Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Кізіма: А ў Нью-Ёрку дзеці не даядаюць


Загадчык катэдры міжнародных адносін Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь Сяргей Кізіма ўзяў удзел у круглым стале «Беларусь і Эўрапейскі Зьвяз: Ці ёсьць шанцы выйсьці з замкнёнага кола?», які сёньня адбыўся ў Вільні ў рамках кірмашу «Вў-ROOM». Ён стаў адзіным прадстаўніком беларускіх уладаў, які наведаў гэты форум.

Сяргей Кізіма заявіў, што ў Беларусі «няма праблемы правоў чалавека і палітычных вязьняў, а ёсьць праблема дыскрымінацыі Рэспублікі Беларусь, таму што Брусэль і Вашынгтон увялі супраць Беларусі эканамічныя санкцыі за яе палітычную арыентацыю».

У якасьці прыкладаў падвойных стандартаў Захаду адносна Беларусі спадар Кізіма назваў тое, што новы ўрад Грузіі нядаўна прызнаў, што ў гэтай краіне пры папярэдняй уладзе было 180 палітвязьняў.

«Чаму 9 гадоў ніхто на Захадзе не заўважаў гэтых 180 палітвязьняў, а заўважаў 20-30 палітвязьняў у Беларусі?» — спытаў спадар Кізіма.

І сам даў адказ: гэта адбывалася таму, што Грузія мела антырасейскую арыентацыю, а Беларусь — прарасейскую. Спадар Кізіма яшчэ зазначыў, што Захад ня лічыць дэмакратычным караля Саудаўскай Арабіі, які мае абсалютную ўладу, і адначасова лічыць недэмакратычным прэзыдэнта і парлямэнт Беларусі, якія рэгулярна абіраюцца на выбарах. Кізіма назваў гэта дыскрымінацыяй Беларусі, якая адбываецца з-за таго, што краіна ня мае нафты альбо вялікай эканомікі.

Сяргей Кізіма таксама заявіў, што ў Беларусі шмат пазытыву, які ня бачаць на Захадзе:

«У Нью-Ёрку 20 працэнтаў дзяцей ня маюць рэгулярнага харчаваньня, як прызналі ў адной з праваабарончых арганізацый. Беларусь жа знаходзіцца сярод 5–10 краінаў у сьвеце, у якіх, паводле ААН, дзеці найлепш забясьпечаныя харчаваньнем. У Беларусі 95 працэнтаў дзяцей ходзяць у садочкі».

Былы кіраўнік назіральнай групы АБСЭ на выбарах Палаты прадстаўнікоў 2012 года Антоніё Мілашоскі заявіў у адказ на гэтыя выказваньні прадстаўніка афіцыйных беларускіх уладаў, што гэтыя параўнаньні зьяўляюцца формай апраўданьня. Ён нагадаў, што ў Беларусі не рэалізоўваюцца правы на асацыяцыі і свабоду слова, што выбары праходзяць несумленна, апазыцыя ня мае прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях, а падлік галасоў адбываецца непразрыста.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG