Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольна. «Беларус павінен піць беларускае»


Мястэчка Вольна вядомае зь сярэдзіны 16-га стагодзьдзя. Але сапраўдную славу яно набыло ад часоў пабудовы тут базыльянскага кляштару і царквы Сьвятой Тройцы. Белы барочны храм з унікальнымі ступеньчатымі контрафорсамі здольны ўпрыгожыць пляц любога вялікага гораду. Раскоша ўніяцкага барока — калёны, скульптуры — ня страчаная і ў экстэр’еры царквы.

Захаваліся нават старыя ўніяцкія абразы. Але галоўная адметнасьць храма — ікона Маці Божай Вальнянскай — зьнікла ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя. Настаяцель храма, айцец Аляксей, — чалавек неабыякавы да гісторыі. Ён з гонарам паведаміў мне, якія людзі бывалі тут. У гасьцях у мастака Рафаіла Сьлізьня. Самага знакамітага гаспадара Вольна.

— Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка і Ян Чачот — сябры. У Бартніках Адам Міцкевіч чытаў першыя вершы свае. Сябрам. І пані Сьлізень менавіта пад гэтую ікону зрабіла кіёт. Гэты кавалак рамкі — гэта ад той цудатворнай іконы. Калі ў 1632-м годзе пабудавалася гэтая царква, тут у нас зьявілася ікона Маці Божай Вальнянскай. Мы яе зараз пішам і хочам аднавіць яе шанаваньне.

Але не раскоша віленскага барока мяне больш за ўсё ўразіла ў гэтай царкве. Я ўпершыню пабачыў скрыню зь бясплатнымі сьвечкамі.

— Гэта ваша ініцыятыва?

— Вядома.

— Чаму?

— Ну як? Ну, людзі ж усякія ёсьць. Калі чалавек прыйшоў непадрыхтаваны, ня ўзяў, што ахвяраваць, а іншы ня можа — дзеля Бога. Адну, дзьве, тры, пяць. Мы ня лічым. Бярыце. У цябе ёсьць нешта ахвяраваць? Калі ласка, у шафу пакладзіце адзеньне. Адмыслова для міласэрнасьці.

Царква стаіць каля старога парку, які за апошнія гады ня страціў сваёй шляхетнасьці. Гэтыя прысады помняць крокі легендарных філаматаў і філарэтаў. Але да 39-га году, калі сядзіба належала панам Слізьням, пашпацыраваць тут мог ня ўсякі чалавек. Нават у лес у ягады проста так было не схадзіць. Ад старых вальнянцаў я, вядома, ня чуў ніводнага кепскага слова на адрас апошняй уладальніцы Вольна, Ядвігі Сьлізень. Але паслухаем старую Марыю Сіманчык. Гэта таксама немалаважная дэталь жыцьця ў міжваеннай Заходняй Беларусі.

— Каб ісьці ў лес у ягады, трэба было браць дазвол. Быў лясьнік адмысловы. Альбо адрабіць, альбо заплаціць. І тады можна было ісьці ў лес. Першы раз мяне ўзялі ў лес, каб паказаць, на чым растуць ягады. Раненька ўсталі і пайшлі ў абход. Каб ніхто ня бачыў. І сказалі сесьці пад елку і зьбіраць ягады. А яшчэ, казалі, былі два ваўкі ў Сьлізьнёвай. Яны ходзяць па лесе і знаходзяць, дзе людзі зьбіраюцца. А лес які прыгожы, дрэвы пакладзістыя! Тады першы раз мяне завялі ў лес.

Рафаіл Сьлізень быў ня толькі знакамітым мастаком і архітэктарам. Ён пабудаваў у Вольным вялікі бровар. Які за саветамі стаў вінзаводам. А сёньня, дзякуючы ўладам, стаіць на мяжы банкруцтва. Экскурсію па прадпрыемстве мне наладзіла майстар Лілія Адамаўна Картавенка. Інтэлігентная спадарыня, якая аддала заводу больш за 40 гадоў свайго жыцьця.

— Наш завод пабудаваны ў 1830-м годзе. Пані Сьлізьнёва. Гэты парк яна садзіла. Два возеры. Мы прымаем яблыкі. Мы можам 250 тон у дзень прыняць. Гэта вельмі вялікая перапрацоўка. Мы 10 тысяч тон летась нарыхтавалі яблык. Мы робім віно. Мы ніякай хіміі не дадаём. І які дурань прыдумаў гэта прыбраць? І ўжо пайшло з Брэста ад Сумара — закрыць віно, бо яно нерэнтабэльна. Чаму яно нерэнтабэльна? А калі нарыхтоўваць толькі на сокі, дык хто іх п’е?

Старыя карпусы, якім хутка 200 гадоў, выклікаюць павагу. Але найбольш уражваюць высачэзныя ёмістасьці зь нержавейкі.

— Вось чэскія ёмістасьці па 50 тон. Тут захоўваем канцэнтраваны сок.

— Па ідэі, Вольна павінна жыць вельмі вольна. Маючы такое прадпрыемства.

— Так. Вось басэйн на 250 тон. Запаўняецца вадой, і загружаюцца яблыкі. А потым шнэкамі падаецца ў цэх.

— А дзе віно?

— А віно вось тут. 400 тон.

— Гэта раней гэтыя ёмістасьці былі запоўненыя добрым беларускім...

— Вінцом.

— Ёсьць дзе прыкласьціся.

— І ў нас на заводзе ніхто ня сьпіўся. Ніхто не паехаў у ЛТП.

— Ёсьць такі стэрэатып, што на вінзаводах працуюць адны алькаголікі. Як прыйшлі, адразу пад гэтай ёмістасьцю леглі і...

— Не. Калі я ня ўпэўненая ў чалавеку, я яго туды не пушчу.
Падарожжа Свабоды ў Вольна
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:01 0:00

Згортваньне вырабу віна нясе пагрозу ня толькі вінаробам. Але і ўсяму навакольлю.

— Куды людзі будуць здаваць сваю прадукцыю? Ім што, высякаць сады?

— А ўсе навакольныя вёскі?

— Яны з гэтага жывуць. Нельга закрываць ні ў якім выпадку.

Чаму вышэйшыя ўлады вырашылі змагацца з пладовым віном, я зразумець не магу. Бо і ў Літве, і ў Польшчы, і на поўначы Францыі яно вырабляецца. І ставіць знак роўнасьці паміж «барматухай» і пладовым віном нельга.

— Чым адрозьніваецца віно ад барматухі?

— У віне няма фарбавальнікаў. «Нэктар Палесься», «Арэса». Беларус павінен піць сваё. Не армянскае, не азэрбайджанскае. Яблык ня так псуецца, як вінаград. Вазьміце гронку вінаграду. Колькі яна ў хаце паляжыць? Пераначуе, а назаўтра мухі яго апануюць. Там жа яго складуюць бульдозэрамі. У ім мухі кішаць. Першы сок ідзе на марачныя віны. А другія фракцыі ідуць сюды. Беларус павінен піць тое, што расьце ў Беларусі. А людзі-вяльможы могуць сабе і за 170 тысяч купіць марачнага. Але наша зьнішчаць нельга. Хіба можна такія ёмістасьці зьнішчаць?

— Ні ў якім разе такія ёмістасьці!

— Вось вы б прыехалі і ўзначалілі б гэта.

— Я падумаю над гэтым.

— І грошай будзе нямерана. Мяхамі.

— Але ж мне будуць замінаць.

— Будзеце адшпільваць усім па парадку.

Каля былога бровару ёсьць прыгожая сажалка зь лебедзямі. А крыху далей стаіць драўляны, вельмі ўтульны Дом культуры. З сымпатычнай драўлянай мазаікай на сьценах.

Калісьці на ягоным месцы быў палац паноў Сьлізьняў. Ня дом, а менавіта палац. Здымак таго палаца мне паказаў вальнянскі краязнаўца, былы настаўнік гісторыі Анатоль Анісім.

Вежы рознай вышыні, вытанчаныя шпілі рабілі палац падобным да замка зь дзіцячай кніжкі.

— Хто спаліў гэтую сядзібу Сьлізьняў?

— Лічыцца, што партызаны спалілі. Як уцякала сама пані Сьлізень у 44-м годзе. Яе дагналі ў Храмушы. І абрабавалі яе. У 44-м.

Пан Анатоль, зьбіраючы калекцыю для музэя, нават сустракаўся з тым, хто рабаваў апошнюю ўладальніцу Вольна, Ядвігу Сьлізень.

— І што цікава, у яго нават сумачка засталася, дзе грошы былі. Але як яны дзялілі? Яны тады каня забралі. Ён сам удзельнічаў. У гэтым рабаўніцтве. А яна на кані хацела на Баранавічы, на чыгунку. А далейшы лёс яе невядомы.

— А як звалі гэтага чалавека?

— Пётар Паляк.

— І ён лічыўся ўдзельнікам вайны і партызанам?

— Так. Ён працаўнік быў паважаны. Беспадобны быў чалавек!

На добры розум, Вольна магло б быць цікавай турыстычнай кропкай. Адна толькі асоба Рафаіла Сьлізьня чаго вартая! Ня кажучы пра царкву. Зрэшты, і віно таксама магло б быць брэндам. Калі яно сапраўднае...

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG