Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разгадка космасу Сыса яшчэ наперадзе»


Відэа: «Разгадка космасу Сыса яшчэ наперадзе»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:17 0:00
Наўпроставы лінк

Відэа: «Разгадка космасу Сыса яшчэ наперадзе»

26 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну восьмы раз ладзілася паэтычнае сьвята ў гонар Анатоля Сыса «Дух — гэта, людзі, Я!».

Апоўдні на магілу Анатоля Сыса ў Гарошкаве літаратары з Гомеля, Менску, Веткі, Рэчыцы, Сьветлагорску, прыхільнікі творчасьці з Украіны, землякі паэта прынесьлі жывыя восеньскія астры. У некаторых букетах у бялюткіх астрах ірдзелі чырвоныя гвазьдзікі — колеры нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга. Пад такім сьцягам восем гадоў таму заўчасна памерлы паэт быў пахаваны тут, на Гарошкаўскіх могілках, спрэс парослых белымі бярозамі. Акурат 26 кастрычніка — дзень народзінаў Анатоля. І было б яму сёньня толькі 54. Бярозы над магілай усе ў золаце — яны ціха асыпаюць помнік паэта залатою лістотаю.

Вольга Цярэшчанка, настаўніца і бард з Гомеля, першай трымала слова:

«Панове, скажу два словы ў гонар нашага Анатоля. Анатоль — частка нашага жыцьця, частка нашых думак. Анатоль Сыс — гэта гонар Беларусі, адзін з найлепшых беларускіх паэтаў ХХ стагодзьдзя. Самае галоўнае, каб тое, што сеяў Анатоль, прарастала з году ў год, зь дзесяцігодзьдзя ў дзесяцігодзьдзе. Сёньня радасны дзень: мы за Анатоля молімся. Анатоль жыве ў песьнях, Анатоль жыве ў сваёй творчасьці! Не сумуйце. Ня важна, якая сытуацыя вакол нас. Важна, каб у гэты дзень прыходзілі, памяталі, чыталі вершы й сьпявалі песьні. Самае лепшае, што трэба паэту — памяць. Памяць у ягонай творчасьці, у нашых сэрцах».

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, галоўны рэдактар часопісу «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч запрашае грамаду ў цэнтар Гарошкава, дзе стаіць бацькоўская хата Анатоля Сыса, і дзе па традыцыі і ладзіцца сьвята паэзіі:

«Кожны год на дзень нараджэньня Анатоля, 26 кастрычніка, на гэтым падворку, які памятае Анатоля, які жыве ягоным духам, зьбіраюцца сябры й прыхільнікі ягонага таленту. Падобныя сьвяты адбываюцца ў нас па ўсёй Беларусі, прысьвечаныя нашым таленавітым паэтам, празаікам, літаратарам. Да прыкладу, на радзіме Тані Сапач — на Маладзечаншчыне, на радзіме Алеся Пісьмянкова — на Магілеўшчыне, на радзіме Ніны Мацяш — у Белаазёрску. І я спадзяюся, што з часам, у пэрспэктыве землякі Анатоля перахопяць ініцыятыву ягоных сяброў, будуць ладзіць сьвяты ня толькі на гэтым падворку, дзе яны адбываюцца традыцыйна, але і ў школе, дзе ён вучыўся, у дамах культуры ў бліжэйшых вёсках, дзе бываў Анатоль. І гэтае сьвята сапраўды стане сьвятам усіх землякоў Анатоля. Якія яго памятаюць, якія яго любяць, якія чытаюць яго творы. Ня кожная зямля дае такіх людзей, якім быў Анатоль — такіх талетавітых і, сёньня можна сказаць без сумненьня, геніяльных».
Ня кожная зямля дае такіх людзей, якім быў Анатоль — такіх талетавітых і, сёньня можна сказаць без сумненьня, геніяльных

Барыс Пятровіч прыгадаў, што ў апошнім нумары «Дзеяслова» надрукаваныя згадкі Алеся Бяляцкага пра першыя ў Беларусі «Дзяды», адным з арганізатараў якіх быў і Анатоль Сыс. Ён — ня толькі выбітны паэт, але й чалавек з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй.

Пра адметнасьць творчасьці Анатоля Сыса гаварылі паэты й літаратары Міхась Скобла, Вадзім Болбас, Ларыса Раманава, Алесь Пашкевіч, стрыечны брат Анатоля Сяржук Сыс.

Навуковец з Гомеля, доктар філялёгіі Іван Штэйнер, перакананы, што Анатоль Сыс «па сутнасьці падвёў вынікі разьвіцьця беларускай паэзіі ў ХХ стагодзьдзі і прадвызначыў асноўныя шляхі яе эвалюцыі ў трэцім тысячагодзьдзі». Больш за тое, лічыць навуковец: «Мы яшчэ не прачыталі як сьлед Купалу, таму разгадка космасу Сыса яшчэ наперадзе».

Беларускія вершы ў Гарошкаве чыталі й самыя юныя ўдзельнікі сьвята — дачка Сержука Сыса і сын Ларысы Раманавай.

Багата на падворку гучала й песень у выкананьні бардаў Андруся Мельнікава, Зьмітра Бартосіка. Вольга Цярэшчанка прэзэнтавала на сьвяце сваю новую песьню на словы Анатоля Сыса з кнігі вершаў «Алаіза»:

«Шрыфтам Брайля на калядным сьнезе
Птушкі вершы пішуць.
А чытаю — рукі зьмерзьлі.
Свае руны мне ня вышыць.
Я асьлепнуў.
Я аглухнуў.
Птушак не здагнаў — сьпяшаю,
а вясновы сьнег пажухнуў.
Часу — тры сьняжынкі маю.
А памру — паэт мо прыйдзе,
Разгадае сьляды птушак.
Ох, ты лёс мой!
Ох, ты злыдзень!
Дзе салома, дзе падушка?»

Плянавалася напачатку, што сёлета сьвята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса пройдзе ў вёсцы Броннае ў школе, якую скончыў паэт. Але не атрымалася — не было дазволу «зьверху».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG