Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крымінальная адказнасьць за гісторыю толькі заахвоціць да сумневу»


Дэпутаты Дзярждумы Расеі на заканадаўчым узроўні плянуюць увесьці крымінальную адказнасьць за крытыку дзеяньняў Чырвонай арміі падчас вайны з гітлерызмам.

Беларускія гісторыкі называюць гэта спробай паставіць кропку на праўдзівым дасьледаваньні гісторыі Другой усясьветнай вайны.

У вайну Надзея Піліповіч 15-гадовай дзяўчынкай была вывезена ў Нямеччыну на прымусовыя працы. Цяпер спадарыні Надзеі 84 гады. І, узгадваючы пра жыцьцё на чужыне ў нямецкай сям’і, яна сьведчыць пра факты і гістарычныя падзеі, якія ў падручніках знайсьці складана:

«Ежы мне заўсёды хапала: што яны самі елі, тое і мне давалі — грэх мне будзе вялікі, калі я на іх буду нагаворваць. А пасьля — скончылася вайна, і вось
Дык дзьве дачкі нашай гаспадыні так плакалі ды маліліся, каб толькі не чырвоныя нас занялі, а каб амэрыканцы
5 траўня — з аднаго боку бой і з другога, а мы пасярэдзіне. Я ляжу на другім паверсе, а гаспадыня прыбягае і крычыць мне па-нямецку: Надзя, злазь далоў, бо заб’юць, ці ты дадому ня хочаш паехаць? А нашы салдаты, калі ўварваліся ў Нямеччыну, то вельмі зь немак зьдзекаваліся, гвалцілі іх. Дык дзьве дачкі нашай гаспадыні — Ціта і Марыя — так плакалі ды маліліся, каб толькі не чырвоныя нас занялі, а каб амэрыканцы. Дык нас рускія і не занялі, а занялі амэрыканцы, гэтак нашы дзеўкі жывыя пазаставаліся. А амэрыканцы нікога не чапалі, ну нікога: ні рускіх, ні немак — як едуць, так і едуць, як ехалі, так і паехалі — вось так было».

Доктар гістарычных навук Эмануіл Ёфэ — аўтар шэрагу выданьняў па гісторыі апошняй вайны — у сваіх дасьледаваньнях сьцьвярджае, што сёньня шэраг тэмаў з гісторыі апошняй вайны ў афіцыйнай гістарыяграфіі падаецца скажона альбо цалкам замоўчваецца. Да прыкладу, сам тэрмін «усенародная вайна», якой на тэрыторыі Беларусі не было. Усё часьцей заніжаецца колькасьць загінулых беларусаў, замоўчваецца дзейнасьць беларускіх нацыянальных партызан і шмат якія іншыя тэмы. Крымінальная адказнасьць за дасьледаваньне гэтых тэмаў паставіць кропку на праўдзе пра апошнюю вайну, кажа Эмануіл Ёфэ:

Эмануіл Ёфэ
Эмануіл Ёфэ
«І станоўчае, і адмоўнае — усё было. Але сёньня ў нас выяўляецца тэндэнцыя засакрэчваньня некаторых архіваў. А пры ўмове катэгарычнага падыходу, калі такі законапраект будзе прыняты, то гэта значыць, што мы павінны з праўдзівай аб’ектыўнай гісторыяй разьвітацца як з навукай».

Яшчэ адна маладасьледаваная тэма з гісторыі Другой усясьветнай вайны — жыцьцё цывільнага беларускага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі. А менавіта — адначасны ціск акупацыйных уладаў і савецкіх партызан, падпарадкаваных Маскве і кіраваных НКУС, злачынствы над цывільным насельніцтвам, чыненыя ня толькі нацыстамі, але і іншымі групоўкамі. Паводле дасьледчыка гэтай часткі гісторыі Другой усясьветнай вайны, навукоўца Кузьмы Казака, толькі цяпер гісторыкі пачынаюць адкрываць праўдзівую гісторыю тых падзеяў:

Кузьма Казак
Кузьма Казак
«Улічваючы, як падыходзілі да гэтай тэмы ў савецкія часы, калі не казалі пра нэгатыўнае, а толькі пра пазытыўнае і сумленна адкладвалі свае працы на пазьнейшы час, бо ведалі што будуць перамены, — і вось бачыце, дачакаліся, што нават тыя, якія падрыхтавалі свае працы, каб нешта сказаць, ня змогуць гэта зрабіць. Усё гэта вельмі дзіўна выглядае, настолькі штучна, што гэта, пэўна, дапаможа шмат каму яшчэ больш крытычна паглядзець на ўсё».

Паводле яшчэ аднаго дасьледчыка гісторыі Другой усясьветнай вайны, гісторыка Алега Гардзіенкі, дагэтуль Расея ішла паперадзе Беларусі ў сваёй адкрытасьці на гістарычную праўду аб рэпрэсіўных рэжымах мінулых гадоў. Заканадаўчая ініцыятыва аб магчымай крымінальнай адказнасьці за навуковыя дасьледаваньні не адпавядае запатрабаваньням цяперашняга часу, кажа Алег Гардзіенка:

«Ёсьць рэчы, якія зразумела, што не павінны абмяркоўвацца. Тое, што нацызм — абсалютнае зло, — усім вядома, ніхто ж гэтага ня ставіць пад сумнеў. Але семдзесят гадоў прайшло, ужо даўно ўсе памірыліся, Нямеччына — адна з дэмакратычных краінаў сьвету. Таму трэба спадзявацца, што ў Расеі знойдуцца людзі, якія зробяць адпаведную рэвізію гэтага законапраекту».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG