Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паляўнічыя на пэдафілаў баяцца помсты


Ва Ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці паведамілі, што пакуль не ўзбуджалі справу па факце інцыдэнту з затрыманьнем грамадзяніна, які трапіў у пастку, расстаўленую паляўнічымі на пэдафілаў з руху «Больш быць, чым здавацца».

Матэрыялы на гэты конт у Сьледчы камітэт перадала берасьцейская міліцыя, якая прыбыла ў кватэру, дзе самадзейныя змагары з пэдафіламі затрымалі жыхара абласнога цэнтру.

У сацыяльныя сеткі трапіла інфармацыя пра тое, што берасьцейскія актывісты руху «Больш быць, чым здавацца» злавілі галоўнага рэдактара аднаго зь берасьцейскіх выданьняў, які прыйшоў на сустрэчу з падлеткам. Праз сацыяльныя сеткі нібыта дамовіліся пра спатканьне на кватэры, падрыхтаванай паляўнічымі на пэдафілаў. У сацыяльных сетках называлася і прозьвішча гэтага чалавека.

Зьвязацца з рэдактарам, які трапіў у гэтую гісторыю, карэспандэнту Свабоды не ўдалося. У офісе газэты сказалі, што ён у камандзіроўцы. Мабільны тэлефон не адказваў.


Берасьцейскі лавец пэдафілаў: «За мной сочаць»


Затое ўдалося знайсьці аднаго зь берасьцейскіх лаўцоў пэдафілаў, які ўдзельнічаў у тым інцыдэнце.

Актывіст берасьцейскага руху барацьбы з пэдафіламі «Больш быць, чым здавацца» Аляксей апавёў, што свае выкрыцьці яны ладзяць праз сацыяльныя сеткі. Якраз гэтак, шляхам ліставаньня з 15-гадовым хлопчыкам, да іх трапіў і рэдактар.

У ліставаньні, кажа Аляксей, чалавек заяўляў пра намер учыніць сэксуальныя дзеяньні з падлеткам, але калі прыйшоў на кватэру, то пачаў казаць, што ён гандляр нацяжной стольлю. Потым увогуле заявіў, што ён журналіст і піша артыкул пра барацьбу з пэдафіламі.

«Да словаў пра пісаньне артыкула я стаўлюся як і да словаў пра тое, што ён хацеў прадаць 15-гадоваму хлопчыку нацяжную столь. Бо ліставаўся ён з хлопчыкам і дзьверы яму адчыніў хлопчык», — кажа Аляксей.

Аляксей апавёў, што актывісты не прымяняюць да злоўленых пэдафілаў фізычнага гвалту, а запісваюць зь імі інтэрвію і выклікаюць міліцыю. Гэтак, кажа суразмоўца, было і ў выпадку з рэдактарам. Міліцыянтам перадалі ліставаньне ў сацыяльнай сетцы, а таксама запіс інтэрвію.

Выпадак з галоўным рэдактарам выклікаў шырокі грамадзкі розгалас. А паляўнічы на пэдафілаў кажа, што ў яго ўзьніклі праблемы:
Ведаючы сувязі рэдактара, я не зьдзіўлюся, што мяне „зачыняць“ ці „паставяць пад нож“

«Цягам трох дзён за мной неяк ня надта прыхавана езьдзяць і ходзяць два пэрсанажы. Праўда, сёньня пакуль што іх не назіраю. Ведаючы сувязі рэдактара, я не зьдзіўлюся, што мяне „зачыняць“ ці „паставяць пад нож“. Так што, выходзячы ў краму, іду зь пяцьцю малойчыкамі», — апавядае Аляксей.

Аляксей выказаў сваё меркаваньне наконт таго, як будзе далей разьвівацца справа з рэдактарам:

«Па сутнасьці, пасадзіць яго няма за што, бо факту гвалту няма. Тут больш маральнае злачынства, чым крымінальнае. Але справа ў тым, што бацькі хлопчыка гатовыя напісаць заяву, што да іх сына дамагаўся ў інтэрнэце той рэдактар, пры гэтым ёсьць два такія хлопчыкі, адзін у Кобрыні, другі ў Берасьці. Але нашыя органы правааховы гэта не зацікавіла. Асабіста маё меркаваньне, што яго пакараюць толькі пры грамадзкім рэзанансе».

Аляксей кажа, што ў Берасьці ўжо бывалі падобныя выпадкі, якія атрымлівалі розгалас. Аднаго разу лаўцы пэдафілаў злавілі выкладчыка будаўнічага каледжу, які ўрэшце так і ня быў пакараны.

Суразмоўца кажа, што іхняя дзейнасьць мае некаторыя прафіляктычныя вынікі:

«Раней хлопчыкам цягам дня пісалі каля 40 мужчын. Цяпер 1–2. І то, як даведаюцца пра ўзрост, ад сустрэчы адмаўляюцца і пішуць, каб перадаваў прывітаньне Аляксею. Праблему мы ня вырашым, але паселім страх у галовах вычварэнцаў, каб у нас іхнія пэдафільскія замашкі не прайшлі».


Бастунец: Паляўнічыя на пэдафілаў выкарыстоўваюць правакацыю


Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец адзначае, што ў такой сытуацыі СМІ павінны быць вельмі стрыманымі, некага абвінавачваючы:

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец
«Этычныя кодэксы і прававыя нормы патрабуюць, пакуль абвінавачаньне не пацьверджана, не праверана кампэтэнтнымі органамі, устрымлівацца ад тых зьвестак, якія могуць некага ідэнтыфікаваць. Тым больш, як у дадзеным выпадку, калі падазрэньні былі распаўсюджаныя і тычыліся адразу некалькіх галоўных рэдактараў. Іх у Берасьці тры-чатыры. І няўдалая фармулёўка прывяла да таго, што кожны зь іх мог аказацца падазраваным. Гаворка ідзе ня толькі пра тое, што нельга называць прозьвішча чалавека, пакуль яго віна ня будзе пацьверджана. Праблема ў тым, што нельга даваць і нейкіх ускосных зьвестак, якія могуць дазволіць яго ідэнтыфікаваць, і тым больш — якія могуць дазволіць распаўсюдзіць гэтае абвінавачаньне ўскосна і на астатніх людзей».

Карэспандэнт: «А як з пункту гледжаньня праваабаронцы можна ацаніць дзейнасьць такіх суполак, як «Больш быць, чым здавацца», якія займаюцца выкрываньнем пэдафілаў?

Бастунец: «Ёсьць пэўныя пытаньні да дзейнасьці гэтых груповак, бо не заўсёды тыя сродкі, якія яны выкарыстоўваюць, адпавядаюць заканадаўству. Калі мы кажам нават пра нейкія сьледчыя экспэрымэнты і гэтак далей, яны павінны выключаць зь сябе правакацыю. А тут мы бачым, што часьцяком правакацыі ўжываюцца такімі групоўкамі. І па-другое, далёка не заўсёды яны, мякка кажучы, карэктна паводзяць сябе з тымі, хто трапіў у такую пэўную пастку. І тут таксама да іх могуць узьнікаць пытаньні з пункту гледжаньня праваахоўных органаў. Калі яны ўжо сваю дзейнасьць выбудоўваюць, то мусяць шчыльна працаваць з праваахоўнымі органамі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG