Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадкавае самагубства Казака і адстаўкі


У Сьледчым камітэце паведамілі, што завершана сьледзтва па факце самагубства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака.

«Прыкметаў гвалтоўнай сьмерці не ўстаноўлена. Прычыны самагубства ляжаць у плоскасьці псыхалёгіі», — паведаміў карэспандэнту Свабоды начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Беларусі Павал Траулька.

Ён дадаў, што ніякай іншай інфармацыі падавацца ня будзе ў зьвязку з магчымай рэакцыяй родных.

Факт сьмерці падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака доўгі час хавалі ад журналістаў. Спачатку інфармацыю пра яго самагубства не пацьвярджалі ні ў КДБ, ні ў Сьледчым камітэце. Свабода першай напісала пра тое, што падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака знайшлі забітым у лесе. Пра гэта паведамілі сябры каапэратыву індывідуальных забудоўшчыкаў «Пэйзаж» непадалёк ад Ждановічаў.

Пасьля гэтага, 9 лістапада 2012 году, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку старшыню КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава.

Гэта адбылося ў адзін дзень з нарадай, на якой абмяркоўвалася дзейнасьць КДБ. Тады па выніках нарады тагачасны дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Леанід Мальцаў адзначыў, што ў сваіх выступах генпракурор і старшыня Сьледчага камітэту паставілі шэраг пытаньняў, у тым ліку адносна самагубства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака.

«Усім вядома пра самагубства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака. Ёсьць і шэраг іншых пытаньняў, якія патрабуюць уважлівага расьсьледаваньня», — заявіў Леанід Мальцаў.

Тады ж Мальцаў сказаў, што яму даручана выконваць абавязкі старшыні КДБ. «Але гэта не азначае, што Вадзім Зайцаў пасьля завяршэньня расьсьледаваньня ня зможа вярнуцца на гэтую пасаду. Калі расьсьледаваньне пакажа кампэтэнтнасьць яго і іншых службовых асобаў, то, па-за ўсялякімі сумневамі, ён будзе вернуты на гэтую пасаду. Гэта зроблена для таго, каб расьсьледаваньне было праведзена максымальна аб’ектыўна», — сказаў Мальцаў.

Аднак пасада старшыні КДБ не засталася пустою. Ужо 19 лістапада Лукашэнка прадставіў новага старшыню КДБ Валера Вакульчыка, якога назваў «Зайцавым у квадраце». Лукашэнка патлумачыў, што асноўнай прычынай адстаўкі Вадзіма Зайцава з пасады старшыні стала нездаровая маральна-псыхалягічная абстаноўка, якая склалася ў асобных падразьдзяленьнях КДБ.

Лукашэнка таксама ўзгадаў тады пра сьмерць падпалкоўніка Казака: «Натуральна, я быў вымушаны зьвярнуць увагу на такую сытуацыю і зрабіць сур’ёзныя захады. Спачатку быў адпраўлены ў адстаўку начальнік упраўленьня ўласнай бясьпекі КДБ, а сьледам і старшыня».

Цяпер, пасьля заканчэньня сьледзтва па справе самагубства Казака, высьветлілася, што пасады дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі пазбаўлены Леанід Мальцаў. Ён пераведзены на пасаду старшыні памежнага камітэту. Лукашэнка пакуль ніяк не патлумачыў такую кадравую зьмену. Пасада дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі застаецца вакантнай. Пакуль невядома, ці вернецца Вадзім Зайцаў.

47-гадовы Аляксандар Казак быў супрацоўнікам УКДБ па Менску і Менскай вобласьці, начальнікам Менскага міжрайаддзелу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG