Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагадненьне з Іранам ня здыме санкцый зь беларускіх кампаній


Амбасадар Ірану ў МАГАТЭ Рэза Наджафі выступае ў Вене 29 лістапада.
Амбасадар Ірану ў МАГАТЭ Рэза Наджафі выступае ў Вене 29 лістапада.

20 сьнежня ўступае ў сілу пагадненьне па ядзернай праграме паміж Іранам і групай 5+1 (ЗША, Кітай, Нямеччына, Францыя, Вялікая Брытанія і Расея). Пра гэта заявіў старшыня арганізацыі па атамнай энэргіі Ірану Алі Акбар Салехі.

Пагадненьне, якое ўлады Ірана называюць «гістарычным рашэньнем», а прэм’ер-міністар Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу лічыць «гістарычнай памылкай», фіксуе гатовасьць Ірану замарозіць сваю ядзерную праграму на найбліжэйшыя паўгоду. «Шасьцёрка», у сваю чаргу, паслабіць санкцыі супраць краіны і адправіць на ядзерныя аб’екты Ірана міжнародных экспэртаў.

Аднак жыцьцё беларускіх фірмаў, якія трапілі пад санкцыі ЗША паводле Акту пра нераспаўсюд, гэта ніяк не палегчыць. КБ «Радар», ТМ «Services» і «Белзьнешпрамсэрвіс», найхтучэй, застануцца ў сьпісе кампаній, якія падазраюцца ў нелегальным супрацоўніцтве і пастаўках зброі і тэхналёгій у Іран.

Бамбіць ці дамаўляцца?

«Цяпер лепш устрымацца ад ацэнак, — камэнтуе заключанае пагадненьне Андрэй Саньнікаў, былы намесьнік міністра замежных справаў і кандыдат у прэзыдэнты. — Не магу пагадзіцца з тым, што гэта гістарычная перамога, хаця я заўжды быў прыхільнікам перамоваў. Але не магу пагадзіцца і з Нэтаньягу, што гэта гістарычная памылка. Пакуль што гэта часовае пагадненьне. І ад таго, як яно будзе выконвацца Іранам, шмат чаго залежыць».

Саньнікаў адзначае, што ядзерная праграма Ірана ўжо добра распрацаваная, і зьяўленьне міжнароднага кантролю на іранскіх аб’ектах пойдзе толькі на карысьць. Аднак, папярэджвае ён, Іран не адмаўляецца ад сваіх распрацовак і мае вялікі патэнцыял, каб стварыць уласную ядзерную зброю.

«Гэта вельмі пазытыўны крок, — выказвае сваё меркаваньне Сяргей Богдан, дасьледчык унівэрсытэту Гумбальдта ў Бэрліне, — але неймаверная шкода ўжо зробленая тым, што ўгода была зацягнутая. У рэгіёне існавала шмат пунктаў напружаньня паміж Іранам і Захадам, ці Іранам і рэгіянальнымі дзяржавамі, што прыводзіла да нестабільнасьці і канфлікту — пачынаючы ад Іраку, і іншых кропак».

Ірак не здарма згаданы ў гэтым кантэксьце. Цень амэрыканскай вайсковай апэрацыі ў 2003 годзе ўжо дзесяцігодзьдзе стаіць за ўсімі спробамі ЗША ўрэгуляваць сваю прысутнасьць у рэгіёне. Афіцыйнай падставай для ўварваньня ў Ірак стаў пошук зброі масавага зьнішчэньня.

Выглядае, што сёлетняе пагадненьне значна зьменшыла пагрозу вайсковай апэрацыі ў рэгіёне, прынамсі на час свайго дзеяньня: «Разгортваць далей напружанасьць зь Іранам ужо было праблемай для Захаду і для ЗША ў прыватнасьці. Таму пагадненьне — гэта кампраміс для ўсіх, — тлумачыць Богдан. — Яно ня будзе адпавядаць усім інтарэсам, але здыме шмат пытаньняў».

Богдан згадвае яшчэ і Сырыю, ад якой ЗША пад пагрозай вайсковай апэрацыі патрабуе выкананьня пагадненьняў па хімічным раззбраеньні і міжнародным кантролі. «Вырашэньне гэтага канфлікту зайшло ў тупік і паглынае ўсё больш рэсурсаў, — кажа дасьледчык.

Наконт сытуацыі з іранскай ядзернай праграмай Сяргей Богдан дадае: «Калі сесьці і разгледзець усе магчымыя опцыі без эмоцыяй, то адзіны варыянт, магчымы апрача гэтага пагадненьня, — гэта ня толькі бамбіць, але і рабіць уварваньне. А Ізраіль што сабе думае: што ён разбомбіць гэтыя два заводы і ўсё? Так было з Садамам, у якога напрацавалі замежнікі, і з Кадафі ці зь Сырыяй у 2007 годзе. Там сапраўды, разбамбілі — і вырашылі праблему».

Ізраіль ня раз прымаў рашэньне пазбавіцца ад ядзерных пагрозаў з боку суседзяў праз бамбаваньне ядзерных аб’ектаў. У 1981 адбылася апэрацыя «Опэра», падчас якой ізраільскія бомбы скіравалі на Ірак. У 2007 Ізраіль разбамбіў рэактар у Сырыі.

Але ядзерная праграма Ірану ўжо даўно базуецца на ўнутраным навуковым патэнцыяле, кажа Богдан: «Калі разбамбіць іхныя выпрабавальныя аб’екты, яны адбудуюць новыя, бо ў іх ёсьць свае спэцыялісты і свая экспэртыза. Трэба проста зьнішчаць усю інфраструктуру, дэмантаваць яе, і гэта магчыма зрабіць толькі сіламі такога вайсковага ўварваньня, падобнае да якога было ў Іраку. А ісьці на гэта ніхто ня хоча».

Такой сытуацыяй, па меркаваньні Андрэя Саньнікава, ўдала скарысталася новае кіраўніцтва Ірану. А менавіта Хасан Рухані, які ўсяго некалькі месяцаў таму пераняў прэзыдэнцкі пост ад Махмуда Ахмадзінэжада.

«Мне падалося, што ёсьць пэўнае падабенства ў тым, што адбываецца ва Ўкраіне, і вакол Ірану. — кажа Саньнікаў. — Я ня бачу, каб Януковіч хацеў падпісаць пагадненьне з Эўразьвязам, і пакуль ня бачу сур’ёзных намераў Ірану пайсьці на грунтоўныя рэформы. Я бачу, што Іран найперш выкарыстоўвае гэты шанец, каб палепшыць сваю сытуацыю, найперш эканамічную».

Беларусь — «ахвяра» санкцый супраць Ірану

А паляпшаць ёсьць што. На пачатку году кіраўніцтва Ірану заяўляла, што санкцыі, якія ў рознай ступені дзейнічаюць ужо ня першае дзесяцігодзьдзе, нанесьлі значную шкоду эканоміцы краіны. Хаця ацаніць гэтую шкоду ў лічбах і ўголас кіраўніцтва так і не рашылася. Праўда, паводле экспэртаў, дасягнуць галоўнай мэты — паўнавартаснага выхаду на рынак нафты, Ірану на працягу дзеяньня гэтага пагадненьня так і не ўдасца.

Саньнікаў ня згодны з тым, што вайсковая апэрацыя магла быць адзіным фактарам зьняцьця напружаньня ў рэгіёне. Паводле яго, санкцыі ў дачыненьні да Ірану дзейнічалі вельмі эфэктыўна.

Пра эфэктыўнасьць гэтых санкцыяў даведалася і Беларусь.

Ядзерныя амбіцыі Ірана былі зьвязаныя ў тым ліку і з папярэднім прэзыдэнтам Махмудам Ахмадзінэжадам. Ён уголас абвяшчаў пра посьпехі ў ядзернай галіне, хваліўся праектамі па ўзбагачэньні ўрану і да таго ж моцна сябраваў зь беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам. Прэзыдэнты абмяняліся візытамі, але спадзевы цягаць зь Ірану нафту ў Беларусь апынуліся занадта нерэалістычнымі.

Пагаворвалі нават і пра тое, што іранскія спэцыялісты дапамогуць беларусам будаваць АЭС. Але адзіным рэальным беларуска-іранскім праектам застаўся сумна вядомы аўтамабіль «Саманд». Заключанае на хвалі гарачага сяброўства пагадненьне пра вытворчасьць іранскіх аўтамабіляў на беларускай зямлі давялося прыпыніць у 2013 годзе. Мэнэджэры праекту заяўлялі, што гэта адбылося па прычыне эканамічных санкцый супраць Ірану і немагчымасьці аплаты паставак машынакамплектаў у Беларусь.

Але ня толькі беларускія аўтааматары, якія і так неахвотна куплялі іранскія аўтамабілі, пацярпелі ад палітыкі санкцый. Пяць беларускіх кампаній трапілі ў амэрыканскі Акт пра нераспаўсюд па падазрэньні ў пастаўках зброі і тэхналёгіяў у Іран.

Санкцыі на «Белтэхэкспарт» і «БелОмо» накладаліся яшчэ тады, калі доказаў таемнай супрацы паміж Беларусьсю і Іранам у вайскова-тэхнічнай сфэры не было, — кажа Сяргей Богдан. Магчыма, таму яны і былі зьнятыя ў сувязі са сканчэньнем тэрміну іх дзеяньня 23 траўня 2013 году.

Але 4 сьнежня 2012 году іранцы з дапамогай беларускай тэхнікі «прызямлілі» у сябе амэрыканскі бесьпілётнік. У выніку сёлета ў лютым у сьпіс кампаній, якім забароненая дзейнасьць у ЗША, трапілі КБ «Радар» і ТМ «Services».

У тым, што беларускім фірмам ад пагадненьня «шасьцёркі» зь Іранам нічога ня сьвеціць, згодныя абодва экспэрты. «Пакуль што гаворка пра гэтыя санкцыі не ідзе, — кажа Андрэй Саньнікаў. — Толькі пра санкцыі, якія тычацца экспарту нафты зь Ірану. І зараз я не бачу, каб міжнародная супольнасьць пайшла на скасаваньне санкцый, якія тычацца тэхналёгіяў».

Але нават калі б такое і адбылося, Беларусі будзе ня проста канкураваць зь іншымі магчымасьцямі, якія дае Ірану пагадненьне. «У Ірану нашмат больш варыянтаў цяпер, з кім яму супрацоўнічаць, — тлумачыць Сяргей Богдан. — Падзеі могуць разьвівацца па-рознаму. Напрыклад, Іран пойдзе на большую інтэграцыю з Захадам, і тады магчымасьці Беларусі зьнізяцца».

Пры гэтым, аднак, ня варта забываць, што ядзерная праграма Ірана стваралася пры непасрэдным удзеле спэцыялістаў з былога Савецкага Саюзу і Расеі. Таму, паводле экспэрта, Іран па-ранейшаму можа быць зацікаўлены атрымліваць зь Беларусі тэхналёгіі, бо гэта нашмат лягчэй і таньней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG