«За намі доўг, мужыкі»


...На дзень свайго затрыманьня, 28 лістапада 2010, Ігар Аліневіч ўжо пару месяцаў як жыў ды працаваў у Маскве. У белакаменную зьехаў, калі на радзіме пачаліся масавыя затрыманьні прадстаўнікоў анархісцкага руху. Сярод затрыманых былі блізкія сябры хлопца. Знаходзячыся ў Маскве, Ігар ладзіў розныя інтэрнэт-акцыі ў іх падтрымку. Перад тым, як усё здарылася, Аліневіч атрымаў па электронцы мэйл ад Бураціны (так у асяродку беларускіх анархістаў звалі менчука А. Л.). Той прасіў Ігара аб сустрэчы зь ім у Маскве. Дамовіліся. Разам зь Ігарам на спатканьне пайшоў яшчэ адзін беларус Дзіма Дубоўскі. Сёньня гэты малады хлопец, не тэрарыст, не забойца, а проста сьведка падзеяў таго дня, хаваецца ад беларускіх уладаў.

«Перад гэтым мы зь Ігарам, — згадвае Дзіма, — дзесьці гадзіну-другую пасядзелі непадалёк ад месца сустрэчы ў кавярні гандлёвага цэнтру. Калі выйшлі зь яго, на вуліцы нехта пагукаў: „Ігар!“. Ігар азірнуўся, і чацьвёра незнаёмых у масках тут жа схапілі яго, пачалі заломваць яму рукі, паўтараючы ўвесь час: „Ня тузайся!“. Я, у сваю чаргу, зрабіў некалькі крокаў убок і, абярнуўшыся, убачыў, як Ігара валяць на зямлю. Да мяне пачаў набліжацца нехта з той каманды, і я кінуўся наўцёкі. Праз гандлёвы цэнтар выбраўся на іншую вуліцу. Куды пацягнулі Ігара, я ня ведаў»
Як выкрадалі Аліневіча ў Маскве
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:45 0:00

Свае адчуваньні падчас выкраданьня ды дастаўкі ў Менск Ігар Аліневіч апісаў потым у турэмным дзёньніку «Еду ў Магадан». Вось, напрыклад, пра тое, як маскоўскія «невядомыя» перадавалі яго ў рукі беларускім «невядомым»: «Мяжа зь Беларусьсю. Галаву ўціскваюць у падлогу, значыць, апэрацыя — нелегальная. Перадача мясцовым у бусік. Маскоўскія кажуць: „Больш такой х... не падкідвайце“. „Вядома, за намі доўг, мужыкі“, — адказваюць тутэйшыя». Калі чытаеш гэтыя радкі, узьнікаюць самыя розныя пытаньні пра «доўг»...

Кніга Ігара Аліневіча ўжо перакладзеная на некалькі моваў, у тым ліку басьнійскую, польскую, ангельскую, і вылучаная на заснаваную ПЭН-цэнтрам і Радыё Свабода прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні. Цалкам на беларускай мове яе апублікавала газэта «Новы час». Плянуецца таксама выхад аўдыёвэрсіі «Еду ў Магадан».
Некаторыя ўрыўкі з кнігі чытае сябар Аліневіча Аляксандар Францкевіч.



...28 лістапада сябры Аліневіча абышлі, а таксама абзванілі многія маскоўскія пастарункі з тых, куды ён мог бы трапіць. Высьветлілася, што ў ніводзін зь іх хлопца не дастаўлялі. На запыты ва ўпраўленьне міліцыі (тады яна яшчэ не была паліцыяй), а таксама ў пракуратуру прыйшлі адказы: па гэтых ведамствах матэрыялы па затрыманьні беларускага грамадзяніна, як і па дазволе на яго экстрадыцыю з Расеі ў суседнюю дзяржаву, не праходзілі. Пасьля безвыніковых паходаў ды абзвонаў сябры Ігара ў той жа дзень распаўсюдзілі інфармацыю пра выкраданьне ў інтэрнэце.

Валянціна Аліневіч
Валянціна Аліневіч
Увечары 28 лістапада 2010 Валянціна Аліневіч вярнулася дадому з дня народзінаў маці — бабулі Ігара. У надзеі прачытаць электронны ліст ад сына яна ўключыла інтэрнэт. Замест гэтага ўбачыла паведамленьне пра яго захоп невядомымі ў Маскве:

«Я спаўзла з таго крэсла ды завыла па-воўчы. Калі б гэта нават быў арышт, калі б яго пасадзілі тыя, хто выступае ад імя органаў правапарадку, усё гэта было б ня так жахліва... А тут — невядомыя. Адразу ж узгадала зьніклых палітыкаў. Але ж які Ігар палітык?! Ён сацыяльны актывіст. Так, ён захапляецца ідэямі анархіста Крапоткіна, але ж сучасныя палітолягі клясыфікуюць гэтыя ідэі як левыя сацыялістычныя і куды менш экстрэмісцкія чым ідэі Леніна з заклікамі да адкрытага тэрору... За ўвесь час да Ігара не прыйшла дадому аніводная позва зь міліцыі, ён увогуле ня меў аніякіх стасункаў з прадстаўнікамі праваахоўных органаў».


Голас народу, парады праваабаронцаў


«Ці дапушчальна, каб правапарушальніка (ня кажучы ўжо пра падазраванага) шляхам выкраданьня вярталі ў краіну, дзе ён парушыў закон? Ці дапушчальныя выкраданьні правапарушальнікаў у Беларусі?». Апытаньне на гэтую тэму «Свабода ў турмах» правяла на вуліцах Магілева. У ім узялі ўдзел збольшага людзі сталага веку. Многія перакананыя, што вяртаць трэба законным шляхам, што само выкраданьне — па-за законам і што адпаведная дзейнасьць спэцслужбаў — недапушчальная.

Наўпроставы лінк


Паводле ацэнак праваабаронцаў «Плятформы», выпадак зь Ігарам Аліневічам і усе вынікальныя зь яго наступствы, уключна з працэсам над анархістамі, інакш як прызначэньнем вінаватых не назавеш. «Тое, што чалавека хапаюць невядомыя асобы, насуперак існым працэдурам вяртаюць яго ў Беларусь, зьмяшчаюць у СІЗА КДБ і толькі там, прычым не адразу, а праз суткі-другія прад’яўляюць ордэр на арышт, інакш як выкраданьнем ды грубым парушэньнем нацыянальнага ды міжнароднага заканадаўства клясыфікаваць нельга», — кажа Андрэй Бандарэнка.

Што можна параіць чалавеку, які апынуўся ў падобнай сытуацыі? Рэкамэндацыі ад праваабаронцаў «Плятформы»:

«Любымі спосабамі прыцягваць увагу да здарэньня: крычаць, што цябе затрымліваюць невядомыя, спрабаваць назваць імя, тэлефоны блізкіх, іншыя свае дадзеныя. Сярод мінакоў заўсёды знойдуцца тыя, хто можа запомніць нейкія важныя дэталі, нават зьняць убачанае на тэлефон, а потым выступіць сьведкам. Калі разам з затрыманым знаходзіцца нехта зь сяброў, яму напачатку трэба адбегчы на нейкую дыстанцыю — далёка за вамі не пабягуць, спэцслужбам неабходна зрабіць хутка сваю апэрацыю — і ўжо адтуль фіксаваць дэталі, напрыклад, у якую машыну садзяць, хапаць за руку непасрэдных сьведкаў, запісваць іх дадзеныя. Часам ад апэратыўных дзеяньняў сяброў ды інфармацыі, якую яны запомнілі, залежыць жыцьцё чалавека».


Валянціна Аліневіч: «Не вядзіцеся на „ветлівасьць“ гэтай публікі!»


Пра тое, што іх сын утрымліваецца ў СІЗА КДБ, цалкам знэрваваныя ад невядомасьці бацькі Ігара Аліневіча даведаліся толькі на 3-ці дзень. Устанавіць нейкую сувязь зь Ігарам, хай праз адваката, удалося праз тыдзень. Таксама праз тыдзень дазволілі першую перадачу, Першы ліст ад Ігара прыйшоў праз месяц... Першае спатканьне далі ў наступным годзе, у красавіку 2011. Прычым, толькі бацьку.

Як узгадвае Валянціна Аліневіч, да трагедыі, якая здаралася ў іх сям’і, яе муж быў яшчэ больш далёкім ад палітычнага жыцьця чалавекам чым яна...У канцы верасьня, калі Ігар ўжо быў у Маскве, Уладзімеру Аліневічу патэлефанавалі на працу з Упраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і запрасілі на нефармальную размову.
Вось зараз патэлефануем тваёй бабулі, ты ж ведаеш, якое ў яе хворае сэрца і яна адразу памрэ, калі даведаецца, што ты ў нас

«Запрасілі бяз позвы, безь нічога, — кажа Валянціна — А мы на той момант былі лохі-лохамі. Гэта цяпер, маючы досьвед, я раю ўсім: катэгарычна не вядзіцеся на „ветлівыя“ размовы гэтай публікі! А тады муж паехаў. Размова была ледзь не задушэўнай. Пара-тройка фармальных пытанньняў пра анархістаў, а потым проста пра жыцьцё — пра род Аліневічаў, паходжаньне, бабуляў-дзядуляў і г.д. Пазьней гэта ўсё было выкарыстана супраць сына па поўнай. Напрыклад, калі Ігара ўначы дапытвалі, яму гаварылі: вось зараз патэлефануем тваёй бабулі, ты ж ведаеш, якое ў яе хворае сэрца і яна адразу памрэ, калі даведаецца, што ты ў нас... Той паход мужа ў УБАЗ скончыўся зусім незадушэўна. Прыканцы Валодзю прад’явілі санкцыю на ператрус, падпісаную вельмі невыразна кімсьці незразумелым. Не выключаю, што гэта магла быць падробка. Што яны шукалі ў нас, так і не зразумела. Падчас таго ператрусу я ўчыніла ім поўны разнос. Больш ні на якія размовы не запрашалі».

Напачатку Ігару выставілі абвінавачваньне за акцыю ля ізалятару на Акрэсьціна. У акцыі ля Генштабу ды падпале машыны расейскай амбасады абвінавацілі ўжо потым.

«Парадокс, — кажа Валянціна, — але гэтае самае першае абвінавачваньне, з-за якога зрабілі тэатар масак у суседняй дзяржаве, потым зьнялі. Затое навесілі злачынства, падчас якога сына і не было ў Беларусі...У выніку далі столькі гадоў, колькі даюць забойцу ці арганізатару ўзброенай групоўкі. Для судовага вэрдыкту дастаткова было паказаньняў усяго пары сьведкаў».


Абарона, якую мы маем


Пра сьведкаў крыху пазьней... Цяпер пра абарону. Першы тыдзень пасьля затрыманьня Ігара Аліневіча абслугоўваў так званы дзяжурны адвакат. З тых, хто дзяжурыць у кансультацыі і едзе ў СІЗА паводле выкліку. На той момант паслугі дзяжурнага абаронца каштавалі каля 90 тысяч за дзень працы. Плаціць трэба было толькі пасьля суду, ды і тое ў выпадку, калі вязьня прызнаюць вінаватым. Сустрэўшыся з маці Аліневіча, дзяжурны стаў размаўляць зь ёй толькі пасьля таго, як яна яму заплаціла.

Аліневіч: «Першае, што ён сказаў: справа ваша палітычная. Дзяжурны нават не сказаў нам, што Ігар апрануты і абуты зусім па-летняму, што ў камэры холадна і што ён літаральна дрыжэў падчас размовы. Пра гэта мы даведаліся пазьней. А тады на пытаньне, ці варта сыну перадаць цёплыя рэчы ў СІЗА, чула адказ: „Не, у яго ўсё нармальна, тут зусім ня холадна!“ Яму што, было настолькі абыякава, нават па чалавечы? Другога адваката мы нанялі паводле рэкамэндацыі. Ён быў заслужаным юрыстам Беларусі і таксама гаварыў пра тое, што справа палітычная. Хутчэй за ўсё, на яго быў зроблены ціск, бо падчас працэсу, паводзіў сябе вельмі асьцярожна. Адносна адкрытай хлусьні ў справе (там стаяла, што месца затрыманьня Ігара не Масква, а нейкая беларуская вёска на мяжы з Расеяй) выказваўся вельмі баязьліва, маўляў, усё роўна нічога не дакажаш. Нічога не сказаў пра незаконную экстрадыцыю, пра тое, што ордэр на арышт выдалі празь некалькі дзён пасьля затрыманьня. А ён ведаў пра гэта ад самога пачатку. Што да Ігара, дык яму яго абаронца па-чалавечы падабаўся, бо падтрымліваў на спатканьнях у цяжкія хвіліны. Ад многіх іншых зьняволеных мне самой неаднойчы даводзілася чуць: усіх судзьдзяў, сьледчых ды адвакатаў трэба заганяць у адзін аўтобус ды везьці ў турму за парушэньне закону».

А вось уражаньні пра працу адвакатаў на працэсе па справе анархістаў Аляксандра Францкевіча. Яго судзілі разам зь Ігарам Аліневічам і Міколам Дзядком...Як лічыць Саша, назваць актыўным абаронцу Ігара было нельга... Аднак хіба можна на гэта сёньня спадзявацца ва ўмовах Беларусі?

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:45 0:00
Наўпроставы лінк


«У ідэале абаронцы ды праваабаронцы павінны працаваць разам»


Праваабарончая «Плятформа» была створаная у чэрвені 2011, то бок ужо пасьля судовага працэсу над анархістамі. Нягледзячы на тое, што арганізацыя займаецца справамі выключна крымінальных асуджаных, тое, што адбылася на судзе адсочвала... У тым ліку і адвакацкую працу.

Наша размова з Андрэем Бандарэнкам пачынаецца з пытаньня, ці існуюць сёньня ўвогуле адвакаты, якія дзеля выратаваньня сваіх кліентаў праводзяць уласнае расьсьледаваньне, а канкрэтна ў нашым выпадку, напэўна, маглі б паехаць у Маскву, паглядзець відэазапісы тых гандлёвых цэнтраў, знайсьці сьведкаў, далей паехаць у тую беларускую вёску, дзе быццам бы адбылося затрыманьне... Адвакаты маюць такое права.

У адказ праваабаронца прыводзіць прыклад з асуджаным на расстрэл беларусам Дзьмітрыем Хархалем, якому, менавіта дзякуючы высокапрафэсійнай і карпатлівай працы адваката, дарэчы, адзінаму з усіх «сьмяротнікаў», удалося дамагчыся замены вышэйшай меры на 15 гадоў турмы. Прычым, абарона адштурхоўвалася менавіта ад парушэньняў у працэдуры яго экстрадыцыі з Расеі ў Беларусь.

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
Бандарэнка: «Безумоўна, абаронца Ігара Аліневіча мог бы выставіць бясспрэчныя доказы невінаватасьці свайго падабароннага, а таксама доказы правапарушэньняў з боку абвінавачваньня. У поўнай ступені гэта зроблена не было. Аднак ня будзем забывацца пра тое, што справа таго ж Хархаля не была палітычнай ды і адбылося ўсё 10 гадоў таму. Сёньня шмат чаго зьмянілася ў горшы бок. Што тычыцца любога палітычнага працэсу ў краіне, то гаварыць тут пра існаваньне правасудзьдзя ці нейкай доказнай базы — нерэальна. Усе мы добра гэта разумеем, такія прысуды выносяцца зусім не ў кабінэтах судзьдзяў. Што застаецца ў выпадках, падобных таму, што зь Ігарам Аліневічам? Гэта супраца адвакатаў ды праваабарончых арганізацыяў. У ідэале яны павінны працаваць разам. Апошнія ў стане праводзіць збор і пошукі доказаў, якія з тых ці іншых прычынаў ня могуць рабіць адвакаты. Паралельна з гэтым абавязковая галоснасьць».

«Свабода ў турмах»: «Але ў выпадку з Аліневічам, паводле сьведчаньняў яго бацькоў, толькі абодва адвакаты Ігара адзначна сьцьвярджалі ў прыватнай размове, што гэта палітычная справа. Што тычыцца праваабаронцаў, то яны не адразу прызналі анархістаў палітычнымі. І цяпер таксама, здаецца, ня ўсё ясна з гэтым вызначэньнем... У выніку створаны свайго роду нейкі тупік у сэнсе абароны».

Бандарэнка: «Калі гаварыць пра справу Ігара, то тут побач з тым, што не дапрацоўвалі адвакаты, таксама не дапрацоўвалі праваабаронцы. Першыя ў зьвязку з агучанымі імі Ігаравым бацькам высновамі адносна палітычнай матываванасьці працэсу, не былі гатовыя пайсьці, скажам так, супраць лініі партыі і ў выніку быць пазбаўленымі ліцэнзіі. Што да праваабарончай супольнасьці, то нягледзячы на колькасьць дэбатаў адносна прызнаньня ці непрызнаньня Ігара Аліневіча ды іншых анархістаў палітзьняволенымі, яны не правялі нейкіх уласных дадатковых расьсьледаваньняў, а атрымлівалі інфармацыю выключана падчас судовых разьбіральніцтваў. І гэта не дазволіла ім канчаткова разабрацца ў тым, ці ёсьць гэты працэс палітычна матываваным, або гэта ўсё ж злачынства, за якое трэба панесьці пакараньне».


«Здалі свае ж сябры»


Як кажа 23-гадовы Саша Францкевіч, які сёлета на пачатку верасьня выйшаў на волю пасьля трохгадовай адседкі, адным з самых цяжкіх момантаў у гісторыі зь Ігарам, а таксама зь ім самім ды Міколам Дзядком, стала расчараваньне ў сваіх:

«Па сутнасьці, да лета 2010 спэцслужбы намі неяк і не цікавіліся... Бывала, што затрымлівалі падчас акцыяў, і ўсё. Але вось зь лета ўсё і панеслася. Сьледчыя пачалі прэсаваць нашых, абяцаць, што павесяць на іх розныя злачынствы. Многія перапалохаліся, а некаторыя пайшлі на супрацоўніцтва. Так былы наш сябар З. К. здаў мяне і Міколу Дзядка. Прычым яшчэ ў дадатак наплёў на нас невядома што. Другі таварыш А. Л. па даручэньні КДБ прызначыў спатканьне Ігару ля гандлёвага цэнтру і такім чынам здаў яго. Яшчэ М. В., якога, пэўна, білі ды так запалохалі, што пачаў здаваць, потым плакаць у судзе. За супрацоўніцтва ён быў вызвалены з судовай залі... Яшчэ адзін таварыш, які цягам году здымаў разам зь Ігарам кватэру, у выніку моцнага ціску даў паказаньні супраць сябра, але рабіць тое, што А. Л., не захацеў. Замест гэтага ўцёк зь Беларусі ў Чэхію. З-за мяжы даслаў у суд натарыяльна аформленую заяву, у якой адмаўляўся ад сваіх паказаньняў, паколькі рабіў іх пад ціскам».

«Усё гэта, зразумела, расчароўвае, — працягвае Аляксандар, — але людзі ёсьць людзі. Тым больш мы жывём у Беларусі. Нейкія высновы з гэтага ўсяго робіш... А вось Ігара мы ўсе чакаем. Спадзяёмся, што гэта адбудзецца як мага хутчэй. Ён моцны чалавек. Ён вытрымае. Гэта відаць зь яго лістоў да мяне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG