Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна — на Захад, Беларусь — на Усход


Пры канцы лістапада ў Вільні падчас саміту «Ўсходняга партнэрства» заплянаванае падпісаньне дамовы аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўрапейскім Зьвязам, што павінна вызначыць далейшы вэктар разьвіцьця дзяржавы. Аднак шэраг умоваў, папярэдне вылучаных Кіеву з боку Брусэля, далёкія ад выкананьня. З гэтай прычыны, мяркуюць аналітыкі, эўрапейскія пэрспэктывы Ўкраіны могуць быць адтэрмінаваныя, што здольная выкарыстаць Расея, спрабуючы разьвярнуць Кіеў у бок Мытнага зьвязу.

Ад 1 ліпеня ў Эўразьвязе старшынюе Літва, дзе ў лістападзе і пройдзе вырашальны для Ўкраіны саміт. Напярэдадні міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што пакуль ня бачыць перадумоў для падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам — маўляў, Кіеву яшчэ трэба вырашыць шэраг праблемаў, зьвязаных з выбарамі, іх празрыстасьцю і далейшымі канфліктамі. Па яго словах, з апанэнтамі трэба размаўляць, а не саджаць іх у турму. Тым самым ён нагадаў, што адной з галоўных перашкодаў на шляху эўраінтэграцыі застаецца палітычна матываванае зьняволеньне экс-прэм’ер-міністра Юліі Цімашэнкі.

Народны дэпутат Украіны, сябра апазыцыйнай фракцыі ад партыі Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына» Генадзь Маскаль падзяляе скептыцызм што да хуткай эўраінтэграцыі Ўкраіны. Па яго словах, палітычны працэс тармозіць найперш выканаўчая ўлада:

«Вельмі стрымана ацэньваю пэрспэктывы. Я б сказаў, у прапорцыі 30×70, дзе 30 — за ратыфікацыю дамовы, а 70 — супраць. Справа ў тым, што з шэрагам законапраектаў дагэтуль няма фактычна ніякай пэўнасьці. Увесь папярэдні тыдзень крычалі, што трэба, каб усе мабілізаваліся, каб да ночы працавалі. Але ж законапраекты, якія б адчынялі дарогу да асацыяцыі і лібэралізацыі бязьвізавага рэжыму, некаторыя фракцыі так і не падалі, у тым ліку і праўладныя. Пры гэтым кідаюць камень у наш агарод — маўляў, гэта апазыцыя не працуе. Зразумела, што парлямэнт мусіць нешта прымаць, але ж тут дзейнічае прынцып заканадаўчай ініцыятывы. Ёсьць канкрэтна 450 народных дэпутатаў, ёсьць прэзыдэнт Украіны, і ёсьць у цэлым Кабінэт міністраў. І трэба разумець: ёсьць такія законы, якія павінны падаваць прэзыдэнт і ўрад Украіны. Гэта менавіта той выпадак».

Група журналістаў беларускіх незалежных выданьняў пабывала ў Кіеве, дзе сустрэлася з прадстаўнікамі розных палітычных сілаў. Па выніках размоваў стала відавочна, што ў прыярытэце эўрапейскага курсу перакананыя нават праўладныя палітыкі. Але некаторыя лічаць, што Эўропа адчыніць дзьверы, заплюшчыўшы вочы на асаблівы статус Украіны адносна трохкутніку Беларусь — Расея — Казахстан. У гэтым перакананы дэпутат ад уладнай «Партыі рэгіёнаў» Міхаіл Апанашчанка:

«Зараз вядзецца размова пра падпісаньне пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Але каб гаварыць пра такую магчымасьць, павінен прайсьці пэўны час — застаецца шэраг законаў, якія Ўкраіне неабходна прыняць і адаптаваць унутры дзяржавы. Разам з тым хачу патлумачыць: перад намі ня ставіцца альтэрнатыва — ці вы з Эўразьвязам, ці з Расеяй. У пагадненьні аб асацыяцыі, зыходзячы з тых пазыцыяў, якія акрэсьліваў перад намі эўракамісар, прадстаўнікі іншых эўраструктураў, абсалютна няма ўзаемавыключальнага фактару. Так, мы ідзём на падпісаньне пагадненьня з Эўразьвязам, але ніякіх абмежаваньняў там не прадугледжваецца. Таму, яшчэ раз кажу, мы ня ставім пытаньня ўзаемавыключэньня. То бок мы не прыхільнікі таго, каб парушаць нашы ўзаемаадносіны з краінамі Мытнага зьвязу. Дарэчы, менавіта Ўкраіна і ініцыявала варыянт 3+1. Іншымі словамі, мы, наадварот, ідзём насустрач такому супрацоўніцтву».

У часе круглага стала ў галаўным офісе «Партыі рэгіёнаў» міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі выказаў думку, што Ўкраіне ўсё ж варта вызначыцца, з кім яна мае будаваць сваю будучыню — сумясьціць формулу 3+1 у Мытным зьвязе з аналягічнай 28+1 у Эўразьвязе наўрад ці ўдасца:

«Мяркую, што вам наўрад ці ўдасца, як у выпадку з Мытным зьвязам, дзе, як вы кажаце, існуе статус назіральніка 3+1, мець, вобразна кажучы, 28+1. Так ня будзе для вас. Або вы паўнавартасны падпісант пагадненьня аб асацыяцыі, або, як яшчэ ў рангу прэзыдэнта Расеі казаў Дзьмітрый Мядзьведзеў, вы да нас. Але так не атрымаецца — каб і туды, і сюды. Роля назіральніка ў выглядзе 3+1 на практыцы азначае: хочам удзельнічаць, але не абавязкова ва ўсім. Такі падыход Крэмль яўна не задавальняе. Але тут небясьпека ў іншым. Пасьля падпісаньня ў Вільні пагадненьня мільён украінскіх грамадзянаў у Расеі апынуцца ў цікавым становішчы — як мінімум 700 тысяч могуць быць папросту дэпартаваныя адтуль. У прынцыпе, тое самае тычыцца і Беларусі, дзе таксама шмат людзей з украінскім грамадзянствам. Яны таксама атрымаюцца як бы па-за законам».

Дамова аб асацыяцыі па сваім зьмесьце ня мае аналягаў — дагэтуль стасункі зь іншымі дзяржавамі не будаваліся паводле схемы, якая прадугледжвае адаптацыю ўнутранага заканадаўства да законаў Эўразьвязу. Калі задуму рэалізаваць удасца, гэта адчыніць Украіне шлях да поўнамаштабнага супрацоўніцтва з краінамі Зьвязу, што, у сваю чаргу, будзе спрыяць эканамічнаму росту і падвышэньню дабрабыту насельніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG