Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адклаў «адкручваньне галоваў» да сакавіка


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка паабяцаў вырашыць усе кадравыя і арганізацыйныя пытаньні ў органах дзяржкіраваньня не пазьней за канец сакавіка 2014 году. Пры гэтым ён нагадаў ураду і Нацбанку пра адказнасьць за сытуацыю на валютным рынку краіны.

Лукашэнка на пачатку нарады папрасіў усіх расслабіцца, «бо па розных прычынах і ў СМІ, і ў нашым грамадзтве напальвалася абстаноўка, і ў сувязі з гэтым хтосьці, напэўна, сюды прыйшоў як у апошні дзень, як на барыкады, — хтосьці чакае ўзрушэньняў».

«Рэвалюцыі ня будзе. Усе пытаньні — і арганізацыйныя , і кадравыя — будуць вырашаны максымум у межах першага квартала будучага года эвалюцыйна», — заявіў Лукашэнка, прымаючы ўрад і Нацбанк са справаздачай аб выніках разьвіцьця эканомікі і яе пэрспэктывах, перадае Інтэрфакс.

Ён нагадаў ураду пра неабходнасьць няўхільнага выкананьня ўсіх раней дадзеных даручэньняў. Ён таксама папярэдзіў урад і банкаўскі сэктар пра адказнасьць за стабільнасьць на валютным рынку.

«Сёньня я шчыра скажу, пра што папярэджваў старшыню праўленьня Нацбанка і прэм’ер-міністра. За стабільнасьць на валютным рынку адкажуць яны абодва і банкіры, якіх яны вызначылі, — гэта дзесятак ці паўтара. А то ў нас банкі самі па сабе разьвіваюцца, бачыце, жывуць у рынкавай эканоміцы, а народ і дзяржава — самі па сабе. Як быццам банкі грошы не зарабляюць ад эканомікі Беларусі. Яшчэ раз папярэджваю: зона адказнасьці кожнаму вызначана — галосна або негалосна. Думаю, банкіры мяне пачулі. І мне ўсё роўна, якія яны і зь якім капіталам: заходнім, расейскім ці беларускім. Вы прыйшлі сюды працаваць, вы абяцалі гэтую стабільнасьць — працуйце разам з урадам», — адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама выказаў занепакоенасьць тым, што пляны ўрада на 2014 год крыху адарваныя ад рэальнага становішча спраў у эканоміцы.

«Падобна на тое, што толькі сёньня прысутныя тут губэрнатары, міністры, кіраўнікі вядучых валаўтваральных прадпрыемстваў пачынаюць высьвятляць, якія задачы ім трэба будзе вырашаць у наступным годзе. Насьцярожвае, што ніхто не напружваецца, не пацее і не спрачаецца вакол прагнозных паказчыкаў. І наогул кажучы — гэта нонсэнс. Звычайна да гэтага часу паступала процьма зваротаў з просьбамі і скаргамі. А цяпер — мёртвая цішыня. Няўжо так хутка дамовіліся і маеце адзінае меркаваньне на гэты конт?» — спытаўся Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка апошнім часам вельмі моцна публічна крытыкаваў урад. Так, два тыдні таму ён на ўсю краіну паабяцаў «адкруціць галовы» ураду за невыкананьне праграмы будаўніцтва лягістычных цэнтраў. Да гэтага дадалася і крытыка ўрадоўцаў за зрыў праграм мадэрнізацыі шэрагу галінаў эканомікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG