Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і карупцыя — змаганьне супраць самога сябе


Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін
Аляксандар Лукашэнка 14 чэрвеня на нарадзе па праблемах будаўнічай галіны заявіў, што менскі гарвыканкам ці ня цалкам складаецца з карупцыянэраў. Ці сапраўды ўлада распачала новую хвалю барацьбы з карупцыяй, наколькі пасьпяховай можа быць гэтая кампанія? Ці можна сказаць, што Аляксандар Лукашэнка зноў, як і ў 1994-м годзе, зарабляе сабе палітычныя пункты на тэме барацьбы з карупцыяй? На гэтыя пытаньні адказвае старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.

— Ці можна сказаць, што Лукашэнка набірае палітычныя дывідэнды такімі заявамі, ці проста ўзровень карупцыі настолькі вырас, што яго ўжо нельга не заўважаць кіраўніку дзяржавы?

— Карупцыянэраў апошнім часам знаходзяць даволі масава. Гэта той рэдкі выпадак, калі я якраз згодны з Лукашэнкам, што карупцыянэраў у Менгарвыканкаме вельмі шмат, асабліва ў галіне будаўніцтва. Але ж, шчыра кажучы, карупцыянэраў хапае і ў міністэрствах, і нават у Адміністрацыі прэзыдэнта.

Але, я думаю, Лукашэнка ня вельмі шчыры, калі кажа, што хоча перамагчы карупцыю. Калі б ён сапраўды гэтага хацеў, то мусіў бы пачынаць з самога верху. Тыя карупцыянэры, якіх ён нібыта выкараняе, — гэта ж ягоныя прызначэнцы. У нас існуе вэртыкаль улады, і самы галоўны кіраўнік знаходзіцца зьверху, і менавіта ён прызначае нават сярэдніх чыноўнікаў.

— Лукашэнка заўсёды даволі добра адчувае, на якія тэмы найлепш рэагуюць «шырокія народныя масы». Карупцыя, асабліва ў будаўніцтве, — адна з такіх выйгрышных тэмаў? Ці можна сказаць, што кіраўнік дзяржавы фактычна пачаў ужо сваю перадвыбарчую кампанію?

— Так, Лукашэнка ўсё часьцей уздымае тэму карупцыі і спрабуе вярнуцца да сваіх вытокаў, да 1993–94 гадоў, калі ён на хвалі барацьбы з карупцыяй і стаў прэзыдэнтам. Але калі тады ён змагаўся зь нейкай сыстэмай, супраць Кебіча, то цяпер ён вымушаны змагацца супраць самога сябе.

Бо цяперашнюю сыстэму стварыў сам Лукашэнка, менавіта ён стварыў умовы, каб карупцыя ў Беларусі квітнела. Сваім вялікім дзяржаўным кіраваньнем эканомікай, імкненьнем кіраваць усім Лукашэнка ўтварыў такую сыстэму, зь якой ён цяпер вымушаны змагацца — ці рабіць выгляд, што ён зь ёй змагаецца.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG