Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антон Сурапін: «Гэта навіна, зь якой мне па-ранейшаму нічога невядома»


Антон Сурапін
Антон Сурапін

Фотажурналіст Антон Сурапін, якога год таму амаль месяц трымалі ў турме КДБ паводле справы аб «плюшавым дэсанце», даў карэспандэнту «Свабоды» інтэрвію пра зьвесткі наконт заканчэньня расьсьледаваньня.

«Камэнтаваць я па-ранейшаму нічога не магу, бо з гэтай навіны пра заканчэньне расьсьледаваньня справы абсалютна незразумела, у якім юрыдычным статусе я знаходжуся, зьнялі зь мяне падазрэньні ці не зьнялі. А асабіста мяне ніхто не інфармаваў пра мой статус. Таму нават і пачуцьцяў ніякіх няма, прабачце».

Карэспандэнт: Вы 11 месяцаў як выйшлі з ізалятара КДБ, знаходзіліся ў такім няпэўным статусе. Ці засталіся падазроным, як раней, ці не засталіся — невядома. Ці адбілася неяк гэтая няпэўнасьць на вашай працы, на вучобе?

«На вучобе гэта не адбілася, чаму я вельмі рады. Вось літаральна днямі здаў сэсію і перайшоў на пяты курс. Адносна працы... трошкі было, што гэта ўсё выбіла з каляіны, у мяне нават была пэўная дэпрэсія. Але цяпер, як падаецца, усё больш-менш нармалізавалася. Мой сайт Belarusian News Photos працуе. Літаральна зараз у Мірскім замку здымалі фэстываль. Трошкі я плянаваў сайт перарабіць, але быў заняты, і таму сайт застаўся такі самы, як год таму».

Карэспандэнт: Ці сустракаліся вы з Башарымавым — рыэлтарам, якога, як і вас, затрымлівалі паводле справы аб «швэдзкім плюшавым дэсанце»? Што вам пра яго вядома?

«Не, я яго як ня знаў, гэтак і цяпер ня знаю. Мне невядома і тое, ці выставілі яму ў выніку якія абвінавачаньні, у якім ён статусе».

Карэспандэнт: «Вашы адносіны з той знаёмай дзяўчынай з Івянца, якая даслала вам фоты плюшавых мішак, наладзіліся»?

«Гэта для мяне па-ранейшаму балючая тэма. Ня тое каб зусім балюча, вы ж ведаеце — вясна прыйшла, але я не хацеў бы пра гэта размаўляць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG