Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт. Хто прыдумаў дэспата


На сайце інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» надрукаваны вельмі цікавы артыкул Вольгі Цімохінай «Давайце прыдумаем дэспата, альбо Як мы творым Лукашэнку». Цяжка спрачацца з асноўнай тэзай публікацыі, што галоўная прычына тых праблем, якія перажывае Беларусь, — не ў Лукашэнку, а ў грамадзтве. Што дзейны кіраўнік — толькі люстэрка масавай сьвядомасьці. Прычым большая частка артыкула прысьвечаная тым дыскурсам, якія маюць месца ў асяродзьдзі палітычных апанэнтаў Лукашэнкі. На думку аўтаркі, менавіта памылковыя ідэі і меркаваньні людзей, якія не прымаюць цяперашняга ўладара краіны, адштурхоўваюць ад іх абывацеля. В.Цімохіна даволі ўдала паказвае недарэчнасьць шмат якіх выказваньняў крытыкаў рэжыму. І прыходзіць да высновы, што такім чынам апанэнты Лукашэнкі самі яго «твораць» ці «прыдумляюць дэспата».

Пасьля першага прачытаньня артыкула, разам з інтэлектуальным задавальненьнем ад трапных назіраньняў, засталося нейкае не да канца ўсьвядомленае адчуваньне нязгоды. Давялося прачытаць яшчэ раз. Унутранае пярэчаньне зрабілася больш выкрышталізаваным і сфармуляваным.

Мой галоўны папрок аўтарцы палягае ў тым, што яна зьмяшала ў адну кучу розныя рэчы. Усё беларускае незалежнае грамадзтва, якое жыве сваім жыцьцём большай часткай у інтэрнэце, В. Цімохіна назвала «дэмакратычным лягерам» і супрацьпаставіла яго іншай частцы насельніцтва, абывацелю, які адначасова зьяўляецца выбаршчыкам. І задае пытаньне:

«Чаму ж, старанна падтрымліваючы гэтыя інфантыльныя, касмыкаватыя погляды ў мазгах абывацеля, некаторыя (даволі шматлікія) прадстаўнікі „дэмлягера“ спадзяюцца на яго пасьлядоўнасьць у выбары дэмакратычных каштоўнасьцяў? Або яны думаюць — каб прыйсьці да ўлады, усе сродкі добрыя, „піпл глытае гэта“, і мы яму даем, што ён глытае?.. Вы думаеце, што такім чынам знаходзіце свайго выбаршчыка? Нічога падобнага».

І робіць выснову:

«Іінфантыльны постмадэрнісцкі „антытаталітарызм“ падагравае рэжым Лукашэнкі. Бо ў часткі ня самых дурных — наадварот, у досыць разумных людзей узьнікае ўстойлівае адчуваньне, што патрэбна цьвёрдая рука. Інфантылам патрэбны кантроль... Лукашэнка — ён, акрамя іншых, мае і наступны плюс: зьяўляецца гарантам таго, што да ўлады ня прыйдзе апазыцыя».

Справа ў тым, што незалежнае грамадзтва — ня гета, як лічыць аўтарка, а даволі шырокі і, галоўнае, разнамасны канглямэрат людзей, арганізацыяў, структураў. Гэта мадэль таго грамадзтва, якое існуе ў Эўропе. Яно падзеленае па інтарэсах, каштоўнасьцях, ідэалёгіях. Там пануе поўны плюралізм з усім наборам разумных і дурных выказваньняў і дзеяньняў. Нельга неяк прымусіць ці заклікаць гэтую масу казаць толькі «правільныя рэчы». Таму ня можа існаваць нейкага адзінага «дэмлягера», які нібыта апэлюе да электарату. І атаясамліваць усю гэтую супольнасьць, якая вядзе рэй у інтэрнэце, з палітычнай апазыцыяй ня варта. Яна не змагаецца за ўладу. Лідэры апазыцыі ня могуць адказваць за нейкія неразумныя, на думку аўтара, цьверджаньні блогера.

І яшчэ адзін цікавы момант. Аўтарка так ацэньвае людзей, якія галасуюць за Лукашэнку:

«Пытаньне даверу і ня ставіцца: Лукашэнка проста ёсьць. Як надвор’е. Ці можна давяраць надвор’ю? У людзей існуе старажытная несьвядомая тактыка ўзаемадзеяньня з надвор’ем. Калі ідзе дождж — бяруць парасон... Немаладая жанчына, якая жыве ў правінцыі і рацыянальна бачыць сытуацыю ў краіне, ідзе галасаваць за дзейнага цяпер кіраўніка, кажучы: «Усё роўна ж яго абяруць». Тым жа матывуецца вялікая частка краіны. Гэта не паслушэнства і не безнадзейнасьць. Хутчэй, максыма: «трэ жыць, як набяжыць», унутраная «зьверка тактык» з тымі людзьмі, побач зь якімі яна жыве, а да яе жылі бацькі і дзяды.

Гэтае даволі трапнае назіраньне над беларускай рэальнасьцю было апісана яшчэ Максам Вэбэрам і названа «традыцыйнай легітымнасьцю». Але як жа тады патлумачыць «народную рэвалюцыю імя Аляксандра Лукашэнкі» 1994 году? Чаму ж тады насельніцтва не ўспрымала дзейную ўладу як надвор’е? Усе ж дзяржаўныя інстытуты настойліва падказвалі электарату, за каго трэба галасаваць (за Вячаслава Кебіча, калі хто забыў). Аднак абывацель не паслухаўся і прагаласаваў за іншага.

Грамадзкія працэсы — рэч вельмі складаная. Іх нельга спрашчаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG