Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец хваробы


«Хто ж уклаў у вас столькі нянавісьці? —

Мне ня трэба было чужой нянавісьці, мне хапала сваёй».

...Ванна давала яму палёгку. Нядоўгую, але ўсё ж. Вось і 13 ліпеня 1793 Жан Поль Мара, хворы на экзэму, а яшчэ больш хворы на рэвалюцыю, маньяк, якому так хацелася забіваць, як іншым хочацца ў сьпякотны дзень марозіва або халоднага піва, ляжаў, а дакладней, сядзеў у балеі ў сябе на вуліцы Кардыльераў і пісаў артыкул. Пра тое, як гэта файна: забіваць, пра тое, што забіваць трэба як мага больш, пра тое, што забіваць — гэта, уласна кажучы, адзінае, дзеля чаго варта жыць у Францыі канца ХVIII стагодзьдзя. Каго — гэтае пытаньне Мара ня надта турбавала: штодня ён атрымліваў сьпісы ворагаў, дзе стаялі тысячы незнаёмых прозьвішчаў, і кожнага разу цешыўся ім, як дзіця.

Але Аннушка, то бок Шарлёта, ужо праліла алей — некалькі гадзін таму мадэмуазэль Кардэ купіла ў крамцы ў Пале-Руаяль вялікі і востры кухонны нож.

Па абедзе ён апынецца проста ў сэрцы Мара, нібыта ў кавалку сьвініны, умомант вылечыўшы яго ад экзэмы, ад рэвалюцыі, ад усіх маніяў і фобіяў. Рэвалюцыянэр будзе ляжаць у яшчэ цёплай вадзе і ўсьміхацца, шчасьлівы і вольны. Ён пасьпее паклікаць сваю жонку — каб яна падзяліла зь ім радасьць. «Сюды, мая сяброўка!» — крыкне ён, але працягу ніхто не пачуе. — «Пазнаёмся з мадэмуазэль Кардэ! Толькі што яна знайшла рашэньне! Я ўратаваны!»

Менавіта такім Мара выглядае на карціне Давіда — чалавекам, для якога ўсё ўжо скончылася, і ён гэтаму невымоўна рады. Аркуш паперы ў яго ў руцэ ўжо ня мае значэньня, якая розьніца, што там: данос або просьба — і ён задаволена заплюшчыў вочы. Больш ня трэба чытаць усе гэтыя імёны, на якія ў яго заўжды адзін адказ, быццам ён ня мае ўлады над сваімі вуснамі: «На гільятыну! Усіх!» Шчасная ўсьмешка на іх наводзіць на думкі пра мужчыну, які толькі што меў добры сэкс і ведае, што будзе мець яго зноў. Інтымны момант на фоне сьцяны, цёмнай, як сам нябыт. Як канец усіх рэвалюцый.

Шарлёты не відаць — ёй акурат у гэты час круцяць рукі і б’юць нагамі ў жывот, і грамадзянская жонка Мара цягае яе за валасы, але мастака гэта ня надта цікавіць. Аднак Шарлёта на карціне ўсё ж прысутнічае. Магчыма, яна — белая касьцяная ручка нажа, лязо якога мае колер губной памады. Магчыма, гэта яе цень падае на Мара — цень той адзінай, якая наважылася зрабіцца лёсам і давесьці суд да канца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG