Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адзіным апірышчам для беларускай дыяспары застаецца мова»


Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі
Якія асноўныя праблемы стаяць сёньня дзеля захаваньня беларускай прысутнасьці ў сьвеце? Як выглядае стан беларусаў замежжа ў гістарычным аспэкце, у параўнаньні зь першым зьездам беларусаў сьвету, які адбыўся ў 1993-м годзе? На гэтыя пытаньні адказвае перакладчык, грамадзкі дзеяч Лявон Баршчэўскі.

— Якія асноўныя праблемы стаяць сёньня перад беларускай дыяспарай? Ад чаго яны найбольш залежаць — ад актыўнасьці саміх беларусаў замежжа, ад стаўленьня дзяржавы, ад дапамогі грамадзянскай супольнасьці?

— Галоўная праблема — гэта праблема самаідэнтыфікацыі. Добра вядома, што беларусы яе хутка губляюць, і не губляюць яе толькі тыя, якія трымаюцца беларускай мовы. За апошнія дзесяцігодзьдзі нават сярод апазыцыі зьявілася шмат людзей, якія кажуць, што «мова — гэта не галоўнае». Аднак у беларусаў няма нейкай сваёй адметнай рэлігіі, фігуры, якая б трымала ўсіх вакол сябе — таму ў нас адзіным апірышчам застаецца мова.

І калі дыскусіі ідуць вакол гэтага (яны і на сёньняшнім зьезьдзе ішлі, некаторыя выступоўцы таксама казалі, што «мова — не галоўнае»), то тады нічога ня будзе. Стаўленьне сёньняшняй дзяржавы да мовы вядомае, і зразумела, што яно не памяняецца пры гэтай уладзе.

Але грамадзтва павінна было б кансалідавацца. Калі б яно кансалідавалася на прызнаньні мовы як каштоўнасьці (незалежна ад таго, гаворыш ты на гэтай мове ці не), то гэта дало б шанец і грамадзтва наша аб’яднаць, а тады і дыяспара атрымае шанец на выжываньне.

— Як выглядае стан беларусаў замежжа ў гістарычным аспэкце, у параўнаньні зь першым зьездам беларусаў сьвету, які адбыўся ў 1993-м годзе? Якая дынаміка беларускай прысутнасьці ў сьвеце?

— Дынаміка, вядома, адмоўная. Бо адна справа — калі гэта на дзяржаўным узроўні падтрымлівалася, калі на першым зьезьдзе сядзелі першыя асобы дзяржавы. А цяпер гэта чыста грамадзкая ініцыятыва, якая нават сустракаецца зь вялізарнымі цяжкасьцямі, каб такі зьезд арганізаваць. Ясна, што ў такой сытуацыі ў актыўнай дыяспары застаюцца толькі сапраўды актыўныя і сьвядомыя людзі.

Разам з тым моладзь, якая зьяжджала зь Беларусі ў 90-я гады, была па-добраму прышчэпленая бацылай каштоўнасьцяў і беларускасьці. Яна мае пэўныя ідэі, новыя формы работы, якіх раней проста не магло быць.

Тая, старая эміграцыя была настальгічная, цяпер яна больш практычная. Яна кажа, што мы можам рабіць, і менш расплываецца ў рамантычных прызнаньнях у любові да свайго краю. Таму казаць, што нэгатыўная дынаміка прывяла да гібелі дыяспары — я б не сказаў. Але пакуль ня будзе дзяржава трымацца нацыянальных інтарэсаў, дбаць пра мову і культуру не на паперы, а па сутнасьці — дыяспары будуць у такім цяжкім становішчы.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG