Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сястра памерлага на Валадарцы Ігара Пцічкіна назвала сына Ігарам


Ірына Мірановіч
Ірына Мірановіч

Сьледчы камітэт па Менску працягвае расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце заўчаснай сьмерці ў ізалятары МУС, так званай «Валадарцы», на пачатку жніўня менчука Ігара Пцічкіна, які адбываў 3 месяцы арышту за парушэньне правілаў дарожнага руху. Як ідзе расьсьледаваньне?

«Выклікаюць на допыты сяброў Ігара, але мне падрабязнасьці невядомыя, бо ўсе даюць падпіску аб неразгалошваньні і потым не кантактуюць. Маці сёньня павінны азнаёміць з вынікамі экспэртызы. Больш зьвестак няма», — паведаміла Свабодзе сястра Ігара Пцічкіна Ірына Мірановіч.

Пра завядзеньне крымінальнай справы па факце сьмерці Ігара Пцічкіна стала вядома праз тыдзень пасьля акцыі сваякоў і сяброў Пцічкіна, праведзенай каля ізалятара 14 верасьня. Ірына Мірановіч, якая ў той момант была цяжарная на апошнім месяцы, таксама брала ўдзел у акцыі памяці аб сваім брату. Падчас акцыі затрымалі дзьве групы ўдзельнікаў. 16 верасьня чатыром удзельнікам акцыі прысудзілі ў Цэнтральным судзе Менску грашовыя штрафы, Ірыне Мірановіч суд вынес папярэджаньне. Працэсы над затрыманымі з другой групы адклалі. «Траім зь іх ужо вынесеныя пакараньні — таксама штрафы», — паведаміла Свабодзе Ірына Мірановіч 7 кастрычніка.

22 верасьня Ірына нарадзіла сына, якога вырашыла назваць Ігарам — у гонар брата. Сямейнае жыцьцё Ірыны складаецца гэтак, што цяпер яна на стадыі разводу з былым мужам. «Сыну Ігару дам прозьвішча Пцічкін», — паведаміла Ірына Мірановіч.

Паводле афіцыйных зьвестак, у справе аб сьмерці Ігара Пцічкіна ў якасьці падазронай асобы фігуруе фэльчар ізалятара на Валадарскага. Сям’я нябожчыка раней заяўляла, што вінаватымі ў сьмерці Ігара Пцічкіна могуць быць супрацоўнікі СІЗА з гэтак званага «рэзэрву» — адмысловай каманды для замірэньня незадаволеных вязьняў. Паводле сваякоў, Ігар Пцічкін патрабаваў лекара, за што быў зьбіты і памёр ад нанесеных траўмаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG