Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мы будзем памятаць Віктара Івашкевіча?


У эфіры Радыё Свабода — круглы стол, прысьвечаны памяці выдатнага беларускага палітычнага і грамадзкага дзеяча, прафсаюзнага лідэра і журналіста Віктара Івашкевіча, які дачасна пакінуў гэты сьвет 3 кастрычніка ва ўзросьце 54 гадоў. Удзельнічаюць Сяргей Абламейка, Сяргей Дубавец і Сяргей Навумчык.

Абламейка: Ну вось калегі, толькі пазаўчора мы з вамі ў тым жа самым складзе сядзелі ў гэтай студыі і абмяркоўвалі асобу і даробак памерлага выбітнага беларускага філёзафа Міколы Крукоўскага. І вось сёньня такая навіна... Спачатку я прапаную кожнаму згадаць, чым вам запомніўся Віктар Івашкевіч, якімі сваімі якасьцямі. Якім вы будзеце яго памятаць? Найперш зьвяртаюся да Сяргея Дубаўца, які з нас трох найдаўжэй Віктара ведаў.

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец
Дубавец: Запомніўся тым (і пра гэта сёньня многія гавораць), што быў вельмі пазытыўным чалавекам. І вось што хачу сказаць. Сёньня шмат хто ў нэкралёгах піша, што Віктар быў АПАЗЫЦЫЙНЫМ палітыкам. Думаю, што пра людзей, якія памерлі, трэба казаць проста палітык. Бо гэта скажэньне нашай беларускай рэальнасьці ўплывае на нашы дэфініцыі. Прафэсія — палітык, а не апазыцыйны палітык. Гэта быў чалавек, які вызнаваў беларушчыну, якую я называю адкрытай.
Беларушчына без прыкметаў сэктанцтва, якая ідзе ў шырокія масы заваёўваць чым болей людзей.

Віктар Івашкевіч запомніўся чалавекам сярод людзей. Вакол яго заўсёды было мноства народу. Ён ішоў на заводы, на мітынгі, хадзіў і арганізоўваў шляхі і маршы ў Менску і ня толькі ў Менску... Нехта прыгадаў, як ён прыяжджаў на наваполацкія прадпрыемствы.

Ён сябе называў чалавекам вайны, але вось я знайшоў для яго такое параўнаньне зь іншым Віктарам — Цоем. Цой усё жыцьцё сьпяваў пра вайну, а пры тым быў абсалютна не ваяўнічым чалавекам. Можа памятаеце радок «Я никому не хочу ставить ногу на грудь»? Такога кшталту чалавекам быў Віктар Івашкевіч. Ён быў чалавекам вайны за беларушчыну, за пазытыўныя мэты. Але пры гэтым не ваяўнічым.

Абламейка: Дзякуй, Сяргей. І такое самае пытаньне да Сяргея Навумчыка. Чым вам запомніўся Віктар, якімі сваімі якасьцямі?

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык
Навумчык: Самая галоўная якасьць з усіх іншых ягоных станоўчых якасьцяў (я яе вылучаю менавіта таму, што мала хто ёю валодае у такім аб’ёме, у якім валодаў ёю Віктар), гэта — аптымізм. І адна справа — аптымізм у пэрыяд нацыянальнага ўздыму Я маю на ўвазе пэрыяд канца 80-х — пачатку 90-х гадоў, калі кожны дзень пашыраў або межы галоснасьці, або нацыянальныя працэсы, карацей, калі ўсё ішло ўверх. Тут аптымізм дарэчы, але гэта не ўнікальна. А вось калі ў Беларусі надышлі цяжкія часы (я ўжо, праўда, сустракаўся зь Віктарам тут, у Празе, у эміграцыі), ягоны аптымізм, тое, як ён глядзеў на будучыню Беларусі — гэта зьдзіўляла абсалютна. Я думаю, што ён вельмі шмат каго натхняў зь ліку моладзі. Я вось сёньня чытаў выказваньне Паўла Севярынца і іншых маладых, і ўсе кажуць пра гэта. Гэта была такая канструктыўная якасьць.

Абламейка: Дзякуй, Сяргей. Ну і я хацеў бы сказаць некалькі словаў пра Віктара. Я вось думаў, а што ж я магу назваць у Віктары, што мне найбольш запала і найбольш мяне ўразіла? Я ведаў яго прыблізна з 1985 году.

Сяргей Абламейка
Сяргей Абламейка
Па-першае, мяне ўражвала вялікая яго працавітасьць і адданасьць той справе, якую ён аднойчы выбраў на ўсё сваё жыцьцё. А справай яго была Беларусь. Ён быў нястомным працаўніком. Часта пры гэтым ён рабіў непрыкметную, няўдзячную арганізатарскую работу. Часта ён бываў ня толькі ў першым, але і ў другім шэрагу, за іншымі палітыкамі, але справа тая была зробленая менавіта ім.

Другая рэч, дзеля якой я буду памятаць Віктара заўсёды, гэта (як і вы, Сяргей, казалі) яго фантастычны аптымізм, прычым ня толькі чалавечы, але і палітычны. У любой палітычнай сытуацыі ён заўсёды шукаў станоўчыя моманты і шляхі дасягненьня сваіх мэтаў, і ніколі, ні разу я ад яго ня чуў, нават у найгоршыя часы, што нельга нічога зрабіць, што ўсё страчана. Для яго ніколі нічога не было страчана.

Трэцяя ягоная якасьць — гэта сьмеласьць і гераізм. Ён ніколі не баяўся трапіць у міліцыю, у КДБ (а такое бывала і ў 80-я гады), не баяўся ісьці на мітынг, пікет ці дэманстрацыю, не баяўся міліцэйскага бота або дручка. Але ня толькі. Неяк я гаварыў зь ім пасьля яго двухгадовага зьняволеньня, і ён мне сказаў, што адбыць два гады сярод крымінальнікаў яму дапамагло тое, што ён перастаў баяцца сьмерці. Проста перастаў баяцца памерці і пасьля гэтага, сказаў ён, пайсьці ў турму ці на пасяленьне ўжо не было для яго праблемай. Так што гэта быў сапраўдны герой.

І чацьвёртая якасьць, якою валодаў Віктар і якая для мяне пераважвае ў ім усе астатнія... Дакладней сказаць, усе астатнія яго якасьці, на маю думку, вынікаюць з гэтай. Віктар быў вельмі адказным чалавекам. Я думаю, што ўсімі яго дзеяньнямі рухала яго фантастычная, абсалютная адказнасьць за справу, якой ён заставаўся верны ўсё жыцьцё. Мне ўжо даводзілася пісаць пра гэтую якасьць адносна іншых людзей, але вось Віктар Івашкевіч зьяўляецца эталёнам гэтай адказнасьці. Цяперашняе пакаленьне палітыкаў і наогул дзеячаў ужо добра ведае, што такое «піярыцца», «самараскрутка» і г.д. Дык вось Віктар адзін з адзінак у Беларусі, якія думаюць ня толькі і ня столькі пра сябе, колькі пра Бацькаўшчыну і пра справу. Такім ён застанецца для мяне — эталённым, самаахвярным беларусам.

А зараз зноў маё пытаньне да калегаў. Яно — пра спадчыну такіх людзей, як Віктар Івашкевіч. Была абсалютна выбітная асоба, быў чалавек, які стаў адным са стваральнікаў новага дэмакратычнага беларускага руху, і вось ён пайшоў з жыцьця, на жаль, дачасна. Як зрабіць, каб прыклад такіх людзей, іх спадчына не была страчана? Сёньня ў нас няма агульнанацыянальнага пантэону. Калі вы прыйдзеце на Ўсходнія могілкі Менску, дык убачыце на Алеі ганаровых грамадзянаў сярод такіх людзей, як Васіль Быкаў або Ўладзімер Мулявін, пахаваных там жонак партыйных сакратароў абкамаўскага ўзроўню...

Навумчык: Гэта невыпадкова, бо там дагэтуль дзейнічае пастанова Бюро ЦК КПБ аб тым, хто можа быць пахаваны на такіх алеях. Гэта члены і кандыдаты ў члены Бюро ЦК КПБ, старшыні і намесьнікі старшыняў Вярхоўнага Савету і Саўміну, міністры, а таксама народныя паэты, народныя артысты і акадэмікі. Усё. Калі пра акадэмікаў і народных артыстаў сумненьняў няма, дык таварышаў з ЦК дагэтуль там хаваюць. А калі яны жывыя, там хаваюць іх жонак. І гэта абсалютна нешта ненармальнае...

Абламейка: Дык ці не насьпеў час стварыць хоць бы віртуальны Нацыянальны пантэон?

Дубавец: Віртуальны — насьпеў. А так, я не пагаджаюся з думкай, што гэта дрэнна, калі народных паэтаў хаваюць у іх родных вёсках. Калі вам даводзілася быць на радзіме Максіма Танка, дык там стаіць цудоўны мэмарыял Танку і менавіта туды хочацца да Танка прыходзіць. А наконт віртуальнага пантэону, то так.

Залежыць, хто за гэта возьмецца. Сёньня цешыць, што ўвесь беларускі інтэрнэт адзначыў сёньняшнюю жалобную падзею вялікімі публікацыямі. Увесь Фэйсбук адзначае гэтую падзею. Пасьля гэта ўсё можа акумулявацца ў нейкую кнігу ці нейкі сайт або партал, прысьвечаны Віктару Івашкевічу, але ўсё залежыць ад таго, каб нехта прыйшоў і зрабіў гэта. Так, як у свой час, у сярэдзіне 1980-х, Віктар, будучы безь перабольшаньня героем нашага часу, прапанаваў зьбіраць подпісы за беларускія школы. Усе сказалі: ай, ды хто нам дасьць тыя подпісы. Тады ён узяў, разьлінаваў сшытачак, сам адзін абышоў сто кватэраў і сабраў восемдзесят подпісаў. Паказаў неверагодны, ашаламляльны посьпех. Тады пайшлі ўсе, подпісаў сталі тысячы, але тады гэтым занялося КДБ. Але я тут кажу пра тое, што трэба, каб нехта ўзяў ды пачаў.

Абламейка: Патрэбная адказнасьць...

Дубавец: Адказнасьць... І патрэбны чалавек-герой.

Абламейка: Сяргей Навумчык, што думаеце вы? Як захаваць прыклад жыцьцёвага подзьвігу такіх людзей, як Віктар Івашкевіч?

Навумчык: У цяперашняй Беларусі гэта зрабіць вельмі цяжка. Але нешта зрабіць можна. У нас на жаль асобы людзей, хто адышоў (як сказаў Сяргей Дубавец, герояў нашага часу), яны практычна ніяк не зафіксаваныя ці мала зафіксаваныя. Ну вось кніга Сяргея Дубаўца «Гісторыя аднаго цуду», мы з Пазьняком выдалі «Дэпутатаў Незалежнасьці», і, уласна, я мала што магу яшчэ прыгадаць. Гэта калі гаварыць пра дакумэнталістыку, пра дакумэнтальную літаратуру. Калі ж гаварыць пра кіно, дык тут наогул... Я магу назваць цяпер пару дзясяткаў фільмаў пра Плошчы 2006 і 2010 году, і гэта добра, такія фільмы патрэбныя. Але, я перакананы, суадносіны ролі ў гістрыі асобаў, якія зрабілі Незалежнасьць, і актывістаў плошчаў - як 100:1. І вось такія героі, як Віктар Івашкевіч зусім не адзначаныя. Магчымасьці тым ня менш ёсьць. Пра іх можна здымаць фільмы, пра іх можна пісаць кнігі — і пра Івашкевіча. і пра Ігара Пырха, і пра Герменчука, пра Сямдзянаву Галіну... Шмат людзей адышло, але прыклад іх застаецца.

Сёньня ў Фэйсбуку нехта напісаў, што Віктар Івашкевіч не дажыў да таго, дзеля чаго ён жыў. Я думаю, што гэта ня так. Ён дажыў. Ён хацеў бачыць незалежную Беларусь — і ён яе ўбачыў. І ён яе і стварыў.

Абламейка: Дзякуй, калегі. Я падсумую вынікі нашай гаворкі. Мы прыйшлі да высновы, што памяць пра такіх людзей, пра іх даробак, пра іх жыцьцёвы прыклад, які сёньня ўжо можна назваць подзьвігам, залежыць ад адказнасьці тых, хто цяпер жыве і адчувае патрэбу захаваньня памяці пра такіх людзей. Значыць, падзьвіжніцтва павінна мець пераемнасьць І калі тыя, хто сёньня жыве, будуць гэта разумець і будуць працаваць у гэтым кірунку, то нашы героі застануцца і з намі, і з будучымі пакаленьнямі беларусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG