Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выдаў указ: будаваць АЭС. Праекту няма


Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ N499 «Аб будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі».

Нягледзячы на тое, што на гэта няма згоды Літвы, і што на гэты момант няма завершанага праекту будаўніцтва ўсёй станцыі.

Пра падпісаньне указу аб будаўніцтве Беларускай АЭС паведамілі ў прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі:

«Гэты ўказ дазваляе генэральнаму падрадчыку, ЗАТ „Атамбудэкспарт“ (Расейская Фэдэрацыя), пачаць узьвядзеньне Беларускай АЭС».

У прэсавай службе Лукашэнкі адзначылі, што да цяперашняга часу Беларусь завяршыла неабходную падрыхтоўчую працу для пачатку будаўніцтва АЭС, у тым ліку ў рамках прынятых міжнародных абавязацельстваў, а таксама «распрацаваная праектная дакумэнтацыя».

Указ быў падпісаны нягледзячы на нядаўні пратэст Літвы.

МЗС Літвы 30 лістапада выступіла з заявай з нагоды будоўлі АЭС у Астраўцы, непадалёк ад літоўскай сталіцы:

«МЗС Літвы зьвяртае ўвагу, што працэс ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў рамках Канвэнцыі Э́спаа яшчэ не завершаны, таму будаўнічыя працы на тэрыторыі АЭС і рашэньне па ўсталяваньні ядзернага абсталяваньня зьяўляюцца відавочным невыкананьнем палажэньняў канвэнцыі. Беларусь заклікаецца падаць падрабязныя адказы на ўсе пытаньні, узьнятыя літоўскім бокам, а таксама прыняць пад увагу заўвагі літоўскіх экспэртаў і грамадзкасьці і прытрымлівацца патрабаваньняў Канвэнцыі Эспаа».

18 кастрычніка 2013 года на сэсіі Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу старшыня Астравецкага райвыканкаму Адам Кавалька паведаміў:

«З 5 лістапада афіцыйна пачнуцца працы на самой АЭС. Падрыхтоўчыя працы на рэактарах № 1 і № 2 выкананы практычна на 100 працэнтаў».

Разам з тым Кавалька зазначыў, што тэмпы будаўніцтва маглі б быць вышэйымі, а выдаткі меншымі, «калі б своечасова выконвалася праектаваньне». У гэтай частцы ёсьць праблемы і па АЭС, заявіў ён.
Гэты праект яшчэ ніхто не прэзэнтаваў, ніхто не патлумачыў, як будзе выглядаць станцыя, якой будзе яе сыстэма бясьпекі, дзе будуць складаць ядзерныя адкіды

Незалежны адмысловец Юры Варонежцаў занепакоены тым, што Беларуская АЭС будуецца без узгадненьня ня толькі з суседзямі, але і зь беларускім грамадзтвам, і нават без завершанага праекту:

«У Беларусі гэты праект яшчэ ніхто не прэзэнтаваў, ніхто не патлумачыў, як будзе выглядаць станцыя, якой будзе яе сыстэма бясьпекі, дзе будуць складаць ядзерныя адкіды. З досьведу я ведаю, што нікуды іх ня будуць вывозіць, іх будуць вытрымліваць у вялікіх рэзэрвуарах з вадой ад 3 да 8 гадоў, гэта якраз тое, што выбухнула на Фукусіме. Але дзе будуць гэтыя рэзэрвуары, ніхто так і не сказаў нам. І такіх пытаньняў сотні.

Я спадзяюся, што проста ў Расеі фізычна нам ня змогуць зрабіць рэактар у плянаваны тэрмін і што да 2020 ці 2022 году АЭС не запрацуе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG