Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі ёсьць сілы, зацікаўленыя ў наркатызацыі грамадзтва»


26 чэрвеня — Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і незаконным абаротам наркотыкаў, абвешчаны ААН. У Беларусі колькасьць наркаманаў імкліва расьце, перш за ўсё за кошт моладзі.

Што такое наркаманія для асобнага чалавека і ягонай сям’і, Ірына Цімох з Гомеля ведае на прыкладзе ўласнага сваяка: яе пляменьнік — наркаман са стажам. Ірына распавядае, праз што мусяць праходзіць хлопец і ягоная маці:

«Усё пачалося, нібыта ў кіно: крадзеж, калёнія дзіцячая — там наркотыкі і паспытаў упершыню. Калі вярнуўся, то лячыўся: у Гомелі ёсьць такія цэнтры, лякарні адмысловыя, дзе іх выводзяць з гэтай „ломкі“, калі ледзь да сьмерці не даходзіць — нічога не дапамагло. Цяпер яму каля 35 гадоў — здароўя няма, кроў ідзе горлам. І для сям’і цяжка: па-першае, на лячэньне патрэбныя грошы. А па-другое — з хаты выносіцца ўсё, абы толькі атрымаць чарговую дозу. І прасьвету гэтаму няма».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Беларусі на дыспансэрным уліку каля 15 тысяч нарказалежных. Адмыслоўцы ж заяўляюць, што сапраўдная колькасьць наркаманаў большая ў дзесяць разоў. Лекары-нарколягі сыстэмы Міністэрства аховы здароўя зь неахвотаю камэнтуюць гэтыя лічбы, аднак не хаваюць, што наркаманія цяжка паддаецца лячэньню. Гаворыць лекар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя:

«Гэта адна з найцяжэйшых залежнасьцяў, і гэта глябальная праблема. Наркаманія лечыцца, але гэты працэс аб’ёмны, доўгатэрміновы, і ня кожны спажывальнік наркатычных сродкаў можа прайсьці гэты шлях. Цяжкі гэты шлях перадусім маральна — вельмі вялікае жаданьне спажываць наркатычныя сродкі нават падчас лячэньня».

З наркаманіяй у Беларусі змагаюцца ня толькі структуры дзяржаўнага апарату, але і грамадзкія арганізацыі. Адна з такіх — «Маці супраць наркотыкаў» — існуе каля пятнаццаці гадоў. Супрацоўніца арганізацыі Ірына Федарчук кажа, што наркаманія ня толькі шырыцца, але і маладзее:

«Праблема наркаманіі ў Беларусі маладзее і расьце. Зь мінулага году пайшоў такі бум — падлеткі 14–15 гадоў пачынаюць ужываць наркатычныя сродкі і сумесі для курэньня. На жаль, гэтыя сумесі можна набыць праз інтэрнэт, некаторыя ёсьць у вольным продажы, бо яны не зарэгістраваныя як наркатычныя сродкі. Таму прыходзяць падлеткі, я зь імі размаўляю, і адзін хлапчук кажа: а ў мяне паўкляса курыць. І мы да такой праблемы нават не гатовыя».

Яшчэ адна грамадзкая арганізацыя, «Антымак», узьнікла ў 2004 годзе на глебе змаганьня з увозам у Беларусь буйных партыяў маку пад выглядам харчовага. Асновай дзейнасьці арганізацыі — змаганьне з наркабізнэсам на заканадаўчым узроўні. Аднак дамагчыся плёну надзвычай цяжка, кажа кіраўнік «Антымаку» Аляксандар Шпакоўскі:
У Беларусі ёсьць сілы, зацікаўленыя ў наркатызацыі грамадзтва. Інакш патлумачыць гэтую заканадаўчую імпатэнцыю і маруднасьць мы ня можам

«У нас афіцыйна зарэгістравана каля 15 тысяч наркаманаў, і бальшыня зь іх — опійныя, гэта значыць — якія ўжываюць наркотык з насеньня маку. Для кагосьці гэта звышпрыбыткі. А таму мы прапануем увесьці крымінальную адказнасьць за пастаўку ў Беларусь маку, наўмысна забруджанага саломай ці алькалёідамі опію. Але праблема ня толькі ў маку: ёсьць яшчэ вельмі моцная праблема зь легальнымі курыльнымі сумесямі. Мы прапануем пайсьці ня шляхам сьпісу, які складае Міністэрства аховы здароўя, а шляхам агульнай забароны ўсіх сродкаў, якія здольныя несьці псыхаактыўны эфэкт. Калі гэтая заканадаўчая праблема ў Беларусі доўгі час не вырашаецца, то мы як прадстаўнікі грамадзкасьці заяўляем, што ў Беларусі ёсьць сілы, зацікаўленыя ў наркатызацыі грамадзтва. Інакш патлумачыць гэтую заканадаўчую імпатэнцыю і маруднасьць мы ня можам».

Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, 7% нарказалежнага насельніцтва — крытычны парог для нацыянальнай бясьпекі кожнай краіны. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Беларусь мае 1,2% нарказалежных грамадзян. Гэтая лічба, аднак, імкліва расьце і з 1985 года павялічылася амаль у дзьвесьце разоў: тады ў краіне на афіцыйным уліку стаяла 75 наркаманаў, цяпер — 15 тысяч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG