Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: працаўнікі праз суд дамагаюцца прэміі


У Бабруйску дзесяць сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага судзяцца з адміністрацыяй заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў.

Усе пазоўнікі — працаўнікі гэтага прадпрыемства. Яны вінавацяць кіраўніцтва заводу ў дыскрымінацыі паводле прафсаюзнай прыналежнасьці. У суд яны зьвярнуліся пасьля таго, як ім ня выплацілі прэміі за высокую культуру вытворчасьці. У той жа час сябрам афіцыйнага прафсаюзу гэтую прэмію выплацілі.

На заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў прэмію за высокую культуру вытворчасьці выплачваюць па выніках працы за квартал. Напярэдадні выплат усіх працаўнікоў цэху № 2, у якім працуюць пазоўнікі, павіншавалі з дасягненьнем і паабяцалі грашовае заахвочваньне. Адзін зь іх, Генадзь Лабачоў, не пагаджаецца, што ён і ягоныя калегі па прафсаюзу не зарабілі прэміі, бо яна, паводле яго, — вынік працы ўсяго цэхавага калектыву:

«Калі цэх зарабіў, то ў гэтым ёсьць і мой унёсак, бо выстаўляюць агульную адзнаку цэху. Калі б у некага былі нейкія заўвагі, то цэх бы ня ўзяў гэтай прэміі. Ня выйшаў бы на адзнаку „чатыры“. Ніхто з нас ня быў дэпрэміяваны».

Карэспандэнт: «Дык чаму вам яе ня выплацілі?»

Лабачоў: «Таму што я сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага».

Выказваньне Генадзя Лабачова дапаўняе ягоны калега па цэху і прафсаюзу Аляксандар Варанкін.
Мне было каротка і зразумела сказана: прэміі не далі за тое, што я ў свабодным прафсаюзе

«Як працаўнік я на заводзе дужа заахвочвальны, аднак мне было каротка і зразумела сказана: прэміі не далі за тое, што я ў свабодным прафсаюзе. Некалі на заводзе большая частка працаўнікоў была ў незалежным прафсаюзе. Засталося мо чалавек сто. Чалавек чатырыста яны вывелі з прафсаюзу. Ціснулі на людзей. Абяцалі гора-мора ўсяго. Але тыя, хто выйшаў, у выніку не атрымалі ніякіх ільготаў, нічога».

Даведацца пра пазыцыю адміністрацыі прадпрыемства адносна прэтэнзіяў працаўнікоў не ўдалося. Між тым у судзе яна зводзілася да таго, што пазоўнікі ня выканалі працэдуры дасудовага абскарджваньня. Заяваў, што працаўнікам ня выплацілі прэміяў, у адміністрацыю не паступала.

У сваю чаргу старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіл Кавалькоў, які прадстаўляе ў судзе інтарэсы пазоўнікаў, сьцьвярджае, што працаўнікі неаднойчы зьвярталіся са скаргамі ў адміністрацыю заводу, нават пісалі генэральнаму дырэктару Менскага трактарнага заводу, філіялам якога выступае бабруйскае прадпрыемства.

«Справа тут нават і ня ў тых трохстах тысячах, а ў тым, што ўсе гэтыя дзесяць чалавек заяўляюць, што ім казала кіраўніцтва, што грошы не выплачваюцца, бо вы ў Свабодным прафсаюзе. Ува ўсіх заявах працаўнікі пішуць, што гэта нішто іншае, як дыскрымінацыя паводле прафсаюзнай прыналежнасьці», — тлумачыць пазыцыю працоўных Міхаіл Кавалькоў.

Працоўная спрэчка сяброў суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага з адміністрацыяй заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў — ня першая. Каб улагодзіць канфлікт, ня раз рабіліся прымірэнчыя захады. 31 жніўня 2012 году кіраўніцтва Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў і адміністрацыя прадпрыемства дамовіліся, што праблемы на заводзе ў стасунках між бакамі будуць разьвязвацца ў рэчышчы сацыяльнага супрацоўніцтва. Пакуль гэта застаецца пажаданьнем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG