Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньня тут танцуюць


«Сёньня — нічога», — са смуткам піша 14 ліпеня 1789 году ў сваім дзёньніку Людовік XVI. У той дзень Яго вялікасьць не ўпалявалі ні зайца, ні казулі, ні хаця б на благі канец фазана — ёсьць ад чаго быць не ў гуморы. У тыя самыя хвіліны, калі кароль дзеліцца з «дарагім днеўніком» гэтым рамантычным перажываньнем, парыжане шукаюць зброю. Яны ўжо ўзялі мэрыю, Арсэнал, Дом інвалідаў — і вось пайшлі чуткі, што ў сутарэньнях Бастыліі стрэльбаў і пораху хопіць на ўвесь горад.

«Сёньня — нічога», — піша кароль; ён зусім не зьбіраецца ўвязвацца ў гэтыя мярзотныя парыскія забурэньні. Прынамсі, сёньня... Нічога не чакае ад Вэрсалю і камэндант Бастыліі маркіз Дэлянэ. Пад ягонай камандай трохі болей за сотню салдат — а парыжанаў пад мурамі крэпасьці дзясяткі тысяч. Праўда, муры Бастыліі тоўстыя, а на іх — тузін гарматаў, але маркіз ведае, што яму доўга ня вытрымаць аблогу.

Ён выглядвае з вакна — адзін з паўстанцаў махае яму зьнізу пікай, сьпіянэранай, відаць, у нейкага гвардзейца. Дэлянэ не падазрае, што ўначы ягоная галава будзе насаджаная на гэтую піку і рэвалюцыйныя парыжане з жартамі і сьмехам будуць насіць яе па ўсім горадзе і паказваць дзецям. І калі нейкі падсьлепаваты прафэсар, выпаўшы з часу і начных пантофляў, баязьліва запытаецца абвешанага пісталетамі, п’янага ў зюзю мясьніка, зь якой нагоды гуляньні, той змрочна адкажа:

«Празьнік у нас! Ня знаеш, ці што? Чатырнаццатага іюля, дзень узяція Басьціліі!»

...Сьмерці камэндант Дэлянэ не баіцца — з паходняю ён спускаецца ў сутарэньні, каб узарваць давераны яму аб’ект, але па дарозе яго хапаюць за рукі і адводзяць назад. У вонкавым двары крэпасьці густы дым — людзі пралезьлі сюды, як пацукі, трашчыць падпаленая салома, страляніна не сьціхае.

З вокнаў крэпасьці, як білет, працягнуты кантралёру, зьяўляецца белы сьцяг.

«Сёньня — нічога», — піша кароль і загортвае дзёньнік. 15 ліпеня ён загадвае сваім наймітам пакінуць Парыж, і горад крыху супакойваецца, а 17-га вяртаецца туды сам. Бастылія яшчэ стаіць. «Ведаеце, Ваша Вялікасьць, — кажа, нахіліўшыся да караля, маркіз Ляфает. — Ёсьць прапанова павесіць на мур крэпасьці такую шыльдачку... Напісаць на ёй, напрыклад, так: гісторыка-музэйная каштоўнасьць. Ахоўваецца дзяржавай. Прычыненьне шкоды караецца па законе. У гэтым доме з 1370 году жылі і працавалі Чалавек у жалезнай масцы, Вальтэр, дэ Сад...»

«Не! — крычыць нехта за сьпінай караля. — Мы зьнясем яе нахер. А на яе месцы паставім крыж! Не, два крыжы! Па ўсіх нявінна замучаных самадзяржаўем!»

«У мяне таксама ёсьць ідэя, — ціха кажа Людовік. — Калі зруйнуеце, пастаўце там шыльду з такім надпісам...»

Усе чакаюць.

«Ад сёньня тут танцуюць»... І лічыце гэта апошняй просьбай асуджанага на сьмерць. І вось што... Аўтарства можаце не пазначаць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG