Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандаль пратэрмінаванымі харчамі — масавая зьява


На Магілёўшчыне частая зьява — продаж у крамах пратэрмінаваных харчоў. Ад пачатку году ў рэгіёне выяўлена больш за 700 крамаў, дзе на паліцах быў няякасны тавар. Уладальнікаў крамаў штрафуюць, але наступныя праверкі выяўляюць усё тыя ж парушэньні. Чаму крамы прадаюць пратэрмінаваныя харчы і што думаюць наконт гэтага пакупнікі?

Магілёўскія пакупнікі сярод харчоў, якія ў мясцовых крамах найчасьцей трапляюцца са скончаным тэрмінам спажываньня, называюць малочную прадукцыю, каўбасы ды рыбу. Яны заяўляюць, што апошнім часам «пратэрміноўку» выкладаюць на паліцы ўсё часьцей. Калі людзі вяртаюць няякасны тавар, то ў крамах асабліва не пярэчаць — мяняюць на іншы або аддаюць грошы.

Спадарыня: «Рыба ў нас уся пратэрмінаваная. Яе спачатку размарозяць, потым замарозяць, і потым яна ўжо рыбай ня пахне. Ім жа трэба яе прадаць. Ня ўсе ж думаюць пра нас».

Спадар: «Малако набыў і дома агледзеў. Я ніколі ня думаў, што малако можа быць пратэрмінаваным у краме. Ажно на тры дні. Яго ж, відаць, неяк рэалізаваць трэба. І яны стараюцца яго выкласьці на першую паліцу, а ззаду ляжыць ужо сьвяжэйшае».

Набор харчоў, якія, паводле магілёўскіх пакупнікоў, у групе рызыкі. Могуць быць пратэрмінаванымі
Набор харчоў, якія, паводле магілёўскіх пакупнікоў, у групе рызыкі. Могуць быць пратэрмінаванымі




Спадарыня: «Рыба ў асноўным. Сыры, каўбасы. У нас жа так крамы працуюць. Яны ж усе стратныя, таму імкнуцца ўсё прадаць, каб вярнуць свае страты».

Спадарыня: «Тварог купляла. Горкі быў, нясмачны. Выкідаць даводзілася. Пытаесься: „Не пратэрмінаваны тавар?“ Адказваюць, што не. Ты ж яго не паспытаеш. Наступным разам проста не купляеш. Калі з усімі будзеш сварыцца, то здароўя ня хопіць. Усе злыя, раздражнёныя».

Пра тое, што прадаўцы ў дэфіцыце кажуць абвесткі на ўваходзе ў крамы
Пра тое, што прадаўцы ў дэфіцыце кажуць абвесткі на ўваходзе ў крамы


Крамнікі пазьбягаюць гаварыць пра продаж «пратэрміноўкі». Заяўляюць, што ёю не гандлююць. Прызнаюцца, аднак, што прадаўцоў у крамах катастрафічна не хапае. Значная іх частка выяжджае ў Расею на заробкі:
Тавару паступае ўсё болей, і прадаўцы ня могуць адсочваць тэрміны

«Паколькі не хапае прадаўцоў, а крамы павінны забясьпечваць выкананьне ў поўным аб’ёме асартымэнтнага пераліку, то тавару паступае ўсё болей, і прадаўцы ня могуць адсочваць тэрміны. Кіраўніцтва ж крамаў, каб зэканоміць, не набірае асобнага штату людзей, якія б адсочвалі тэрміны рэалізацыі для прадуктаў харчаваньня», — паведаміла адна з гандлярак.

У прыватных гутарках спэцыялісты ў пытаньнях гандлю тлумачаць продаж пратэрмінаваных тавараў і кепскай прапрацоўкай дамоваў з пастаўшчыкамі, якія адмаўляюцца браць назад няякасны тавар. Кажуць і пра непадрыхтаванасьць пэрсаналу ў крамах.

Пра тое, што прадаўцы ў дэфіцыце кажуць абвесткі на ўваходзе ў крамы
Пра тое, што прадаўцы ў дэфіцыце кажуць абвесткі на ўваходзе ў крамы


Пра 700 крамаў рэгіёну, у якіх былі выяўленыя факты гандлю пратэрмінаванымі таварамі, паведаміў дзяржкантроль па Магілёўскай вобласьці. Яго супрацоўнік агучыў лічбы такіх парушэньняў апошняга часу:

«Толькі за апошні месяц продаж тавараў са скончаным тэрмінам спажываньня выяўлены больш як на ста аб’ектах. У 23 аб’ектах продаж няякасных тавараў спынены двойчы. У трынаццаці — тройчы».

Найбольшы штраф за продаж пратэрмінаваных тавараў — у акцыянэрнага таварыства «Магілёўхлебапрадукт». Яму налічылі 50 мільёнаў рублёў штрафу. Як так сталася, высьветліць не ўдалося.
У 23 аб’ектах продаж няякасных тавараў спынены двойчы. У трынаццаці — тройчы

Тыя з пакупнікоў, хто хоць аднойчы набываў няякасны тавар, цяпер пільней углядаецца ў этыкеткі. І кажуць, што даверу між пакупнікамі і прадаўцамі быць ня можа.

Спадар: «Хутчэй за ўсё, многа прадукцыі. І не пасьпяваюць яе прадаць. Ляжыць на складзе. Тут гандаль вінаваты. Я таксама папаўся пару разоў».

Спадарыня: «Загадчыца крамы ці загадчыца сэкцыі павінны быць больш адказнымі, бо гэта здароўе людзей. А ім жа галоўнае — прадаць».

Спадарыня: «Ну нехта ж за гэтым павінен сачыць. Трэба караць загадчыцу крамы».

Штрафы, як сьцьвярджаюць кантралёры, — найбольш дзейсны спосаб барацьбы з продажам пратэрмінаваных тавараў. Ці могуць, аднак, яны спыніць пад корань продаж пакупніку «пратэрміноўкі», які трывала замацаваўся ў гандлі з савецкіх часоў? Адназначнага адказу не даюць ні пакупнікі, ні прадаўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG