Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алкаеў: «Рэзэрв» мог начапіць Пцічкіну кайданкі, але ня мусіў зьбіваць яго ботамі


Ігар Пцічкін
Ігар Пцічкін

Сваякі Ігара Пцічкіна, які ў жніўні паводле афіцыйнай вэрсіі памёр на «Валадарцы» нібыта ад спыненьня сэрца, кажуць, што яго забілі ахоўнікі з гэтак званага «рэзэрву». Што думаюць пра такую вэрсію былыя вязьні і прафэсіяналы, якія працавалі на «Валадарцы»?

Ірына Мірановіч, сястра загінулага на «Валадарцы» Ігара Пцічкіна, мяркуе, што яму своечасова не аказалі мэдычную дапамогу і ён пачаў пратэставаць. Ігара Пцічкіна нібыта падтрымалі сукамэрнікі, і тады ахоўнікі выклікалі гэтак званы «рэзэрв» — асобную каманду, якая гвалтам уціхамірвае забурэньні сярод вязьняў. Менавіта «рэзэрв», паводле Ірыны Мірановіч, гэтак зьбіў яе брата Ігара Пцічкіна, што той памёр ад цялесных пашкоджаньняў. На якую хваробу цярпеў яе брат?

Ірына Мірановіч
Ірына Мірановіч
«У яго пачалі балець зубы. Яшчэ перад турмой у яго зубы былі ў вельмі дрэнным стане. А там магло ўсё абвастрыцца, улічваючы ўмовы, у якіх ён апынуўся. Цяпер, пасьля затрыманьня, я магу ўявіць, як яму там было. Зубы балелі, ён прасіў дапамогі, потым патрабаваў, а яны выклікалі гэты „рэзэрв“. І тыя зьбілі майго брата, ад чаго ён і памёр».

Што «рэзэрв» да камэры, дзе сядзеў Ігар Пцічкін, быў выкліканы, Ірына кажа, спасылаючыся на крыніцы на «Валадарцы», якіх не называе. Адміністрацыя «Валадаркі» афіцыйна прызнае толькі тое, што Ігара Пцічкіна зьвязалі рамянямі, бо зь ім здарыўся нэрвовы зрыў. Што арыштант Пцічкін быў зьбіты, адміністрацыя «Валадаркі» адмаўляе.

Былы начальнік СІЗА на Валадарскага Алег Алкаеў з мэдыяў ведае пра здарэньне зь Ігарам Пцічкіным, бачыў у інтэрнэце фота цела вязьня са сьлядамі зьбіцьця. Паводле Алега Алкаева, каб рабіць высновы наконт дзеяньняў «рэзэрву», трэба таксама ведаць, калі адбылося здарэньне: удзень ці ўночы:

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў
«Калі справа была ўдзень, то гэта бясспрэчнае «прававое бязьмежжа», бо там у такі час «рэзэрву» няма што рабіць, там поўна «рэжымнікаў» — адмысловых супрацоўнікаў, якія сочаць за парадкам. Для іх тры хвіліны — разабрацца ў сытуацыі: нехта выклікае лекара, прыйшоў, вывеў вязьня, калі не хапае канваіраў — пачакай. Уся праблема. На ўзроўні дзяжурнага вырашаецца, ня трэба і да начальніка зьвяртацца. Калі я там працаваў, на «Валадарцы» сядзела да 3 тысяч, і кожны дзень у каго зубы, у каго страўнік ці яшчэ што. І ўсё вырашалася, не было канфліктаў, калі яны не справакаваныя дасьведчанымі махлярамі ў камэры, а такое таксама магчыма. Але калі ўсё здарылася ўночы, тады іншы парадак. Адказнасьць, вядома, ляжыць на дзяжурным, але праблема ў тым, што ў кантралёра на посьце ключоў няма. Кантралёр камэру ня можа адчыніць, ён толькі можа далажыць праз тэлефон, што ў вязьня востры боль і ён просіць мэдычнай дапамогі. Далей працэдура такая: выклікаюць дзяжурнага фэльчара, які можа даць таблетку і сказаць, каб чакаў да раніцы. Але калі фэльчар не зьявіўся, а замест яго прыляцеў «рэзэрв» — гэта 100% віна адміністрацыі. Таму вельмі важна даведацца, ці падыходзіў лекар альбо дзяжурны фэльчар, ці аказвалася першая мэдычная дапамога. Але ў любым выпадку, чаму спатрэбілася гэтак жорстка зьбіваць хворага чалавека, для мяне незразумела.

Алег Алкаеў пацьвердзіў, што ў ізалятары ёсьць група ахоўнікаў, у абавязак якой уваходзіць спыненьне магчымых канфліктаў у камэрах. Гэтую групу на турэмнай мове называюць «рэзэрвам». У групе 5–6 канваіраў з дубінкамі і зброяй, якім дазволена ўжываць гэтыя сродкі ў пэўных умовах і ў пэўных памерах. Баявую зброю дазволена ўжываць у скрайнім выпадку — пры нападзе і небясьпецы для жыцьця. Біць дубінкамі дазволена толькі па мяккіх месцах, не па галаве і не па канечнасьцях. Але і гэтага можна было пазьбегнуць — дастаткова было надзець на рукі вязьню кайданкі. Сьляды на целе Пцічкіна, якія Алкаеў бачыў у інтэрнэце, на ягоную думку, сьведчаць пра парушэньне службовай інструкцыі:

«Калі б „рэзэрв“ біў дубінкамі, то засталіся б даўгія сьляды ад дубінак, яны адмысловыя і доўга не зьнікаюць. А я тут бачу сьляды ад удараў ботамі, і гэта мяне і напружвае. Адкуль? Пераломы грудной клеткі бываюць, калі робяць штучнае дыханьне, адмыслоўцы гэта ведаюць, але… Калі там нейкія гематомы, то цяжка мне іх вызначыць бязь веданьня абставінаў. Аднак заўважу, што вязьні-арыштанты, як Пцічкін, не зьяўляюцца ў „Валадарцы“ рызыкоўным кантынгентам. Сядзяць звычайна ціха свае 2–3 месяцы, кніжкі просяць. Яны ж там часовыя людзі на тле таго, што ў іншых камэрах сядзяць сапраўдныя забойцы і злодзеі».

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
Крымінальную справу аб сьмерці Ігара Пцічкіна дагэтуль не завялі, у Сьледчым камітэце працягваецца праверка. Між тым, паводле праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, крымінальную справу трэба было даўно завесьці ўжо па факце нанясеньня пабояў Ігару Пцічкіну ў СІЗА:

«Гэта першае пытаньне: адкуль узяліся цялесныя пашкоджаньні на целе Пцічкіна? У паведамленьнях адміністрацыі пра тое, што яму было блага, што яго прывязвалі, нідзе не паведамлялася, што ён мог быць зьбіты сукамэрнікамі ці што ён паступіў у ізалятар з такімі пабоямі. Такім чынам, яны ўскосна пацьвердзілі, што Пцічкіна зьбілі якраз супрацоўнікі адміністрацыі. Таму па гэтым факце мусілі завесьці крымінальную справу, але Сьледчы камітэт гэтага ня робіць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG