Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пагражае нам «лічбавая прыдуркаватасьць»?


Калі не абмяжоўваць дзецям карыстаньня кампутарам і іншымі мультымэдыйнымі забаўкамі, іхны мозг можа пацярпець ад нечага, што некаторыя нэўролягі называюць «лічбавай прыдуркаватасьцю».

У прыватнасьці так лічыць нямецкі псыхіятар Манфрэд Шпіцэр, прафэсар ва Ўнівэрсытэце гораду Ўльм. Праблеме злоўжываньня кампутарамі прафэсар Шпіцэр прысьвяціў кнігу, якая выйшла ў Нямеччыне летась пад загалоўкам «Digitale Demenz» («Лічбавая прыдуркаватасьць»).

«Я ня бачу праблемы, калі хто заходзіць у інтэрнэт усяго на пяць хвілінаў штодня. Я тут кажу пра сем з паловай гадзінаў — пра час у суткі, які сярэднестатыстычны немец аддае прагляду мультымэдыйных матэрыялаў. Гэта ня можа застацца без наступстваў. Таму што мозг безупынна зьмяняецца пад уплывам таго, як ім карыстаюцца. Карыстаньне лічбавымі мультымэдыйнымі матэрыяламі зьмяняе мозг да горшага» — сказаў нашаму радыё прафэсар Шпіцэр.

Карыстаньне лічбавымі мультымэдыйнымі матэрыяламі зьмяняе мозг да горшага
Паводле Шпіцэра, мозг чалавека ў дзяцінстве і юнацтве адзначаецца вялікай «плястычнасьцю» ў тым сэнсе, што ён у змозе ўтвараць мноства нэўронавых ланцужкоў і дарожак пад уплывам таго, як ім карыстаюцца. У дарослым узросьце гэтыя нэўронавыя шляхі ў мозгу фіксуюцца. Таму Шпіцэр лічыць, што ў маладым узросьце мозгу трэба даць доступ да поўнага спэктру раздражняльнікаў, якія паходзяць ад узаемадзеяньня з рэальным сьветам. У віртуальным сьвеце, цьвердзіць Шпіцэр, значна менш такіх стымулаў і менш магчымасьцяў разьвіцьця для мозгу, каб потым цалкам рэалізаваць яго патэнцыял.

«Калі вы проста наводзіце мыш на нешта, а не дакранаецеся да гэтага нечага сваімі рукамі, вы не выкарыстоўваеце дзеля пазнаньня гэтага аб’екту прыблізна адной траціны часткі вашага мозгу, які кантралюе рухавыя паводзіны» — тлумачыць свой пункт погляду прафэсар Шпіцэр.

Манфрэд Шпіцэр лічыць, што выкарыстаньне кампутараў у школе павінна быць дазволенае толькі дзецям пасьля 17 гадоў.

Ня ўсе падзяляюць такія змрочныя погляды на ўплыў кампутараў на чалавечы мозг. Некаторыя нэўролягі сьцьвярджаюць, што знаходжаньне ў мультымэдыйным сьвеце павялічвае разумовыя здольнасьці чалавека.

Кампутарныя гульні маюць шэраг інгрэдыентаў, якія насамрэч магутна дапамагаюць разьвіваць здольнасьці успрыманьня мозгу, навучаньня, засяроджваньня ўвагі, бачаньня
«Кампутарныя гульні маюць шэраг інгрэдыентаў, якія насамрэч магутна дапамагаюць разьвіваць здольнасьці успрыманьня мозгу, навучаньня, засяроджваньня ўвагі, бачаньня, і таму мы працуем над разуменьнем таго, якая сутнасьць у гэтых актыўных інгрэдыентаў, каб потым выкарыстаць нашы веды для стварэньня лепшых гульняў у адукацыйных мэтах або дзеля рэабілітацыі хворых» — сказала нашаму радыё Дафні Бавэлье, прафэсар Жэнэўскага ўнівэрсытэту, якая вывучае ўплыў відэагульняў на разьвіцьцё мозгу.

Бавэлье кажа, што ў відэагульнях гульцы набываюць лепшыя, чым сярэднестатыстычныя, здольнасьці адрозьніваць дэталі ў складаным вобразе і адсочваць некалькі аб’ектаў, якія рухаюцца. Абодва гэтыя навыкі карысныя, напрыклад, пры кіраваньні аўтамабілем. Яна таксама кажа, што яе досьледы абвяргаюць цьверджаньні, што відэагульні выклікаюць праблемы з канцэнтрацыяй увагі.

Ключавая справа ў выкарыстаньні кампутараў для дабратворных мэтаў, паводле Бавэлье, гэта памяркоўнасьць і пазьбяганьне праседжваньня пры іх цягам некалькіх гадзін запар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG