Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Патрабаваць юрыдычнай рэабілітацыі палітвязьняў ня вельмі рэалістычна»


Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч
У пяцёх фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году — Віталя Рымашэўскага, Андрэя Дзьмітрыева, Сяргея Вазьняка, Аляксандра Фядуты і Сяргея Марцэлева — мінулі ўмоўныя тэрміны пазбаўленьня волі.

Гэта азначае зьняцьцё пэўных абмежаваньняў, якія прадугледжваюцца гэтым пакараньнем. У прыватнасьці, асуджаным умоўна ня трэба ўжо будзе адзначацца ў міліцыі, яны змогуць без дазволу зьмяняць месца жыхарства, выяжджаць за мяжу.

Наколькі актуальным і рэалістычным застаецца пытаньне ня толькі вызваленьня, але і поўнай палітычнай і юрыдычнай рэабілітацыі палітвязьняў? Ці можа Эўразьвяз ставіць гэтае патрабаваньне ў якасьці асноўнага для пачатку дыялёгу з афіцыйным Менскам? На гэтыя пытаньні адказвае праваабаронца Ўладзімер Лабковіч.

— Ці застаецца актуальным — і з боку праваабаронцаў, і з боку эўрапейскіх структураў — патрабаваньне поўнай рэабілітацыі палітвязьняў, а ня толькі іхняга вызваленьня? Складаецца ўражаньне, што апошнім часам патрабаваньне рэабілітацыі неяк забываецца — больш за тое, ідуць дыскусіі пра мэтазгоднасьць і неабходнасьць гэтага патрабаваньня…

— Калі мы разглядаем рэабілітацыю зь юрыдычнага пункту гледжаньня, то яна заўсёды мае значэньне. Гэта як на пачатку 90-х рэабілітоўвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Прызнаецца, што чалавек быў незаконна асуджаны, прысуд адмяняецца, і дзяржава мусіць кампэнсаваць ягонае незаконнае, злачыннае асуджэньне.

У такім разе, калі казаць пра такую рэабілітацыю, то трэба зыходзіць з усёй сучаснай гісторыі палітычных вязьняў у Беларусі. Нельга абмяжоўвацца толькі тымі, хто пацярпеў цяпер, — трэба пачынаць з 1995-га году.

— Ці былі пры цяперашнім палітычным рэжыме — ад сярэдзіны 90-х да ўдзельнікаў Плошчы-2010 — выпадкі такой рэабілітацыі?

— У выключна палітычных справах такой рэабілітацыі ніколі не было. Быў выпадак рэабілітацыі Андрэя Бандарэнкі — лідэра праваабарончай арганізацыі «Плятформа» — які быў незаконна асуджаны, а потым прысуд быў адменены. Гэта адзіны выпадак з такіх рэзанансных спраў, які нам вядомы.

— Дык усё ж наколькі рэалістычна сёньня патрабаваць ад беларускай улады поўнай юрыдычнай рэабілітацыі палітвязьняў? Ці будзе Эўразьвяз ставіць такую рэабілітацыю асноўнай умовай аднаўленьня дыялёгу з афіцыйным Менскам?

— Я разумею, што магу атрымаць нараканьні ад сваякоў палітвязьняў і палітычных актывістаў — але я лічу, што гаварыць пра юрыдычную рэабілітацыю ня вельмі рэалістычна. Мне падаецца, сёньняшні стан беларускага рэжыму ніяк не прадугледжвае такіх радыкальных саступак — пайсьці на юрыдычную рэабілітацыю.

Як мы разумеем пазыцыю Эўразьвязу — яны найперш патрабуюць палітычнай рэабілітацыі. Гэта азначае, што людзі павінны атрымаць назад свае грамадзка-палітычныя правы, у першую чаргу — права абірацца на выбарныя пасады ў Беларусі. Для гэтага ёсьць іншая зусім працэдура — «зьняцьцё судзімасьці». І гэтае патрабаваньне мы, безумоўна, падтрымліваем і адстойваем.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG