Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кітайцы цікавяцца беларускімі сродкамі перахопу тэлефонных размоў»


Паводле былога супрацоўніка ЦРУ Эдварда Сноўдэна, спэцслужбы гэтай краіны выкарыстоўваюць сакрэтную праграму сачэньня за карыстальнікамі мабільнай сувязі і інтэрнэту. Грамадзкасьць у ЗША загаварыла пра небясьпеку татальнага праслухоўваньня грамадзянаў спэцслужбамі. А што ў Беларусі? У якой ступені мабільная сувязь у краіне — памочнік беларускіх спэцслужбаў?

Найперш я паспрабаваў высьветліць: ці праслухоўваюць беларускія спэцслужбы ўсе размовы, якія мы вядзем праз мабільныя тэлефоны? Былы супрацоўнік вайсковай выведкі КДБ Беларусі Сяргей Аніська перакананы, што пра татальнае праслухоўваньне гаворка не ідзе ні ў ЗША, ні ў Беларусі:

«Нават амэрыканскі бюджэт наўрад ці пацягнуў бы такія выдаткі, як пагалоўнае праслухоўваньне ўсіх амэрыканцаў. Гэта нерэальна. Ня ведаю, чаму гэты амэрыканец сказаў такое. Магчыма, каб неяк абяліць свае справы. У любой краіне, у тым ліку ў Беларусі, праслухоўваньне ўсіх і кожнага — гэта вельмі дорага і практычна немагчыма. Усё робіцца выбарачна, кропкава. Іншая рэч — у межах закону ці не. Гэта — іншая гаворка».

Карэспандэнт: «А ці магчыма, што закладзеныя праграмы, якія настроеныя на пэўныя словы, і калі такія словы часта ўжываюцца, то ўключаецца праслухоўваньне?»

«Так, чуў пра такія праграмы. Прыкладам, што рэагуе на словы „выбух“, „міна“, „прэзыдэнт“… І што тады аўтаматычна ўключаецца гэтая сыстэма. Магчыма такое? Магчыма. Прыкладам, у скайпе. Але тэлефонныя лініі ў маштабах дзяржавы гэтак кантраляваць — гэта немагчыма. Нават гаварыць пра гэта сьмешна».
Праслухоўваньне ўсіх і кожнага — гэта вельмі дорага і практычна немагчыма

Пры гэтым Сяргей Аніська заўважыў, што не працаваў у якасьці тэхнічнага спэцыяліста і таму ня можа дакладна ацаніць тэхнічны бок праблемы.

Знаёмыя супрацоўнікі тэлефонных кампаніяў МТС і Velkom, да якіх я зьвярнуўся з пытаньнем пра магчымасьць праслухоўваньня ўсіх размоў па мабільнай сувязі, казалі пра цяжкасьці з захоўваньнем такога вялікага аб’ёму інфармацыі. «Гэта звышдорага і незаконна», — адказаў супрацоўнік МТС, які прасіў яго не называць. Паводле майго кансультанта, усе апэратары мабільнай сувязі абавязаныя даваць зьвесткі пра званкі на замову праваахоўных органаў, і яны паслухмяна выконваюць гэтыя загады. Але што да апэратыўнага праслухоўваньня тэлефонаў, то гэта робяць толькі спэцслужбы, якія маюць дзеля гэтага тэхнічныя магчымасьці.

Звычайна праслухоўваньне мабільнага тэлефона робіцца праз праграму, якая пэўным спосабам заносіцца ў мабільнік. У інтэрнэце поўна інфармацыі пра прыкметы таго, што ў вашым тэлефоне працуе такая праграма, якая забясьпечвае інфармацыяй ня толькі вас. «Тэлефон не працаваў, але акумулятар награваецца», «нядаўна зарадкі хапала на тры дні, а тут разрадзіўся за гадзіну», «затрымка пры выключэньні», «самаўключэньне падсьветкі» ды іншае. Але інтэрнэт прапаноўвае таксама падумаць над пытаньнем: а хто можа вас праслухоўваць, калі вы не вядомы апазыцыянэр? Магчыма, гэта не спэцслужба, не раўнівая жонка і не канкурэнт ў бізнэсе, а проста ваш тэлефон сапсаваўся.

Загадчык катэдры абароны інфармацыі БДУІР Леанід Лынькоў кажа, што ніколі не задумваецца, ці праслухоўваецца ягоны мабільны тэлефон. «Мне няма чаго хаваць. А калі захочуць праслухаць, я ведаю, што заўсёды праслухаюць», — кажа спадар Лынькоў. Праслухоўваньне тэлефонаў спадар Лынькоў называе адмысловым словам «перахоп», але сакрэты гэтага перахопу ад яго атрымаць не ўдалося.
Мне няма чаго хаваць. А калі захочуць праслухаць, я ведаю, што заўсёды праслухаюць

«Ніхто вам гэтага не патлумачыць, бо мы гэтага не чытаем і не расказваем. Мы расказваем на адкрытых курсах толькі тую інфармацыю, якая ёсьць у адкрытым друку. А што закрыта, пра тое мы ня ведаем, бо ў нас няма адпаведнага допуску».

Паводле Леаніда Лынькова, размовы пра тое, што Беларусь закупіла ў Кітаі праграмы, якія рэагуюць на пэўныя словы ў тэлефоннай размове і ўключаецца запіс, не адпавядаюць рэчаіснасьці. «Кітай менш прасунуты ў гэтай справе, ён у нас спрабуе нешта набыць і гэтак далей», — сказаў Леанід Лынькоў.

Паводле былога кандыдата на прэзыдэнта Віталя Рымашэўскага, мабільная сувязь у Беларусі дапоўніла такія традыцыйныя сродкі кантролю за апазыцыяй, як вонкавае сачэньне, прагляд пошты, інфармацыя агентаў. Віталь Рымашэўскі кажа, што праз мабільныя тэлефоны ня толькі праслухоўваюць размовы, але і бесьперапынна сочаць за тым, дзе хто знаходзіцца:

«Жыву з трывалым разуменьнем таго, што могуць запісваць на аўдыё, відэа. І гэта паўсюль: дзе ты жывеш, дзе сустракаесься зь людзьмі, у кавярнях, у публічных месцах. І гэта ў Беларусі ня толькі спосаб кантролю, але і спосаб ціску».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG