Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: БНФ належыць будучыня


Перад пачаткам паседжаньня юбілейнага Сойма старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распаўсюдзіў «Юбілейны зварот з нагоды 25-годьдзя ўтварэньня Аргкамітэту БНФ».

«Сёньня мы адзначаем 25-я ўгодкі слаўнай падзеі найноўшай гісторыі Беларусі: 19 кастрычніка 1988 году быў заснаваны Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».
Усяго толькі чатыры словы —
Беларускі
Народны
Фронт
«Адраджэньне»

— але ў гэтых чатырох словах сканцэнтраваная цэлая палітычная праграма патрыятычнага, дэмакратычнага, згуртаванага і змагарнага адраджэнскага руху.
19 кастрычніка 1988 году быў дадзены старт арганізацыйнаму афармленьню беларускай нацыянальнай дэмакратыі як палітычнай сілы. Паўстаньне БНФ было паваротнай зьявай у гісторыі нашай Бацькаўшчыны: у 1988 годзе былі ізноў пакліканыя да жыцьця праграмы палітычнай незалежнасьці Беларусі. Гэта зьявілася падмуркам да наступнага гістарычнага чыну — здабыцьця Рэспублікай Беларусь суверэнітэту і ўвасабленьня ў рэчаіснасьці ідэалаў бацькоў-заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Менавіта БНФ стаўся той сілай, празь якую была ясна, дзейсна і пераможна выяўленая палітычная воля беларускай нацыі да самавызначэньня і стварэньня суверэннай дзяржавы.

25 гадоў гісторыі БНФ — гэта гады самаахвярнага змаганьня за рэалізацыю гэтай палітычнай волі.

Свабода, нацыянальнае адраджэньне, дэмакратызм, павага да асобы, прыярытэтнае адстойваньне інтарэсаў беларускай нацыі, найвышэйшая каштоўнасьць незалежнасьці — вось тыя фронтаўскія прынцыпы, якія былі запачаткаваныя Аргкамітэтам БНФ у 1988 годзе і якія цяпер натхняюць новых змагароў на шлях барацьбы.

Сардэчна віншую усіх сяброў Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне», вэтэранаў-фронтаўцаў, усіх паплечнікаў па адраджэнскіх нацыянальна-дэмакратычных сілах, усіх нашых прыхільнікаў з слаўным юбілеем БНФ!

Перакананы, што лёсавызначальная роля Фронту яшчэ ня вычарпаная, і наперадзе нас чакаюць новыя выклікі, новае змаганьне і новыя перамогі. Якой бы змрочнай не была рэчаіснасьць сёняшняй аўтарытарнай Беларусі, будучыня належыць менавіта нацыянальнай ідэі і незалежніцкім сілам.

Гэтаму руху належыць будучыня!

Жыве Беларусь! Жыве Беларускі Народны Фронт!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG