Значная часта допісаў, якія мы атрымліваем у гэтыя жнівеньскія дні, — развагі пра сёньняшнія беларускія рэаліі, зь якімі штодня даводзіцца сутыкацца людзям. Слухачы Свабоды апісваюць свае назіраньні, робяць высновы і абагульненьні на падставе ўбачанага і перажытага, выказваюць прапановы.
Пачну сёньняшнюю размову зь ліста Сяргея Жаваронскага з Кобрына. Пішучы пра жыцьцё ў родным горадзе, слухач зазначае:
«Часам мне здаецца, што ў нашым невялікім Кобрыне ўсе жыхары — мільянэры-багацеі. Ніводнага жабрака на вуліцы ня ўбачыш. І куды яны падзеліся? Калі раней ля ўнівэрмагу ды каля цэркваў увесь час стаялі ды сядзелі з выцягнутымі рукамі ды выстаўленымі напаказ калецтвамі, то цяпер не відаць ніводнага бедака. Можа, ва ўсіх зьявіліся грошы ды дах над галавой?
Думаю, што тут усё прасьцей. Адны паўміралі, а другіх улада прымусова пазабірала ў інтэрнаты...
...Ня так даўно адкрылася ў нас адна вялікая крама. Напярэдадні па радыё і тэлебачаньні абвясьцілі, што ўсё там будзе нязвыкла таннае, бо ўлада нібыта захацела зрабіць людзям добрую справу. Дык на адкрыцьцё папрыходзілі ды папрыяжджалі натоўпы людзей. Хапалі ўсё спрэс, цэлымі торбамі: хлеб, курэй, мінэральную ваду...Чэргі стаялі даўжэзныя. А якая мітусьня панавала: нібы ў кінафільме «Тытанік». Як яшчэ не пазадушваліся ў цісканіне. А разабрацца: таньней там было на 100 ці 200 рублёў. Было б за што душыцца...
Вось назіраю за жыцьцём і ўсё больш прыходжу да высновы, што людзі ў масе сваёй ня хочуць працаваць, адвыклі ад працы, а імкнуцца толькі спажываць: смачна есьці, модна абувацца і апранацца... Ніхто ня хоча гадаваць скаціну: вядома, лепш купіць усё гатовае.
Раней (5–10 гадоў таму) у нас рэдка можна было ўбачыць каляску зь дзіцем. А цяпер мноства маладых сем’яў стараюцца нарадзіць па трое, а то і чацьвёра дзяцей. Дзеля таго каб атрымаць амаль бясплатную кватэру, ільготныя крэдыты ды іншыя льготы ад прэзыдэнта... Вядома, праца ня пыльная, добра аплочваецца... Дык жыльлёвыя каапэратывы растуць у нас у Кобрыне як грыбы пасьля дажджу.
Моладзь уцякае з хутароў і вёсак у Кобрын, у Берасьце. Застаюцца ў вёсках адны хворыя, старыя, нямоглыя...
Увогуле, ходзяць людзі па вуліцы змрочныя, злыя на сябе і на ўсіх навокал, з апушчанымі галовамі. Ня ўмеюць радавацца новаму дню, сонцу і добрым людзям навокал. Ня вераць адзін аднаму, зайздросьцяць, ня вераць у Бога. Яны ня слухаюць Радыё Свабода (а многія і ня ведаюць, што ёсьць такое радыё, такія праграмы — цікавыя і жыцьцядайныя). Таму і такія вынікі«.
Цікавыя назіраньні, спадар Сяргей. Не пагаджуся хіба толькі са сьцьвярджэньнем пра тое, што маладыя сем’і з карысьлівых меркаваньняў масава ўзяліся нараджаць дзяцей. У цэлым дэмаграфічная статыстыка сьведчыць пра іншае: насельніцтва Беларусі скарачаецца, і ніякія абяцаныя дзяржавай ільготы гэтую праблему пакуль што ня вырашылі. Трэба быць вельмі легкадумным і безадказным чалавекам, каб нараджаць дзяцей у разьліку на тое, што можна будзе не працаваць і атрымліваць грошы ад дзяржавы. Па-першае, гадаваць і выхоўваць дзіця (а тым больш — некалькі) — гэта яшчэ якая цяжкая і адказная праца. А па-другое, на дзяржаўную дапамогу па догляду за дзіцем да трох гадоў ня тое што ўтрымліваць сям’ю — нават пракарміць адно гэтае малое вельмі праблематычна.
Дачнік і вялікі аматар расьлінаводзтва Кастусь Сырэль з Ушачаў у сваім новым лісьце на Свабоду зьвяртае ўвагу на тое, што за апошнія дзесяцігодзьдзі з агародаў беларусаў практычна зьнікла такая некалі вельмі распаўсюджаная культура, як мак. Слухач піша:
«Ці ведаеце вы, шаноўнае спадарства, што ў мінулым сельскае насельніцтва Беларусі спрадвеку, аж недзе да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя, даволі актыўна ўжывала... наркотыкі?
Каб малыя дзеці ня плакалі, а спалі і не перашкаджалі працаваць, сяляне паілі іх адварам зялёных макавых галовак. Таму амаль у кожнай вёсцы былі дурнаватыя (па-расейску — блаженные) — ахвяры перадазіроўкі маку. Ужываньне маку на Палесьсі як заспакойвальнага сродку для дзяцей узгадвае Іван Мележ у сваім рамане „Подых навальніцы“ (Ганна поіць дзіця макавым адварам).
Людзі майго веку добра ведаюць, што раней на кожным сялянскім гародзе маку расло — заваліся, і ніхто яго не забараняў. Мак ужываўся пераважна не як наркотык, а, напрыклад, пры выпечцы булак і пірагоў да Вялікадня ды іншых сьвятаў».
Сапраўды, спадар Кастусь, яшчэ ў часы майго дзяцінства ледзь ня ў кожным вясковым агародзе можна было ўбачыць пунсовыя кветкі маку. Вырошчвалі яго, вядома ж, гатаваць смачныя стравы — найперш макоўнік, галушкі. Памятаю, старыя людзі згадвалі, што макавы адвар раней сапраўды ўжывалі, каб супакойваць дзяцей. Але ў другой палове мінулага стагодзьдзя гэтага ўжо не практыкавалі.
Сёньня макавых кветак ужо ня ўбачыш: штрафам караюць нават за адну кветку, пасаджаную дзеля прыгажосьці. У выніку ў вёсках больш не вырошчваюць маку, зьнікае частка беларускай народнай культуры.
Такі ж лёс напаткаў і іншую традыцыйную для беларускай сельскай гаспадаркі культуру — каноплі. Цікава, што ў канцы 19-га стагодзьдзя каноплі як сыравіна для вырабу пянькі былі адной з асноўных крыніц заробку сялянаў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі — Магілёўскай і Менскай губэрняў. Сёньня, вырасьціўшы нават некалькі кустоў канапель, можна трапіць за краты.
Новы ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Віталя Макаловіча зь вёскі Няловы Веткаўскага раёну — пра тых людзей, якія ўсяляк падтрымліваюць уладу, а таксама пра распаўсюд карупцыі сярод чынавенства. Спадар Віталь піша:
«Учора паслухаў «Званкі на Свабоду» — і ня змог не адклікнуцца. Зноў нейкі незадаволены вашым радыё спрабуе давесьці, нібы ў Беларусі ўсё цудоўна, а вы толькі ачарняеце і шкодзіце...Што можна сказаць пра такіх людзей? Вартыя жалю рабы сыстэмы — зацюканыя, замбаваныя, падманутыя. А можа, і дзеля асабістай карысьці стараюцца. Рэжым хацеў бы ператварыць у такіх усё грамадзтва. І многае яму ў гэтай справе ўдалося. Калі б было па-іншаму — Лукашэнкі даўно ўжо не было б у прэзыдэнцкім крэсьле...
І дзяржаву, і грамадзтва як іржа разьядае карупцыя. Лукашэнка гэта адчувае: нездарма ж апошнім часам шмат разоў публічна раздаваў свае чарговыя «жэстачайшыя» ўказаньні. Але ж у рэальнасьці нічога ў гэтай справе не мяняецца. Чыноўнікі паслухмяна ківаюць галовамі — але як бралі «адкаты», так і бяруць. Як будавалі палацы — так і будуюць... Яны прывыклі да такога жыцьця, і адмаўляцца ад цёплых наседжаных месцаў, якія гарантуюць ня толькі добры аклад, але і дадатковыя нікім ня ўлічаныя даходы, не зьбіраюцца. Не разумею, чаму Лукашэнка ў гэтай справе ня хоча абаперціся на простых грамадзянаў? Няўжо так складана зразумець: дастаткова зрабіць выбары ў Саветы справядлівымі і дэмакратычнымі — і адразу многае зьменіцца. Ніякі менскі кантралёр ня здольны зрабіць у змаганьні з карупцыянэрамі тое, што можа мясцовы дэпутат, якога абяруць людзі і які ня будзе адчуваць сябе залежным ад раённай «вэртыкалі»
Рэформа палітычнай сыстэмы ў Беларусі сапраўды насьпела, спадар Віталь. Архаічны аўтарытарны рэжым стрымлівае разьвіцьцё, спрыяе карупцыі, ізалюе краіну ад цывілізаванага сьвету. Цяжка ўявіць, што ўсяго гэтага ня бачыць кіраўнік дзяржавы. Чаму ж не відаць і не чуваць нават намёкаў на рэформы? З адной вельмі простай прычыны. Любая палітычная лібэралізацыя вельмі хутка можа прывесьці да дэмантажу ўсёй аўтарытарнай сыстэмы разам зь ейным стваральнікам і кіраўніком. Лукашэнка, відавочна, добра памятае, як гэта адбывалася напрыканцы 80-х гадоў у Савецкім Саюзе. Толькі КПСС трохі аслабіла сваю жалезную хватку, дапусьціўшы ў Саветы невялікую колькасьць апазыцыйных кандыдатаў — і вельмі хутка развалілася ўся тая махіна, пабудаваная на псэўдавыбарах, крывадушнасьці і хлусьні. Свабодных выбараў у Беларусі няма толькі з той прычыны, што яны пагражаюць аднаасобнай уладзе, імкненьню ўтрымліваць яе бестэрмінова і непадзельна.
На заканчэньне — ліст нашага даўняга сябра Алеся Васілеўскага зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну. Разважаючы пра ролю Радыё Свабода ў сваім жыцьці, спадар Алесь піша:
«Перадача ў вас добрая і карысная. Спадзяюся, яна мне шмат у чым дапаможа. Слухаю па меры магчымасьцяў, даволі часта. Мая 90-гадовая маці толькі і чакае, калі на гадзіньніку зьявяцца лічбы »18.00«. Яна жыве вашым эфірам. «Паштовая скрынка», як і ўвогуле ліставаньне, не павінны адсоўвацца на задні плян пад націскам нахабнай электронікі, інтэрнэту. Яны, можа, і нясуць пэўныя зручнасьці, але адначасова прыводзяць да вялікіх стратаў (пакуль, можа, ня надта відавочных).
Лісты, як і кнігі, прымушаюць думаць, суперажываць, яны робяць нас мудрэйшымі. Не пагаджаюся з блюзьнерскай прапагандай, якая сьцьвярджае, што ўсё, што выкладаецца на паперы, ужо аджыло і толькі вядзе да вынішчэньня лясоў. Ды ня гэта вынішчае лясы, а зусім іншае... Бясконцая прага спажываньня і інтэлектуальная абмежаванасьць — вось што нішчыць прыроду, у тым ліку і лес. Не на кнігі ідзе асноўная частка паперы — а на безьліч упаковак для бясконцых цацак для чалавека, безь якіх лёгка можна было б абысьціся... Кажуць, гэта разьвіцьцё, прагрэс... Але ці сапраўды прагрэс? Разьвіцьцё, на маю думку, — гэта зусім іншае. І ісьці яно павінна найперш з каранёў сваіх нацыянальных. Але тут у нас вялікая бяда. Родны раўчук яшчэ як сьлед не прабіўся з-пад зямлі, а ўжо рака чужыны пануе паўсюль, несучы з сабой часта толькі бруд ды лаянку расейскую...«.
Сумныя і шмат у чым справядлівыя развагі, спадар Алесь. Сапраўды, традыцыйныя лісты, напісаныя на паперы, паступова адыходзяць у гісторыю. Моладзь прывыкла да электроннай пошты, да зносін у сацыяльных сетках, да чатаў. Іншая хуткасьць, іншыя магчымасьці... Вельмі можа здарыцца, што ўжо пры нашым жыцьці звыклыя для многіх пакаленьняў мэталічныя паштовыя скрынкі, як і самі паштовыя аддзяленьні, зьнікнуць бязь сьледу, ня вытрымаўшы канкурэнцыі з кампутарам ды інтэрнэтам. Ведаю, што многія гэта ўспрымуць з жалем, як разьвітаньне з часткай уласнага мінулага...
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by