Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вечна другі


Каму камунізм, а каму Някрасаў для нэкралёгу: «Які сьвяцільнік розуму пагас, якое сэрца біцца перастала!» — ужыў прыгожую цытатку Ленін, калі даведаўся пра сьмерць Энгельса. Сэрца ў Энгельса і праўда было добрае: вялікае, чатырохтактнае, даўгавечнае... Давезла амаль да канца стагодзьдзя. І сьвяцільнік ён меў неблагі — ня кожны немец здолее чытаць Пушкіна ў арыгінале; прынамсі, асьляпіць Энгельс з Марксам здолелі шмат каго... А некаторым пралілі сьвятло на ісьціну — пляма засталася, не адцерці.

Энгельс з Марксам: тут наўмысна парушаны адвечны парадак словаў, каб паглядзець, што будзе. Бо Энгельс заўжды выклікаў больш спагады за свайго сябрука менавіта праз тое, што пісаўся другім, пасьля коскі або сьціплага «і». Зьмякчальная акалічнасьць. І наўрад ці рэч тут у альфабэце. Скажы «Энгельс з Марксам» — бачыш, нічога ня здарылася, а значыць, сіла была не ў субардынацыі.

Калі Фрыдрых Энгельс паміраў у Лёндане ў 1895-м, дык мог сказаць, не саромеючыся, што ў іх з Марксам атрымалася зьмяніць сьвет. Калі б Сталін быў такім інтэлектуалам, ад сьвету наагул нічога не засталося б.

А нарадзіўся Энгельс 28 лістапада 1820-га ў Бармэне каля Вупэрталю. Тыя, хто прыдумляе біяграфіі знакамітым людзям, расказваюць, што калі Энгельсу было шэсьць, ён шмат думаў пра бога. І не баяўся палохаць сямейных такімі маналёгамі:

«Я ведаю, хто такі бог! Гэта злосны, несправядлівы дзед! Ён любіць, каб яго заўжды хвалілі, і карае тых, хто мала яму кланяецца! За што ён загубіў таго хлопчыка на фабрыцы? Мы ўсе здаровыя, хата ў нас вялікая, а рабочыя на татавай фабрыцы хворыя, жывуць бедна! Чаму бог ім не дапамагае?»

Калі Энгельс вырас, ён працягваў палохаць дарослых.

«Грамадзтва, якое па-новаму арганізуе вытворчасьць на аснове вольнай і раўнапраўнай асацыяцыі вытворцаў, выправіць дзяржаўную машыну туды, дзе ёй найлепшае месца — у музэй старажытнасьці, побач з калаўротам і бронзавай сякерай».

Як водзіцца ў інтэлектуалаў, ён аддаў даніну таму, што называецца «паліваць радзіму брудам»:

«Якая прыгожая расейская мова! Усе перавагі нямецкай безь яе жахлівай грубасьці!»

Адзін з заснавальнікаў марксізму... Чаму не энгельсізму? Нават гэта робіць Энгельса чалавечнейшым. Знайсьці ў Энгельсе чалавечае няпроста, але з кожным дзесяцігодзьдзем усё лягчэй. Ён любіў ірляндзкае рагу. Мог каструлю зьесьці і з Марксам не падзяліцца: капітал капіталам, а бараніны на ўсіх ня хопіць. Хіба мог кепскі чалавек так любіць ірляндзкае рагу? Нядаўна ў Нямеччыне выйшла кніжка пра такіх Маркса і Энгельса, пра якіх гаварыць было не прынята. У іх яны паўстаюць нармальнымі такімі людзьмі: ксэнафобамі, расістамі і эгаістамі. «У Індыі наагул не было гісторыі», — казаў Энгельс. Які лічыў, што Бэльгію і Нідэрлянды трэба германізаваць. Які ненавідзеў гомасэксуалістаў і абзываў Лібкнэхта нецэнзурнымі словамі, якія хаця і маюць усе «перавагі нямецкай мовы безь яе жахлівай грубасьці», але наўрад ці вартыя цытаваньня. Стары, несправядлівы дзед, які, як і кожны з нас, любіў, каб яго хвалілі, і караў тых, хто мала кланяецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG