Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт Эўрапарлямэнту ўхваліў справаздачу Палецкіса


Юстас Палецкіс
Юстас Палецкіс
Камітэт замежных справаў Эўрапарлямэнту ухваліў сёньня справаздачу аб сытуацыі ў Беларусі. Справаздача дакладчыка Эўрапарлямэнту па Беларусі Юстаса Палецкіса была падрыхтаваная для Эўракамісіі, Рады ЭЗ і Службы зьнешніх дзеяньняў Эўракамісіі.

За прыняцьце дакладу прагаласавалі 55 эўрадэпутатаў, супраць — адзін, пяцёра ўстрымаліся.

Перад галасаваньнем Юстас Палецкіс прапанаваў пералічыць у дакладзе пайменна палітвязьняў: Мікалая Аўтуховіча, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Зьмітра Дашкевіча, Алеся Бяляцкага, Мікалая Дзядка, Эдуарда Лобава, Ігара Аліневіча, Аляксандра Францкевіча.

Справаздача падрыхтаваная па выніках візыту Палецкіса ў Менск 18-21 сакавіка. Абмеркаваньне дакумэнту ў камітэце замежных справаў у першым чытаньні 30 траўня выклікала, паводле словаў Палецкіса, «эмацыйную дыскусію».

Дакумэнт таксама выклікаў неадназначную рэакцыю ў Беларусі. Прадстаўнікі апазыцыі і праваабаронцы абурыліся тым, што ў дакладзе сказана пра паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека ў краіне ў 2012 годзе. Палецкіс у сваю чаргу сьцьвярджаў, што такую выснову ён зрабіў на падставе інфармацыі беларускіх праваабаронцаў. Разам з тым дакладчык прызнаў: фармулёўка пра «паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека» у справаздачы няўдалая і будзе зьменена.

Да 12 чэрвеня быў аб’яўлены прыём дадаткаў і зьменаў да дакладу. Па заканчэньні гэтага тэрміну Палецкіс паведаміў, што паступіла больш за 300 дапаўненьняў і прапаноў.

Рыхтуючыся да абмеркаваньня дакладу ў другім чытаньні, яго аўтар правёў шэраг кансультацый з дэпутатамі ад розных фракцый Эўрапарлямэнту, а таксама прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

Паўторна даклад абмяркоўваўся на пасяджэньні камітэту замежных справаў 8 ліпеня.

Па выніках абмеркаваньня Палецкіс у камэнтары для «Радыё Свабода» паведаміў:

«Тэза аб тым, што зьмянілася сытуацыя з правамі чалавека, перафармуляваная цалкам. Цяпер гаворыцца аб цяжкім становішчы з правамі чалавека. Але адначасова цытуецца, паводле статыстыкі праваабарончага цэнтру» Вясна «, што колькасьць асуджаных па палітычных матывах зьменшылася. Але цяпер тлумачыцца, што гэтыя лічбы — вынік атмасфэры запалохваньня і рэпрэсій».

Тэкст ухваленага дакладу павінен быць апублікаваны ў канцы гэтага — пачатку наступнага тыдня на сайце Эўрапарлямэнта. Дакумэнт будзе вынесены на разгляд пленарнай сэсіі Эўрапарлямэнта ў верасьні.

Пра гэта інфармуе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG