Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычная моладзь пойдзе на выбары, каб распавесьці, што выбараў няма


Марына Хоміч і Аляксандра Васілевіч
Марына Хоміч і Аляксандра Васілевіч

29 кастрычніка ў Менску на прэс-канфэрэнцыі «Маладыя хрысьціянскія дэмакраты» і «Маладыя дэмакраты», а гэта моладзевае аддзяленьне АГП, абвясьцілі пра свой удзел у мясцовых выбарах, якія маюць адбыцца не пазьней за 24 сакавіка 2014 году.

Апазыцыйныя партыі па-рознаму адрэагавалі і на ўнутрыапазыцыйныя спрэчкі — «ўдзел ці байкот», — і на папраўкі ў Выбарчы кодэкс, паводле якіх цяпер забараняецца заклікаць да байкоту выбараў і да няўдзелу ў галасаваньні.

Так, сёньня моладзевыя фракцыі БХД і АГП прадставілі журналістам сваю стратэгію. Лідэрка «Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў» Марына Хоміч і лідэрка «Маладых дэмакратаў» Аляксандра Васілевіч запрасілі прадстаўнікоў СМІ, каб паведаміць, па іх словах, вельмі пазытыўную навіну: прадстаўнікі іхніх арганізацыяў пойдуць на мясцовыя выбары, каб распавесьці ўсім, што выбараў у краіне няма.

«Пры адсутнасьці выбараў у нашай краіне, — кажа Аляксандра Васілевіч, — гаварыць пра нейкую перамогу — прынамсі глупства». Аднак на выбары абедзьве арганізацыі ідуць. І, па словах Аляксандры, гэта будзе «вялікая інфармацыйная кампанія».

Распачала прэс-канфэрэнцыю Марына Хоміч:

«Улічваючы тое, што старэйшыя партыі абсалютна ні пра што ня могуць дамовіцца, мы выкарыстоўваем гэтую кампанію разам. З апошніх выбараў нічога ў краіне не зьмянілася. Як і ў апошнія шмат гадоў, выбараў у краіне няма. Сёньня мы лічым іх несапраўднымі і нелегітымнымі.
Мы выкарыстаем гэтую кампанію для таго, каб голас моладзі быў пачуты, каб распавесьці, што ў краіне знаходзяцца маладыя палітвязьні

Сёньня мы, падкрэсьліваючы тое, што сцэнар выбараў не зьмяніўся, Ярмошына будзе праводзіць іх па старым сцэнары, але ў сувязі з непрызнаньнем гэтых выбараў, што ў краіне знаходзяцца палітвязьні, мы выкарыстаем гэтую кампанію для таго, каб голас моладзі быў пачуты, каб распавесьці, што ў краіне знаходзяцца маладыя палітвязьні. Распавесьці, што ў краіне нічога не зьмянілася».

Да словаў Марыны далучылася Аляксандра Васілевіч.

«Хачу падкрэсьліць, мы будзем выкарыстоўваць мясцовую кампанію для таго, каб агульнае пасланьне моладзі было пачутае. Толькі калі моладзь аб’ядноўваецца, каб абараняць свае інтарэсы, у краіне магчымыя перамены. Пакуль голас асобнага чалавека, у тым ліку і маладога, ні на што не ўплывае, мы ня можам рэальна ўплываць на зьмены ў краіне, мы ня можам уплываць на тое, дзе і як будуць вучыцца нашыя дзеці, у тым ліку і моладзь».

Марына Хоміч падкрэсьліла, што яны не зьбіраюцца заклікаць людзей да галасаваньня. «Будзем толькі казаць, што моладзь — гэта галоўная сіла краіны, гэта будучыня краіны».

Абедзьве дзяўчыны падпісалі падчас прэс-канфэрэнцыі рэзалюцыю, прынятую на зьезьдзе БХД. Марына заклікала ўсе моладзевыя арганізацыі далучацца да іх, аднак на пытаньне, ці вядуцца перамовы зь іншымі рухамі, шчыра адказала: «Не».

Маладыя хрысьціянскія дэмакраты вылучылі 50 «прамоўцаў», як іх называе Марына Хоміч, для ўдзелу ў мясцовай выбарчай кампаніі. Яны і стануць кандыдатамі ў дэпутаты. Па словах Аляксандры Васілевіч, «Маладыя дэмакраты» з колькасьцю ўдзельнікаў яшчэ ня вызначыліся. «Мы робім стаўку не на колькасьць, а на якасьць, — кажа яна. — Каб калі здарыцца цуд і нехта выйграе, у гарсавет прыйшоў чалавек, які хаця б мог адстаяць свой пункт гледжаньня».

«Мы, як і дарослая партыя, высоўваем сваіх сьпікераў на выбары, але гэта не дэпутаты, — кажа Васілевіч, — гэта людзі, якія дакладна ведаюць, што выбараў у краіне няма, і яны будуць выкарыстоўваць дадзеную ўладай магчымасьць данесьці свой пункт гледжаньня як найбольшай колькасьці людзей. Гэта проста будзе вялікая інфармацыйная кампанія».
Гэта проста будзе вялікая інфармацыйная кампанія

«Выбараў няма, — раз за разам паўтараюць абедзьве лідэркі. «А што ж будзе, калі раптам кагосьці з вашых прамоўцаў абяруць у дэпутаты?» — задае пытаньне Радыё Свабода.

«Абяруць — і цудоўна! Будзем далей працаваць! — з імпэтам адказвае Марына. — Але, улічваючы сёньняшнюю сытуацыю, гэтаму нічога не спрыяе!»

«Малады фронт» — яшчэ адзін моладзевы рух, які зьвязвае свае палітычныя амбіцыі з будучай выбарчай кампаніяй. Маладафронтаўцы вырашылі падыйсьці да гэтых выбараў тэхнічна — вылучаць сваіх кандыдатаў будуць толькі ў адным горадзе, Салігорску, але па ўсіх 40 акругах гораду. Агулам «Малады фронт» вылучыць 26 сваіх прадстаўнікоў.

Маладыя палітыкі лічаць, што такая стратэгія дазволіць сканцэнтраваць сілы і дасягнуць максымальных вынікаў. Салігорск абралі таму, што, на думку маладафронтаўцаў, патэнцыял грамадзкай актыўнасьці там найбольшы.

Як адзначала Наста Дашкевіч, «мясцовыя выбары — шанец правесьці кампанію па зборы подпісаў і агітацыйную кампанію, правесьці сустрэчы зь людзьмі. Не за гарамі і прэзыдэнцкія выбары».

Палітычны аналітык Радыё Свабода Юры Дракахруст кажа, што спрэчка, які сэнс удзельнічаць у выбарах, якіх няма, ідзе ўжо шмат гадоў.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
«За ўдзел можа быць некалькі аргумэнтаў. Першы — сьвет ведае шмат цудоўных выбараў. Калі выбары праводзіліся аўтарытарнымі рэжымамі, але прыносілі посьпех і нават перамогу апазыцыйным сілам. Каб далёка не хадзіць, можна прыгадаць нашыя выбары 1989–90 году. А да таго, за 80 гадоў, савецкія выбары. Можна прыгадваць і блізкія нам падзеі, напрыклад, расейскі 2011 год, калі пасьля парлямэнцкіх выбараў грымнула Балотная плошча. Такіх прыкладаў у сьвеце вельмі шмат.

Адзінае, чаму ў сьвеце прыкладаў няма, — гэта таго, каб да такога прыводзіў байкот.

Мае сэнс удзельнічаць, бо раптам гэтыя выбары акажуцца тымі, дзе сыстэма дае збой.

Зь іншага боку, уявім сабе, што нават мы дакладна ведаем, што на гэтых выбарах такога не адбудзецца. Але варта прыгадаць, што ўвесну 2010 году, на мінулых мясцовых выбарах, вынік быў як заўжды. Чалавек 5 прайшло апазыцыянэраў. Калі разважаць паводле трэнду, то і ў 2014 годзе будзе тое самае.

Але тут у мяне ёсьць такая аналёгія. У прэзыдэнцкіх выбарах ЗША ўдзельнічаюць ня толькі прадстаўнікі дзьвюх буйных партыяў. Там паўтузіна кандыдатаў. У апошніх, напрыклад, удзельнічалі прадстаўнікі партыі зялёных, лібэртарыянскай і іншых. Вось пытаньне — навошта яны ўдзельнічалі? Для гэтых партыяў што выбары ёсьць, што няма, вынік адзін — яны іх ніколі ня выйграюць. Кандыдат ад зялёных ніколі ня стане прэзыдэнтам ЗША. І яны гэта выдатна разумеюць.

Адказ вельмі просты — для пашырэньня і ўмацаваньня свайго ўплыву. Такі ж адказ павінен быць і для беларускіх партыяў. Будуць абраныя ці ня будуць абраныя — гэта можа падвысіць і пашырыць іхны ўплыў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG