Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малпа, якая хацела быць Богам


Шум у залі сьціх. Ён выйшаў на падмосткі, прысланясь... і гэтак далей. Скруціў хвост і схаваў на сьпіне, каб ніхто не пабачыў. Час хвастоў яшчэ не надышоў.

«Скажыце, містэр Гакслі, вось гэтыя вашыя погляды... Ці не атрымалі вы іх у спадчыну ад малпы — якая, як вы нам тут расказваеце, была вашай, даруйце, пра-пра-пра-бабуляй?..» — спытаў, пераможна ўсьміхаючыся, біскуп Ўілбэрфорс, і зірнуў на аўдыторыю: як я яго, га?...

Размова адбывалася ў музэі гісторыі прыроды Оксфардзкага ўнівэрсытэту. Народу набілася — яблыку не было дзе ўпасьці. Або банану. Лэдзі Брустэр страціла прытомнасьць, калі пачула, што за тэма тут абмяркоўваецца. Гакслі абвёў позіркам публіку — і зь нейкай дзіўнай расчуленасьцю ўявіў сабе ўсіх гэтых чырванатварых студэнтаў, тоўстых прафэсараў і завітых спадарынь як хвастатых істотаў зь сяржанцкімі сківіцамі, істотаў, якія корпаюцца адзін у аднаго ў бухматай поўсьці, адшукваючы блох. І зноў яго наведала пачуцьцё цудоўнай гармоніі.

«Я з большай радасьцю пагадзіўся б весьці свой радавод ад малпы, чым ад невука», — прамовіў ён спакойна, гледзячы біскупу проста ў вочы.

Воплескаў у той вечар Гакслі дасталася ня менш.

Чалавек, які выклікаў такія жарсьці, — Чарлз Дарвін, у залі адсутнічаў. Між тым, гэта ягоная кніга пад ляканічнай назвай «On the Origin of Species by Means of Natural Selection, or the Preservation of Favoured Races in the Struggle for Life», якая выйшла 24 лістапада 1859 году ў выдавецтве Джона Марэя, паклала пачатак «малпавым войнам» — судовым працэсам, дэбатам, забаронам і нават забойствам, якія не спыняюцца да сёньняшняга дня. Хаця ў самой кнізе Дарвіна пра малпаў нідзе наўпрост ня сказана, што яны продкі чалавека (Дарвін асьцярожна і досыць аргумэнтавана сфармулюе гэта ў пазьнейшых працах), малпіна тэма на той час была, як кажуць, актуальнай: і кожнага вучонага правяралі на чысьціню, то бок ягоную магчымую схільнасьць да блюзьнерства... Адно лішняе слова — і...

Апошні з сучасных скандалаў, якія адбываліся параўнальна недалёка ад Беларусі, праходзіў у сумныя часы, калі тэорыя Дарвіна лічылася састарэлай, і скончыўся перамогай дарвінізму над 15-гадовай Машай Шрайбэр. Дзяўчынкай, якая не хацела мець бабулю-малпу, бо тата навучыў Машу, што малпа — гэта д’ябальская істота, а жанчын робяць з рэбраў, як рагу. Дарвіна забаранялі так часта, быццам ён быў адначасова парнографам, экстрэмістам, нацыстам, яўрэем, камуністам, какаіністам, постмадэрністам і вэйсманістам-марганістам. А да яго насамрэч немагчыма было прыклеіць ніводнае з вызначэньняў, апрача аднаго — навуковец. Усё астатняе — ад нячыстага. Чалавек ён або малпа — якая розьніца.

У юнацтве Чарлз Дарвін хацеў зрабіцца сьвятаром. Больш за ўсё на сьвеце яго цікавілі Сьвятое пісьмо і жукі. «Я ня меў ніякага жаданьня аспрэчваць ніякія догмы, але пры гэтым я ня быў такім ужо дурнем, каб сказаць сабе пра нешта: веру, бо гэта неверагодна», — успамінаў аўтар «Паходжаньня відаў». Цяжка сказаць, жукі тут перамаглі або генэтыка: Дарвінаў дзядуля быў такі самы скандаліст, ды яшчэ і паэт. Прынамсі, свае погляды на тое, якую ролю ў эвалюцыі адыграла барацьба за існаваньне, ён выклаў у рыфмаванай форме амаль за стагодзьдзе да таго, як унук прымусіў сьвет здрыгануцца, а чалавецтва адчуць, што на копчыку ў яго нечага не хапае.

Выдавец Джон Марэй не прагадаў. Усе 1250 асобнікаў кніжкі Дарвіна былі раскупленыя за некалькі дзён, праз два месяцы выйшла другое выданьне. Людзям заўжды было цікава, адкуль усё ўзялося і куды яно падзенецца, калі надыдзе час. Цяпер і малпе ясна, што ня мелі рацыі ні дарвіністы, ні іх праціўнікі, ні крэацыяністы, ні лямаркісты, ні нацысты, ні камуністы, ні какаіністы, ні парнографы. Ні нават тыя, хто пайшоў трэцім шляхам і ўдакладніў усіх на сьвеце. Абсалютна зразумела, што ўсе мы паходзім з аднаго пакеціка з чыпсамі, які некалі даўно забыў некалі на гэтай плянэце заблукалы ў міжземных прасторах астранаўт. Чыпсы былі рознай формы, адсюль і разнастайнасьць. Усе хрусьцелі, усе крышыліся, усе былі з сырам. І з часнычком, спадары біскупы, і з часнычком.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG