Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вальжына Морт: Для эўрапейскага чытача мы — іншасьць, для амэрыканскага — чорная дзірка


Вальжына Морт
Вальжына Морт
Паэт Вальжына Морт нарадзілася ў Менску. Скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт. Яе першы паэтычны зборнік «Я тоненькая, як твае вейкі» выйшаў у 2005 годзе ў Менску. Ляўрэат міжнароднай літаратурнай узнагароды «Крышталь Віленіцы» (Славенія, 2005). З 2006 году жыве ў ЗША, працуе ў Карнэльскім унівэрсытэце. У 2008 у выдавецтве Copper Canyon Press выйшаў зборнік беларускамоўных вершаў з іх перакладамі на ангельскую мову Factory of Tears («Фабрыка слёз»), названы амэрыканскім друкам «першым у гісторыі беларуска-ангельскім паэтычным зборнікам, выдадзеным на тэрыторыі Злучаных Штатаў». У 2011 годзе выдала свой дэбютны зборнік англамоўнай паэзіі «Collected Body» («Зборнае цела»). Абедзьве амэрыканскія кніжкі выйшлі ў Нямеччыне ў выдавецтве Suhrkamp («Collected Body» гэтай вясной пад назвай «Kreuzwort»). Яе творы былі перакладзеныя на нямецкую, польскую, швэдзкую, ангельскую, літоўскую, латыскую, славенскую, баўгарскую, украінскую мовы.

Сярод узнагародаў: Der Hubert Burda Preis для маладых усходнеэўрапейскіх паэтаў (2008), літаратурная стыпэндыя ад Lannan Foundation, ЗША, Bess Hokin Prize ад часопіса Poetry, ЗША.


Гэтым летам выкладаe ва Ўнівэрсытэце Гумбальта (Бэрлін) у якасьці Siegfried-Unseld-Gastprofessorin.


Радыё Свабода: Якая ў вас першая мова, то бок якой мовы вы навучыліся ад мамы з татам?

Вальжына Морт: Мая матчына мова руская.

РС: А як, калі і чаму вы пачалі пісаць па-беларуску?

ВМ: Беларускую мову я вывучыла слухаючы радыёперадачу «Вітаю Вас» (калі не памыляюся з назвай), пад якую на працягу некалькіх гадоў майго дзяцінства я засынала. Аднойчы прачытала падборку вершаў Бум-Бам-Літу, села і напісала вершы, нават не ў адказ, а больш у працяг той падборкі. Гэта быў час таго пераломнага ўзросту, калі дзіця становіцца дарослым чалавекам у тым сэнсе, што пачынае пра сябе думаць, нібы збоку, сябе асэнсоўваць. І таму здавалася вельмі натуральным тое, што для гэтага асэнсаваньня я знайшла новую, іншую мову.



РС: Калі вы адчулі, што ведаеце ангельскую мову настолькі добра, што можаце паспрабаваць пісаць на ёй вершы? Як вы адчуваеце сябе ў ангельскай мове? Вам даводзіцца працаваць са слоўнікамі? Ці ўдзельнічае ў нейкім этапе гэтай англамоўнай творчасьці беларуская мова?

ВМ: На ангельскай мове я напісала адну кніжку. Зараз я працую на беларускай і ангельскай мовах — апошнім часам больш на беларускай. У ангельскай мове я сябе адчуваю як дома (у сваім доме, а не ў бацькоўскім). Гэта мова, на якой я кахаюся, ем, мару, размаўляю з катамі. З дачкой я размаўляю на трох мовах, а калі яна сябе дрэнна паводзіць, так яшчэ і на польскай. Са слоўнікам(і) я працую кожны дзень, не дзеля перакладу словаў, канешне, а для, напрыклад, этымалёгіі.

РС: Наколькі ангельская мова зьмяніла вам творчую пэрспэктыву — яна вам пашырыла магчымасьці самавыяўленьня ў параўнаньні зь беларускай мовай ці, можа, нейкія магчымасьці закрыла?

ВМ: Ангельская мова для мяне — гэта ў першую чаргу свабода ад біяграфіі і геаграфіі, у нейкім пляне таксама свабода ад гісторыі. Яна навучала мяне цішыні — я гэтым хачу сказаць, што яна мяне прывяла да разуменьня, што паэзія мусіць лічыцца зь цішынёй, што верш трэба пісаць так, каб гэтую цішыню гісторыі не парушыць.

Потым, канешне, гэта англамоўная літаратурная традыцыя. Пушкін пачаў пісаць «Яўгена Анегіна» ў 1823 годзе — з пэрспэктывы англамоўнай паэзіі, гэта пазаўчора. Купала і Эліят — амаль пагодкі!

Ад ангельскай паэзіі я спрабую вучыцца радку, страфе, яснасьці думкі і вобразу, увазе да дэталяў.

РС: Ці чуюць англамоўныя людзі ў Вашай паэзіі нейкі «іншасны» акцэнт — вобразны, мэтафарычны, пачуцьцёвы?

ВМ: Я спадзяюся, што так. Як чытач я шукаю іншасны акцэнт ва ўсім, што я чытаю.



РС: Чым адрозьніваецца амэрыканскі літаратурны сьвет ад эўрапейскага? Вакол чаго канцэнтруецца «літаратурнае жыцьцё», «літаратурны працэс»?

ВМ: У літаратурнага жыцьця ў ЗША няма аднаго пэўнага цэнтру. Па першае, ёсьць унівэрсытэты зь іх магістарскімі (а таксама і бакаляўрскімі і доктарскімі) праграмамі мастацкага пісьма. Такія праграмы — галоўны спонсар-працадаўца пісьменьнікаў. Больш за тое, у асобны сэмэстар кожная праграма запрашае каля трох-сямі пісьменьнікаў на выступ і сустрэчу са студэнтамі. Каля гэтых праграмаў заўсёды шмат спрэчак, але яны бясспрэчна робяць вялікую працу — яны рыхтуюць чытачоў паэзіі, глыбокіх уважлівых чытачоў.

Потым, Poetry Foundation — гэта вялікая незалежная літаратурная арганізацыя, якая займаецца рознымі паэтычнымі праектамі, у тым ліку выдае самы стары ў англамоўным сьвеце паэтычны часопіс «Паэзія». Але ёсьць яшчэ вялікая колькасьць іншых часопісаў (унівэрсытэцкіх і не), якія ладзяць фэстывалі, праводзяць конкурсы і раздаюць узнагароды. Сярод важных узнагародаў — National Book Award, Pulitzer Prize. Як па мне, дык усіх гэтых праграмаў, конкурсаў і ўзнагародаў зашмат, зашмат літаратурнай мітусьні, такога сабе паэтычнага цырку... Часам пісьменьнікі становяцца рабамі літаратурных праграмаў, якія патрабуюць, каб пісьменьнік выдаваў новыя кніжкі, напрыклад, кожныя два гады. І вось гэты пісьменьнік піша не калі пішацца, а каб задаволіць гэты расклад.

Крыху іншае, але вельмі важнае — гэта вядомыя часопісы, якія спэцыялізуюцца на літаратурных рэцэнзіях, напрыклад The New York Times Book Review, Publishers Weekly. У мяне на кухонным стале заўсёды ляжаць нумары London Review of Books — гэта маё любімае выданьне. Потым ёсьць вялікія штогадовыя літаратурныя фэстывалі, канфэрэнцыі, і кніжныя кірмашы, на якія прыяжджае літаратурны сьвет (цікавы і таленавіты, плюс усялякія апантаныя мэтафарамі цётачкі). Амэрыканскі ПЭН-клюб ладзіць цікавыя фэстывалі. Міжнародная праграма ў Аёве запрашае пісьменьнікаў з усяго сьвету — Андрэй Хадановіч і Марыйка Мартысевіч былі яе стыпэндыятамі. Цэнтрамі можна назваць некалькі гарадоў, але і рэгіянальная літаратура мае свайго рэгіянальнага (і ня толькі) чытача. У Нью Ёрку мая любімая літаратурная пляцоўка — гэта цэнтар 92Y. Ён запрашае вялікіх літаратурных зорак на чытаньні і дыскусіі.



РС: Традыцыйна беларускія паэты пісалі рыфмаваную паэзію — аж да таго, што звычайна ў нас лічыцца, што паэзія — гэта ўсё, што зарыфмавана. У вас рыфма — рэдкі госьць. Што робіць Вашу паэзію паэзіяй?

ВМ: Рыфма — гэта толькі адзін з элемэнтаў паэтычнай прасодыі. Калі паэзія — гэта торт, то рыфма — гэта, скажам, міндаль. Калі я чытаю некаторыя беларускія вершы, зарыфмаваныя, я ня ведаю, што іх робіць паэзіяй. Я замовіла кавалак торту, а мне прынесьлі талерку міндалю. Паэзія размаўляе вобразамі, а ня рыфмамі. Мне значна цікавейшы рытм, сынтакс, адным словам канструкцыя — што ідзе за чым.

РС: Хто вашы літаратурныя настаўнікі і маякі?

ВМ: З жывых паэтаў (буду называць замежных, беларускіх ведаеце лепш за мяне) я вельмі люблю Джэфры Хіла, Энн Карсан, Вінус Куры-Гата, Дэрэка Ўолката, Шэймаса Хіні, Томаша Шаламуна, Гертруд Шнакенбэрг, Шамшада Абдулаева, Ільлю Камінскага, Сяргея Жадана, Лінор Гаралік, Веру Паўлаву, Энзэнбэргера...

Мёртвых зашмат, каб усіх узгадаць. Рыльке, Тракль, Поль Сэлян, Эдуард Глісан, Васка Попа, Збігнеў Гэрбэрт, Тэд Х’юз, Том Ган, Харт Крэйн, Бродскі, Цьвятаева, Мандэльштам, Чэзарэ Павэзэ, Эліят, Анна Сьвіршчынска, Анна Каменска, Егуда Аміхай, Эмэ Сэзэр, Дуглас Дан, Джон Дон, Эдманд Джабэс, Данііл Хармс, Эдвін Арлінгтан Робінсан, Ніканор Парра (можа Парра яшчэ жывы?!) (жывы! — РС), Чэслаў Мілаш, Міраслаў Голуб, Офан Вэлі...



РС: Як з Амэрыкі бачыцца тое, што адбываецца сёньня ў беларускай літаратуры?

ВМ: З Амэрыкі амаль ніяк, а вось пры рэдкіх сустрэчах зь землякамі атрымліваю новыя кніжкі (дзякуй, Ігар!)

РС: Што з сучаснай беларускай літаратуры, на вашу думку, магло б зацікавіць амэрыканскага чытача? Што б вы ўключылі ў сьпіс для першачарговага перакладу на ангельскую мову?

ВМ: Я думаю, што нас ня мусіць хваляваць цікавыя мы ці не амэрыканскаму чытачу. У пэўным пляне, мы бліжэйшыя эўрапейскаму чытачу — для эўрапейскага чытача мы ўвасабляем іншасьць. Для амэрыканскага — чорную дзірку. Напрыканцы апошняга стагодзьдзя англамоўны сьвет страціў розум (гэта мусіць калька з ангельскай) па польскай паэзіі — Мілаша, Гэрбэрта, Шымборску, Загаеўскага чыталі і любілі (і дагэтуль чытаюць і любяць) больш за сваіх амэрыканскіх паэтаў. Тэд Х’юз сьпісаў свайго знакамітага Крумкача з кульгавага ваўка Васка Попа. Цэлае пакаленьне амэрыканскіх паэтаў кінулася імітаваць «польскую іронію». Беларуская паэзія не заўсёды такая унівэрсальная, і гэта ня ёсьць нейкай нэгатыўнай характарыстыкай. Нашая літаратурная мова мусіла доўга сьпяваць пра рэчы далёкія ад сапраўднай беларускай рэальнасьці, і таму сёньня важна гэтую рэальнасьць пакласьці на словы, перакласьці на паэтычную мову. Чытачу далёкаму ад гэтай рэальнасьці часта няма за што зачапіцца. Але гэта праблема чытача, а ня аўтара. Мне вельмі цікава чытаць Альгерда Бахарэвіча; ён ня проста расказвае пэўную гісторыю, а прапануе бачаньне сьвету — сьвету мне знаёмага, але бачаньне гэтае больш дакладнае, больш вэрбальна цікавае, чым маё часта эмацыйнае ўспрыманьне майго найбліжэйшага сьвету. Я люблю гумар Андрэя Хадановіча, люблю Уладзімера Арлова. Не ўяўляю свай дом без раманаў Васіля Быкава.

РС: Якое акрэсьленьне найлепш пасуе да вашай «нацыянальна-творчай» сытуацыі — беларуская паэтка, амэрыканская паэтка, беларуска-амэрыканская паэтка, проста паэтка, ці можа яшчэ нейкае іншае?

ВМ: Паэт.

РС: Значыць, вы адмаўляецеся і ад этнічна-геаграфічных эпітэтаў, і ад гендэрных маркераў?

ВМ: Я ня проста ад іх адмаўляюся, я ня ведаю, што дакладна яны значаць.



РС: У Беларусі чалавек лічыцца пісьменьнікам, калі належыць да Саюзу Пісьменьнікаў. А як у Амэрыцы? Ці Вы належыце да Саюзу амэрыканскіх пісьменьнікаў?

ВМ: Такога саюзу, дзякуй Богу, няма. У ЗША іншая хвароба — прафэсарства. Калі кажаш, што ты паэт, то адразу пытаюць, дзе выкладаеш.

РС: Вы недзе сказалі, што зьбіраецеся перакладаць свой зборнік Collected Body на беларускую мову. Вы і раней перакладалі — з польскай, украінскай і ангельскай. Наколькі пераклад паэзіі істотны для паэта? Ці магчыма перакласьці паэзію з адной мовы на іншую? Калі так, дык што насамрэч магчыма?

ВМ: Я пераклад люблю як творчы працэс, як працэс глыбокага чытаньня. Вынікамі літаратурнага перакладу я карыстаюся як «настаўнікамі і маякамі», пра якія вы пыталі вышэй. Біблія, Гамэр, Дантэ — я гэта ведаю толькі ў перакладзе, а калі такія першапачатковыя тэксты чытаць у перакладзе, так і няма чаго выпендрывацца. Таму канешне магчыма, бо як інакш?

РС: Кім вы сябе адчуваеце ў Амэрыцы? Эўрапейкай? Беларускай? Амэрыканкай? Або: па чым настальгуеце ў Амэрыцы, калі наогул?

ВМ: Я сябе ўсюды адчуваю чалавекам. Асабліва на Карыбскім моры.
Як кожны чалавек, я больш за ўсё належу да свайго дзяцінства. Нехта там сказаў, мы ўсе бежанцы з краіны дзяцінства. І прыгожа і праўда.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG